Стрымінгавая кампанія Netflix выправіла паведамленне аб персанажах свайго серыялу «Вікінг» пра часы Кіеўскай Русі – пра гэта ў сваім тэлеграм-канале напісаў міністр культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны Аляксандр Ткачэнка.
Нядаўна афіцыйны акаўнт серыяла «Вікінгі: Валгалла» на Netflix абвясціў герояў другога сезону шоу. Сярод іх — кіеўскі князь Яраслаў Мудры, які раптам стаў «каралём» і «ўладаром Паўночнай Расіі», што выклікала абурэнне ў сацыяльных сетках.
Яраслаў Мудры быў вялікім князем кіеўскім у 1019-1054 гадах. Таксама ў розныя гады ён быў князем растоўскім і наўгародскім, бо гэтыя тэрыторыі ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі.
Частка карыстальнікаў сацсетак нагадала ў каментарах, што ў кіраванне Яраслава Мудрага ні Расіі, ні Масквы не існавала.
«З сітуацыі, якая склалася з Netflix, калі нашу Русь (спадзяюся, што выпадкова і ненаўмысна) зблыталі з Расіяй, а нашага Яраслава Мудрага зрабілі князем земляў Паўночнай Расіі, ёсць дзве высновы: 1. Маем яшчэ шмат працы ў адукаванні міжнароднай аўдыторыі ў нашай гісторыі; 2. Цесныя кантакты з партнёрамі дапамагаюць вырашыць сітуацыю амаль імгненна», — напісаў міністр у тэлеграм-канале.
Ткачэнка падзякаваў кампаніі ды яе рэгіянальнаму дырэктару Алексу Лонгу.