Новы праект па нашумелай кнізе Сяргея Лескеця «Шэпт» — пра беларускіх знахарак, шаптух і траўніц — анансаваў рэжысёр-«купалавец» Раман Падаляка. Чытка тэатральнага эскіза адбудзецца 26 лістапада ў Штутгарце і ў анлайн-фармаце на канале «Купалаўцаў».
— Яшчэ некалькі месяцаў таму я не ведаў пра гэту кнігу, але вось «заварылася каша», і мы працуем над праектам «Шэпт», — распавёў падрабязнасці сваёй сустрэчы з вядомым фікшн-творам беларускага фатографа і журналіста Раман Падаляка. — У кнізе мне спадабалася ўнутраная энергетыка, гісторыя гэтых людзей. [«Шэпт»] — гэта антрапалагічнае даследаванне, якое адбывалася на працягу дзесяці год, і Сяргей Лескець сустракаўся з апошнімі людзьмі прасторы міфа.
Раман Падаляка таксама дадаў, што пяць гадоў таму ён хацеў зрабіць праект пад такой жа назваю. Але ідэя рэжысёра была іншай — яго цікавілі моманты, калі людзі ў сваім жыцці выкарыстоўваюць шэпт.
— Гэта могуць быць казкі, замовы, нейкія таямнічыя словы, якія [людзі] хочуць сказаць адно аднаму. І вось шэпт і «Шэпт» сустрэліся, — падсумоўвае аўтар «купалаўскіх» пастановак «Радзіва «Прудок», «Я», «Войцэк».
Раман Падаляка падкрэслівае, што пакуль ідзе гаворка пра эскіз будучага спектакля. Але ўжо вядомая дата будучай чыткі п’есы паводле кнігі — 26 лістапада, і год ажыццяўлення пастаноўкі — 2023.
Спектакль ствараецца ў межах сумеснага праекта беларуска-нямецкай асацыяцыі KuB. Kulturverein Belarus e V з «Купалаўцамі» — “Kupalaucy: Kuo Vadis?”.
Kulturverein Belarus e.V. — гэта пляцоўка, якая стварае прастору для культурных, сацыяльных і грамадскіх ініцыятываў, аб’яднаных адным — Беларуссю. А свой праект “Kupalaucy: Kuo Vadis?” беларускія артысты апісваюць так: «Мы абралі сучасныя творы беларускіх аўтараў і аўтарак — Сяргей Лескець, Ганна Златкоўская, Аляксандр Чарнуха. І запрасілі да супрацы сучасных беларускіх рэжысёрак і рэжысераў — Рамана Падаляку, Andrei Savastei, Марыну Міхальчук«.
Першая лабараторыя ў межах “Kupalaucy: Kuo Vadis?” пройдзе з 30 верасня па 7 кастрычніка ў Мангайме, Людвігсгафэне і Штутгарце. Менавіта ў Штутгарце і адбудзецца чытка паводле «Шэпту» Сяргея Лескеця.
Падрабязнасці пра будучы спектакль і іншыя тэатральныя праекты паводле твораў беларускіх аўтараў мусяць хутка з’явіцца ў сацсетках незалежнай тэатральнай трупы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: