«Замовы ў час вайны былі распаўсюджанай з’явай»: Сяргей Лескець пра беларускіх знахарак, магію слова і традыцыю, якая знікае

Главное
Сяргей Лескець. Фота Reform.by.

На гэтым тыдні ў мінскіх кнігарнях з’явілася доўгачаканае выданне фатографа Сяргея Лескеця «Шэпт», надрукаванае ініцыятывай Вільма ў выдаўца Рамана Цымберава. «Шэпт» — гэта гісторыя аднаго неверагоднага пражэкта — падарожжа фатографа ў свет беларускіх знахарак, бабулек-шаптух, траўніц. Падарожжа, якое заняло дзевяць гадоў, ды, напэўна, яшчэ працягнецца.

Дзевяць гадоў таму Сяргей Лескець распачаў пражэкт мары — фатограф хацеў зрабіць серыю партрэтаў беларускіх знахарак. Дзіўная рэч, але шлях да мэты аказаўся куды пракручасцей і цікавей, чым чакалася. Бо каб заваяваць давер гераінь, фатографу спатрэбіліся ў пэўным сэнсе час ды ўдача.

«Ведаеш, як нарадзілася ідэя гэтай кнігі? — прызнаецца Сяргей Лескець. — Калі я працаваў над фотапраектам, я вырашыў паспрабаваць сабраць сродкі на яго на краўдфандынгавай платформе. Сеў, каб напісаць прадмову, — і «намалаціў» 60 тысяч знакаў (смяецца). І зразумеў, што не хачу спыняцца».

"Замовы ў час вайны былі распаўсюджанай з'явай": Сяргей Лескець пра беларускіх знахарак, магію слова і традыцыю, якая знікае
Крыніца фота: facebook.com/whisperleskiec.

І вось я трымаю ў руках гэта выданне памерам больш за трыста старонак. Фотаальбом? Ніяк не. Але жывы нон-фікшн, што можна «праглынуць» літаральна за ноч: у ім мігацеюць лёсы незвычайных звычайных жанчын, носьбітаў традыцыі ды магічнага слова; у ім гучаць старажытныя замовы на розных гаворках беларускай мовы.

Кніга распачынаецца ўступам Сяргея, у якім ён прызнаецца, што і па сёння шукае адказ, што ён хоча сказаць сваім творам. Але варта адзначыць адно: тое, што пачыналася як пражэкт мары, амаль авантура, паступова набыло абрысы паўнавартаснага праекта. І аўтар, які напачатку хацеў узяць, здаецца, няшмат — толькі аблічча знахарак, паглыбляецца ў тэму ўсё больш, пераўтвараючыся ў даследчыка ды антраполага. Бо аблічча чалавека — гэта насамрэч значна больш, чым падаецца.

«Шэпт» нарадзіўся ў выніку як падсумаванне ўбачанага і пачутага — бэкстэйдж па-за здымкамі, які пераўтварыўся ў асобны досвед і нават спадчыну.

Гэта кніжка — пра тое, як тэма перамагла аўтара, прымусіўшы пашырыць яе прастору ды ўвасабленне.

Так колькі бабулек-шаптух сустрэў Сяргей Лескець за часы свайго падарожжа? Як бачаць чалавечае цела знахаркі? Да каго яны звяртаюцца ў сваіх замовах? І ці ёсць замовы супраць вайны? У інтэрв’ю Reform.by пра кніжку, у якой, дарэчы, можна пабачыць і выдатныя фотапартрэты гераінь, Сяргей Лескець толькі трошкі раскрывае тое, з кім і чым яму ўдалося сустрэцца за апошнія дзевяць год.

"Замовы ў час вайны былі распаўсюджанай з'явай": Сяргей Лескець пра беларускіх знахарак, магію слова і традыцыю, якая знікае
Сяргей Лескець. Крыніца фота: facebook.com/whisperleskiec.

«Усе знакавыя людзі»

Сяргей, так колькі знахарак ты сустрэў падчас працы над праектам?

— Зараз цяжка сказаць. Усё ж як пачыналася? Як праект мары. Думалася, ці ўдасца адшукаць хоць каго-небудзь, хто ўмее лячыць замовамі. А потым, калі справа пайшла, ужо ходзіш, выбіраеш, каб чалавек чымсьці адметны быў, непаўторны, цікавы.

Колькі ў цябе гераінь у кніжцы?

— Каля 20. Вось праўда, не лічыў. Я выходзіў на знахарак праз праваднікоў. Ездзіў на рэпартажы па Беларусі і распавядаў знаёмым, што цікаўлюся такой тэмай. Мне давалі кантакты, і так я знаходзіў бабулек.

Ведаеш, у кніжцы ў мяне там ёсць аддзел «Зося і сем імён». У ім я акурат і распавядаю, як прыехаў у адну вёсачку на Лунінеччыне. Мне напісалі кантакты ажно восем жанчын. Але перш, чым да іх ісці, я патрапіў да адной бабулькі, бабы Зосі. Памятаю, што не спаўшы быў, галава страшна трышчэла. А бабулька і кажа: «Ой, давай я цябе палячу». Штосьці там пашаптала, і слухай — я нібыта ў космас паляцеў. Мне так лёгка стала! Класна! І неяк пайшла ў нас гутарка. Яна і пра сваё жыццё мне распавяла, і пра тое, як лячыць, і замова ейная на дыктафон запісалася. Я выйшаў ад яе і зразумеў, што да астатніх ужо не пайду. Бо я ўнутрана адчуў, што сустрэў, каго хацеў.

Так што ў кніжцы ў мяне не шмат бабулек, але гэта ўсё знакавыя людзі.

"Замовы ў час вайны былі распаўсюджанай з'явай": Сяргей Лескець пра беларускіх знахарак, магію слова і традыцыю, якая знікае
Баба Зося. Фота Сяргея Лескеця. Крыніца фота: facebook.com/Leskiec.

«Сядаў у цягнік і ехаў»

Ты, напэўна, да старэйшых знахарак ішоў?

— Так. Бо 90-гадовая бабулька, вядома, нашмат больш ведае, чым, скажам, 60-гадовая. У яе часта і больш традыцыйнае мысленне, і замовы больш старажытныя, яна шмат пабачыла на свеце. Бо з маладзейшымі — я зараз пра 60-гадовых кажу — і такое бывае: прыходзіш, а яна між іншым глядзіць «Бойкі экстрасэнсаў» (смяецца).

Колькі раёнаў зачапіў?

— Зараз і не ўспомню. Статыстыку не вёў, але Палессе, вядома, Астравеччына, Шаркаўшчына, Лунінеччына, Докшыччына, Смаргоншчына, нават Падляшша… Беларусь абкатвалі за год па пяць разоў кругамі якімі-небудзь. З літоўскім фатографам Рамуальдам Вінчам — яго цікавяць людзі вёскі, зямлі — шмат былі на памежжы з Літвой. Нагадаю, што я ж рабіў праект за ўласны кошт, таму мне прыходзілася часта дамаўляцца з кімсьці, каб выехаць. Але, вядома, ездзіў і самастойна, калі былі магчымасці. Хтосьці распавядаў мне пра вядомую ім знахарку — і я сядаў у цягнік і ехаў.

«Прывязеш «Кагорчыку» на Вялікдзень»

Ці была ў цябе нейкая метода, каб увайсці ў давер да бабулек? Усё ж такі, кажуць, што знахаркі не кожнага да сябе падпускаюць.

— Ведаеш, першая мая сустрэча — гэта быў, лічы, правал (смяецца). Была і дамоўленасць, і прыйшоў у назначаны час — а нічога не атрымалася. Бо да бабулькі прыехалі людзі замаўляць — лячыцца. Сустрэча, карацей, правалілася. Я па першасці падумаў, што ўсё, відаць, не маё гэта.

А потым праз нейкі час сустрэў бабку Алену. І гэта бабуля не тое, што пусціла ў хату, а адкрылася мне. Пусціла паглядзець і як гэта ўсё лечыцца, пачала тлумачыць, павучаць, расказваць. Проста як чалавек, з якім яна магла б пагаварыць. І разумееш, для мяне гэта сталася такой кшталту ініцыяцыі. Пабачыўшы ўсё тут, мне ўжо ў іншых хатах не было чаго баяцца, чаму здзіўляцца.

І мы не тое, што пагутарылі, а пасябравалі. І я ездзіў да яе потым восем гадоў. Пакуль сваякі не забралі бабулю ў горад, бо яна зусім слабенькая стала…

"Замовы ў час вайны былі распаўсюджанай з'явай": Сяргей Лескець пра беларускіх знахарак, магію слова і традыцыю, якая знікае
Баба Алена. Фота Сярей Лескеця. Крыніца фота: facebook.com/Leskiec.

Але як ты размову пачынаў? З пытанняў?

— Ну, так. Як вы лечыце, якія хваробы, хто навучыў… Пагаварылі трошкі, тады прашу сфатаграфаваць. Калі кантакт адбыўся, то потым і другі, і трэці раз прыедзеш.

Да гэтых людзей, ведаеш, заўсёды едуць са сваімі праблемамі — выплакацца, выгаварыцца пра боль свой. Але атрымалі паратунак — і да пабачэння. А тут — нейкі дзівак з вялікай торбай. З камерай. «А як вы там пажываеце? А дзе там і што?» Можа, гэта, у пэўным сэнсе, і псіхалагічны ход, але бабулькам хочацца пагаварыць, расказаць пра сябе. Гэта, відаць, і дапамагала мне, што вось пагаманілі класна, а потым і сяброўства завязалася.

Ды, прызнацца, у гэтым была і значная трагедыя, што гераіні станавіліся маімі сяброўкамі. Зараз я разумею. Стасуешся, прывязваешся да людзей. Потым патэлефануеш калі-некалі. Затым ужо і пачастункаў нейкіх прывязеш, «Кагорчыку» на Вялікдзень. Ты ўжо як свой. А пасля даведваешся, што тры-чатыры чалавекі, з якімі ты камунікаваў, за зіму адышлі. І рукі апускаюцца. І ў блакноце спіс, здаецца, яшчэ не вычарпаны — можна ехаць далей, але для цябе пошукі на час перапыняюцца. Не хочацца ні здымаць, ні рабіць анічога. Год маўчыш, думаеш, перажываеш. Штосьці не давёз, не дарабіў, не дагаварылі…

Таму кніга так доўга і пісалася.

Дзевяць год — гэта вялікі тэрмін, сапраўды. Шмат людзей можа сысці.

— Ведаеш, пакуль пісаў «Шэпт», толькі адна-дзве бабулькі засталіся жывыя. Не хацелася б усе гісторыі так заканчваць. Але такая сітуацыя.

"Замовы ў час вайны былі распаўсюджанай з'явай": Сяргей Лескець пра беларускіх знахарак, магію слова і традыцыю, якая знікае
Баба Каця. Фота Сяргея Лескеця. Крыніца фота: facebook.com/Leskiec.

«Добры чалавек павінен быць»

А ці ёсць каму перадаць веды знахаркам? Наколькі сёння гэта сыходзячая культура?

— Па вялікім рахунку, сыходзіць. 80-90 адсоткам жанчын, з кім сустракаўся, было няма каму перадаць веды. Таму яны і былі са мной адкрытыя, гаваркія, бо часцей за ўсё сваякі параз’язджаліся, паўміралі. Ды яшчэ не кожнаму можна.

А каму можна?

— Добры чалавек павінен быць. Ды і пэўныя здольнасці — дар, як кажуць. Таму і атрымоўвалася, што яны і чужых людзей шукалі.

Табе прапаноўвалі перадаць веды?

— І было гэта, і не было — так можна сказаць. З такім афіцыйным пасвячэннем — не было. Але бабулькі цалкам расказвалі свае методыкі, дзяліліся — якую хваробу як і чым лячыць. Я глядзеў на гэта, па-першае, з такой антрапалагічнай цікавасцю, але праз месяц-другі прыехаў, а адна бабулька кажа: «Вось вучыла таго, як і цябе». «Каго вучылі? Ну, думаю, забаўна».

Прызнацца, я не адмаўляўся, каб мне што паказвалі. У мяне была дамоўленасць з навукоўцамі, што ўсё гэта вельмі важна. Калі ў мяне ёсць харызма, падыход да гэтых людзей, то варта ўсё фіксаваць. Таму зараз і назбіраў гігабайты запісаў за час вандровак.

Па-другое, ведаеш, ты праходзіш пасвячэнне гэтым праектам. Сустракаешся з аднымі людзьмі, з другімі, да нечага трэба самому дасталець, набыць нейкія веды, знаёмствы. Так паступова і набрыняеш тэмай.

"Замовы ў час вайны былі распаўсюджанай з'явай": Сяргей Лескець пра беларускіх знахарак, магію слова і традыцыю, якая знікае
Баба Ванда. Фота Сяргея Лескеця. Крыніца фота: facebook.com/Leskiec.

«Міфалагічнае разуменне чалавечага цела»

Распавядзі, калі ласка, а як лечаць знахаркі? Якія хваробы яны могуць лячыць і якія не могуць? Стагоддзі мінаюць — можа, і хваробы змяняюцца?

— Так, у мяне было такое пытанне. Я пытаўся ў бабулек 1930-га — 1940-га года нараджэння пра тое, што яны не могуць лячыць. І яны мне адказалі: «чорная хвароба». Гэта рак. Да іх людзі прыходзяць з просьбамі, запытамі, а яны разводзяць рукамі: «Палегчыць можам, але лячыць — не».
Тут трэба разумець, што ў бабулек-знахарак, шаптух такое міфалагічнае разуменне чалавечага цела. Звычайна яны лечаць толькі пяць-шэсць груп хваробаў.

Гэта якія?

— Скажам, падвей. Шаптухі лічаць, што гэта такі злы, халодны вецер, які напаскудзіў чалавеку. Рэўматызм, застужаная, пацягнутая спіна, шыя, пазванкі — гэта ўсё выхадкі падвею. І вось яны лечаць падвей замовамі.

Потым залатнік. Я бы апісаў гэта — хваробы СКТ, грыжа. У разуменні ж знахарак ёсць такі цэнтр у чалавечым арганізме, які знаходзіцца ўнутры пупа — ён завецца залатнік. Калі чалавек падрываецца, ці нейкія пашкоджанні адбываюцца ўнутраных органаў, то залатнік трэба ўправіць на свае месца.

Як? Масажам. Масажыруюць жывот пакуль нешта не шчоўкне — гэта значыць, што залатнік стаў на свае месца. З медыцынскага пункту гледжання, вядома, болі ў жываце па-рознаму трактуюцца, але, паўтаруся, што ў знахарак зусім іншае ўспрыяцце чалавечага цела.

Гэта я апісваю толькі частку хвароб.

Скажам, ёсць некаторыя рэчы, якія лечацца, здаецца, ну зусім банальнымі рэчамі. Той жа лішай — «подыхам хаты». Гэта звычайных кандэнсат на вакне. Трэба сабраць тую ваду і памазаць ёй плямы, вузелкі на скуры. То-бок дыстыляванай вадой лечыцца інфекцыйная хвароба. Падаецца — глупства! Але хвароба лечыцца і вылечваецца. Плюс, вядома, да гэтай вады дадаецца замоўленае слова.

Туды ж і рожастыя пухліны. Таксама інфекцыйная хвароба. На пухліну кладуць чырвоную тканіну, над ёй спальваюць кудзелю, замоўленае слова — і ўсё. Ніякага дачынення да антыбіётыкаў гэты працэс не мае, але неяк лечыцца.

Ад спуду, калі дзіця, чалавек спужаўся, лечаць. Тут усё зразумела.

Крыксы-плаксы загаворваюць. Крыксы-плаксы — гэта калі немаўля крычыць і ніяк не можа супакоіцца.

"Замовы ў час вайны былі распаўсюджанай з'явай": Сяргей Лескець пра беларускіх знахарак, магію слова і традыцыю, якая знікае
Фота з праекта Сяргея Лескеця. Крыніца фота: facebook.com/Leskiec.

Вельмі цікава. А каронавірус? Што кажуць шаптухі пра гэту хваробу?

— Шчыра кажучы, калі пачалася эпідэмія, я перастаў ездзіць па вёсках. Мала ці што. Я сам не хварэў, але мог быць пераносчыкам.

Але тэлефанаваў, і мы гаманілі з адной бабулькай. Памятаю, яна мяне спытала: «Як тым там? Чумкай гэтай хварэеш?» То-бок яна называла каронавірус «чумкай».

«Звярталіся да Божай Маці…»

Ці ўдалося табе, Сяргей, адчуць магію слова?

— Так. І ў кніжцы ёсць раздзел, дзе я гэта апісваю. Пры мне адна бабулька малітвай разагнала хмары. Хочаш — вер, хочаш — не вер. Але са мной у той час адбыліся рэчы, якія я фізіялагічна адчуў нейкімі іншым чынам. Таму так, было.

Якая самая незвычайная замова, якую ты чуў?

— Самая незвычайная ўсё ж такі была ад раку. Яна мусіць чытацца на адным дыханні, не дыхаючы. Набраў паветра і «малоціш». Спачатку «счыталачка» такая, а пасля ідзе замова.

«Чорны чалавек, чорны лес, чорная шапка, чорная рубаха, чорныя нагавіцы, рубіў чорным тапаром чорнае дрэва, чорнае аскепкі ляцелі…». (Тут і далей Сяргей Лескець чытае ўрыўкі з замоў, імправізуе — Reform.by).

"Замовы ў час вайны былі распаўсюджанай з'явай": Сяргей Лескець пра беларускіх знахарак, магію слова і традыцыю, якая знікае
Сяргей Лескець за працай. Крыніца фота: facebook.com/whisperleskiec.

— Да каго звычайна звяртаюцца знахаркі, шаптухі ў замовах? Да якіх сіл?

— Звычайна да Божай Маці, Ісуса, калі мы кажам пра замовы больш познія, бліжэйшыя да нашага часу. Але я бы сказаў, што звычайна прастора замовы — гэта такі сінкрэтызм. Хрысціянскія малітвы могуць чаргавацца з народнымі замовамі.

Гэта як?

— Глядзі, пачынацца замова можа так: «Святая Богуродзічка, стань на помач, усе святыя, услышця маю малітву…».

А потым: «Вадзіца-царыца, чыстая дзявіца, Божая памашніца, — гэта знахарака замаўляе ваду. — Ляціць з вастока, вымывае ўсе балезнечкі, іспугі-нервачкі і ўрокі…».

А пасля можа быць зноў устаўка: «Ішла Божая маці басяком, згубіла ключык, ключык зваліўся, замочак закрыўся, стаў кроў і сэрцаўка на месца, каб нічога не балела, не рыпела…»

То-бок тут ідзе спалучэнне двух вераванняў, рэлігій. Я бы сказаў, што замоўныя формулы — яны навукова пралічаны. Гэта вялікая тэма, якая патрабуе асобнага даследавання. І прызнацца, калі мне не было да каго ехаць, скажам, узімку, я чытаў тыя замовы з цікаўнасцю.

Ды ўсё ж не ставіў сабе за мэту вывучыць іх. Хутчэй — гэтай быў мой спосаб пазнаёміцца з гаспадыняй. Ды зразумець — як варта было б яе сфатаграфаваць.

І ты зусім не звяртаў увагі на тое, што яны казалі?

— Вядома, звяртаў. Звычайна ў бабулек ёсць свае кніжкі, сшыткі з замовамі. Але я адмыслова прасіў іх прачытаць тое, што яны лічыць святым, сакральным.

І, ведаеш, было вялікай удачай пачуць старажытную замову, тую, якая дайшла да нас з паганскіх часоў. Тут ужо знахаркі звярталіся да гаспадара — гэта такі даархетып, протапродак звяроў.

Скажам, замова магла пачынацца так: «Лясны гаспадар, прыйдзі, забяры крыксы-плаксы ў майго дзіцяці…».

Ты часам сам шаптуном не стаў?

— Не, шаманам не зрабіўся (смяецца). Для мяне ўсё ж важна было заставацца антраполагам, даследчыкам, а не паддацца сіндрому Кастанеды.

"Замовы ў час вайны былі распаўсюджанай з'явай": Сяргей Лескець пра беларускіх знахарак, магію слова і традыцыю, якая знікае
Баба Стася. Фота Сяргея Лескеця. Крыніца фота: facebook.com/Leskiec.

«Даволі пашыраная з’ява»

Сяргей, я ўсё ж яшчэ спытаю цябе пра замовы супраць вайны? Цікава, яны захаваліся? Зараз, мяркую, што гэта было б надзвычай актуальна.

— Так, былі. І ў аднаго майго знаёмага пісьменніка ёсць цэлы сшытак, дзе ягоныя сваякі запісвалі замовы менавіта падчас вайны. Гэта даволі пашыраная з’ява. Ёсць такія замовы і ў старых зборніках, і ў маіх бабулек былі, але, бачыш, калі рабіў кнігу, мне гэты напрамак падаваўся малацікавым, маўляў, з мінулых часоў. На жаль, памыляўся…

Памятаю, што хлопцам ушывалі ў каўнеры, кашулі, калі яны ішлі на вайну, абарончыя запіскі, рэчы. Плюс яшчэ існаваў і існуе вядомы абракальныя абрад, калі жанчыны за адну ноч мусіць былі саткаць рушнік. То-бок дзень яны рыхтуюцца, а потым за адну ноч робяць справу. Пасля гэты рушнік з адмысловым узорам абносіцца тры разы вакол вёскі і вешаецца на крыж як абарона. Абярэг ад мора, хваробы, нечысці ды вайны.

Абракальны абрад плюс замовы. Асобна абракальны абрад. Вядома, што ў розных мясцінах былі розныя варыянты гэтага абраду.

«У першародны хаос»

Мы яшчэ не пагаварылі з табой пра злыя чары. Хто іх можа напускаць?

— Такіх жанчын звычайна называюць чараўніцамі. Але самае крыўднае, што часта розніцу паміж шаптухай, знахаркай і чараўніцай звычайны чалавек вонкава не ўбачыць. Розніца выяўляецца толькі ў тэкстах замоваў. Добрая знахарка ці бабка-шаптуха заўжды выганяе хваробу на пні-калоды, умоўна кажучы, у першародны хаос. А вось злая чараўніца перасылае немач на іншага чалавека — суседа, ці на каго іншага.

Такія чараўніцы яшчэ ёсць?

— Ёсць, але я з імі не сустракаўся.

"Замовы ў час вайны былі распаўсюджанай з'явай": Сяргей Лескець пра беларускіх знахарак, магію слова і традыцыю, якая знікае
Сяргей Лескець на сустрэчы ў Студэнцкім этнаграфічным таварыстве. Крыніца фота: facebook.com/Leskiec.

«А вось сто грам — махану»

Сяргей, ды калі падсумаваць, то беларуская знахарка — хто яна сёння такая?

— Я бы адказаў, што яна — звычайная беларуска (ці беларус). Робіць — адно, гаворыць — другое, думае — трэцяе (смяецца).

Калі сур’ёзна, то мне напачатку так і думалася. Маўляў, гэтыя жанчыны — нейкі асобны архетып, закрытая асоба, якая трымае свае веды, ды ні з кім не дзеліцца. Але гэта не так. Вобразна гэтыя жанчыны — так, вельмі падобныя да звычайных людзей. Што іх адрознівае? Я бы сказаў так: дабрыня, спрытны розум, спагадлівасць. Вельмі часта так здаралася, што нашчадкі бабулек-шаптух — іх сыны, дачкі, унукі — аказваліся дактарамі, фельчарамі, ветэрынарамі, настаўнікамі. То-бок — гэта людзі, якія нясуць добрае, аддаюць.

У мяне, напрыклад, ніколі не было праблем з тым, каб, скажам, заначаваць у іх доме. Табе апошняе аддадуць, накормяць, напояць. Памятаю, як я аднойчы прыехаў да адной бабулькі напярэдадні Вялікадня, а яна мне і кажа: «Скварку з блінамі з табой есці не буду — пост, а вось сто грам — махану» (смяецца).

То-бок, разумееш, гэта штосьці такое — вельмі беларускае.

"Замовы ў час вайны былі распаўсюджанай з'явай": Сяргей Лескець пра беларускіх знахарак, магію слова і традыцыю, якая знікае
Кніга «Шэпт». Крыніца фота: facebook.com/whisperleskiec.

***
Прэзентацыя кнігі Сяргея Лескеця «Шэпт» адбудзецца бліжэйшым часам. Пакуль жа набыць нон-фікш пра беларускіх шаптух і знахарак можна ў краме «Акадэмкніга» і ў ГЦ «Купалаўскі».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: