«Гэта выстава для тых, хто пакуль не можа вярнуцца ў родны горад — Менск», — так анансуюць будучую падзею яе арганізатары — HeartBreaking Performance Art Group.
Выстава мусіць адбыцца ў кастрычніку гэтага года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве пры падтрымцы Free Belarus Center.
Аб’яднанне HeartBreaking Performance Art Group, якое ініцыявала падзею, магчыма, вядома гледачу па папярэдніх праектах. Гэта — трылогія фільмаў «Менск 2020″, перформансы на вуліцах Польшчы, аўдыёсерыял “Что произошло», сумесны праект з Варшаўскім Вольным Аркестрам «8VEDay».
Нагадаем, што арт-група аб’ядноўвае рэжысёраў, музыкаў, фатографаў, відэааператараў, акцёраў, мастакоў, якія робяць розныя праекты, але пераважна — беларускае пратэснае мастацтва. Год таму ў замежжы «дэцэнтралізаваны творчы цэнтр сучаснай беларускай культуры» стварыла артыстка і актывістка Ана Мацкевіч.
Што ў планах HeartBreaking Performance Art Group гэтым разам?
Мультымедыйная выстава «Я хачу дадому. Mensk edition» аб’яднае розныя аўтарскія выказванні. У ёй будзе зайдзейнічана фатаграфія такіх мастакоў як Ганна Верас, Караліна Палякова, Андрэй Дубровін, аўдыё і відэатворы іншых аўтараў. Праект пазіцыянуецца як «выстава-экспірыэнс».
«На выставе, якая пройдзе ў Музеі Вольнай Беларусі, вы зможаце ў бяспечнай ціхай атмасферы крыху адчуць сябе як дома — пачуеце гукі Менска, паглядзіце на яго вуліцы на выставачных фота, а ў асобным пакоі паслухаеце апавяданні людзей, якія таксама, як вы, мараць вярнуцца дадому, — анансуюць будучы праект арганізатары. — [Вы пачуеце] пра тое, як яны зараз бачаць родны горад, і што зробяць, калі абавязкова туды вернуцца. Гэтая выстава дапаможа вам з цяплом і прыняццем дакрануцца да заблакаваных перажыванняў і пачуццяў, тут вы будзеце не адны».
Сродкі, якія зараз арт-група збірае на платформе zrzutka.pl, пойдуць на друк і афармленне прац, арэнду абсталявання для відэа і гукавых экспанатаў, аплату працы арганізатараў і спецыялістаў.
«Частка грошай за самыя дарагія лоты пойдзе наўпрост аўтарам здымкаў, — дадаецца ў апісанні праекта. — Дадаткова мы хочам надрукаваць альбомы і паштоўкі са здымкамі і прыпіскамі ад аўтараў/ак, а калі гэтая выстава вам спадабаецца, будзем ладзіць выставы і пра іншыя гарады і месцы Беларусі».
На платформе прапануюцца розныя фарматы падтрымкі.
Дапамагчы выставе «Я хачу дадому. Mensk edition» ажыццявіцца можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: