«Адвечны шлях, лодка, у якой мы плывём»: Ганна Карпенка пра выставу ў беластоцкім Арсенале і беларускім пражыванні свабоды

Главное
Фрагмент экспазіцыі выставы "Калі сонца нізка - цені доўгія" ў галерэі Арсенал у Беластоку. Крыніца: архіў каманды.

Язэп Драздовіч, Уладзіслаў Стшэміньскі, і — Вольга Сазыкіна, Сяргей Шабохін, Эвеліна Домніч/Дзмітрый Гельфанд, Захар КудзінІгнат Абдзіраловіч, Ігар Бабкоў, і — Эдуар Глісан, Гаятры Співак. Галерэя Arsenal у Беластоку. І выстава беларускага сучаснага мастацтва «Калі сонца нізка — цені доўгія» («Когда солнце низко — тени длинные»), якая злучыла ў сабе, здавалася б, тое, што складана злучыць. Сёння, 1 красавіка, адкрываецца адна з самых буйных і цікавых выставачных падзей у беларускай культуры. Пра беларускую ідэнтычнасць і розныя спосабы пражывання свабоды. Пра супраціў і беларускую архаіку. «Is it possible?» — спытае нехта. «Цалкам», — адкажам мы. Каму распавядаць пра Беларусь, як не самім беларусам.

Напярэдадні адкрыцця выставы аглядальніку Reform.by удалося пагутарыць з куратаркай «Калі сонца нізка — цені доўгія» Ганнай Карпенка (сакуратар праекта — Сафія Садоўская). Хто даў назву выставе? На тэксты якіх філосафаў абапіраліся куратаркі, ствараючы экспазіцыю? І што галоўнае, што аб’ядноўвае беларусаў сённяшніх і сышоўшых? Калі трымаць у розуме, што выстава — частка вялікай размовы па тэме, то мы пастараліся ў гутарцы раскрыць тыя кірункі, па якіх прапаноўваюць гледачу «ісці» куратары.

Сонца захаду ці гэта сонца ўсходу

Ганна, адразу прываблівае ўвагу назва вашай выставы. «Калі сонца нізка — цені доўгія» — вельмі прыгожы і шматзначны вобраз. Адкуль прыйшла гэта назва? Яна — з тэкстаў Ігара Бабкова, на якія вы абапіраецеся ў сваёй куратарскай канцэпцыі?

— Не, гэту назву я прыдумала сама. І вы маеце рацыю, яна не мае адзінага тлумачэння. Калі мы глядзім на нізкае сонца, якое адкідвае доўгія цені, мы не можам сказаць — гэта сонца захаду ці гэта сонца ўсходу. Гэта вобраз стаў для мяне метафарай пражывання, адчування ўласнай ідэнтычнасці і ідэнтычнасці беларускай прасторы, якая існуе ў гэтай вечнай лімінальнасці. На выставе я прапаноўваю паразважаць на гэту тэму. Дзе мы, у якім моманце часу знаходзімся.

Вельмі цікава.

— Але, паміж тым, пагаджуся, што для мяне было прынцыповым выкарыстоўваць у якасці тэарэтычнай рамкі творы менавіта беларускіх філосафаў: таго ж Ігара Бабкова, Ігната Абдзіраловіча. Да слова, Абдзіраловіч з яго «Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларускага сьветагляду” апісаў сучасную геапалітычную сітуацыю ў Беларусі (ды не толькі) яшчэ ў 1921 годзе. Я адштурхоўвалася ў сваёй куратарскай канцэпцыі ад яго даробку і тэкста Ігара Бабкова «Этыка памежжа: транскультурнасьць як беларускі досьвед”.

Лічу, што гэтыя тэксты цалкам актуальныя, каб размаўляць і пра сучасную Беларусь.

"Адвечны шлях, лодка, у якой мы плывём": Ганна Карпенка пра выставу ў беластоцкім Арсенале і беларускім пражыванні свабоды
Ганна Карпенка. Крыніца фота: kultprosvet.by.

«Свой чужы» або «чужы свой»

Цікава, якія ідэі беларускіх філосафаў падаліся вам найбольш трапнымі і жывымі ў адлюстраванні сённяшняй сітуацыі? І як гэтыя ідэі былі ўвасоблены, абыгрываюцца на выставе?

— Напрыклад, я працую з вядомым тэзісам Ігара Бабкова «этыка памежжа». Мне падаецца, што дыялектыка «свайго чужога» і «чужога свайго» зараз для беларусаў асабліва актуальная. Тут мне падалася абсалютна да месца фігура мастака Уладзіслава Стшэміньскага — мне вельмі хацелася, каб ён паўдзельнічаў у выставе. І яго твор будзе прадстаўлены.

Нагадаю, што мастак, якога лічаць польскім, нарадзіўся ў Мінску. Уладзіслаў Стшэміньскі быў звязаны з беларускай прасторай шчыльна — ён выкладаў у Вілейцы. Хоць Беларусь яго выштурхнула, можна сказаць, ён аказаўся польскім рэпатрыянтам і стаў лідарам авангарднага руху ў Польшчы. Гэта таксама гісторыя вось гэтага «памежжа». Таму што ён здолеў у міжваенны і пасляваенны час эміграваць у Польшчу.

Па сутнасці, Стшэміньскі — гэта фігура, з якой магла б распачацца гісторыя сучаснага мастацтва Беларусі, але ніколі не распачнецца. З іншага боку, гэта гісторыя праекта авангарда, які не адбыўся — яна ёсць. І ў біяграфіі мастака заўжды будзе напісана: Уладзіслаў Стшэміньскі нарадзіўся ў Мінску. І вось як гэта пражываць — якую ідэнтычнасць «свайго чужога» ад гэтага выбудоўваць? І як мы зараз у нашай кропцы часу можам прымаць нашу ідэнтычнасць? Ідэнтычнасць беларускай прасторы?

"Адвечны шлях, лодка, у якой мы плывём": Ганна Карпенка пра выставу ў беластоцкім Арсенале і беларускім пражыванні свабоды
Твор Ганны Сакаловай на выставе «Калі сонца нізка — цені доўгія». Крыніца: архіў каманды.

Наколькі мы зараз тыя, хто з’ехаў або застаўся, — «свае чужыя» і «чужыя свае», так?

— Так. І чаму тут важная этыка. Таму што мы кожны дзень ажыццяўляем гэты выбар — быць чужым для сябе або сваім для чужога. Маральны выбар. Тое, як мы нават кажам пра вайну: «вайна» ці «спецаперацыя». Увогуле, «этыку памежжа» здольныя ўтрымліваць не ўсе. І Ігар Бабкоў таксама пра гэта піша.

Гэта не гісторыя слабых вызначэнняў

Атрымоўваецца, што вы злучаеце мінулы і цяперашні час беларускай прасторы, аб’ядноўваючы іх ідэяй «этыкі памежжа»?

— І гэтаксама ідэяй «ліючайся формы» Абдзіраловіча.

І я хачу падкрэсліць, што «этыка памежжа» і «ліючаяся форма» — гэта не гісторыя слабых вызначэнняў, якія нам вельмі часта прыпісваюць. Маўляў, слабачкоў, якія махалі кветкамі. Гэта гісторыя пра формы жыцця, якія маюць проста іншыя спосабы супраціву.

Напрыклад, на выставе мы паказваем праект Сяргея Лескеця — фатограф займаўся ім 12 гадоў. Праект пра з’яву, якая знікае — шаптух у Беларусі, якія, як піша аўтар у сваёй кнізе, «прайшлі хрысціянства, перажылі ГУЛАГ і перажывуць яшчэ і цяперашнюю нелігітымную ўладу ў Беларусі». Для мяне — гэта таксама форма супраціву. І такіх формаў вельмі шмат. Ад таго, напрыклад, як ты пераглядаеш структуры мовы — да таго, як ты ўвогуле працуеш з уласным псіхічным здароўем. Мне падаецца, што дыктатуры, у якой мы жывем усё жыццё, можна супраціўляцца только тады, калі ў цябе ёсць індывідуальная, на ўзроўні каштоўнасцяў, моцная патрэба ў свабодзе. Для мяне ўвогуле дзіўна, як пакаленні, якія ніколі, умоўна кажучы, не ведалі свабоды, працягваюць за яе змагацца.

Таму, разважаючы аб беларускай прасторы, у першую чаргу для мяне важна падкрэсліць думку, што гэта прастора з жывымі формамі супраціву, са сваёй патрэбай у свабодзе, якая нікуды не знікла.

"Адвечны шлях, лодка, у якой мы плывём": Ганна Карпенка пра выставу ў беластоцкім Арсенале і беларускім пражыванні свабоды
Фрагмент экспазіцыі выставы. Злева — фотапраекцыя Сяргея Лескеця, справа, на сцяне — жывапіс Язэпа Драздовіча, на пярэднім плане — твор Машы Мароз. Крыніца: архіў каманды.

Усё жыццё за нас кажа хтосьці іншы

Здавалася б, у 2020 годзе пасля паўстання, рэвалюцыі беларусы былі прызнаныя грамадзянскай супольнасцю, нацыяй. Але пачалася вайна ва Украіне, і пра нас зноў загаварылі як пра «марыянетак» — Пуціна, Лукашэнкі, не важна. Як пра людзей, пазбаўленых волі і голасу. Працягваючы вашу думку, мы нібыта з прасторы «памежжа» пераўтварыліся ў толькі «мяжу», праз якую штосьці ці хтосьці праходзіць. У чым галоўная праблема беларусаў, на ваш погляд, якая перашкаджае нам адбыцца ў поўнай меры як нацыі-суб’екту? Ці гэта ўсё ж такі адбылося?

— Гэта вельмі глыбокае пытанне. Ёсць жа яшчэ мяжа як нейтральная паласа, і ёсць гісторыя, калі цябе «вычышчаюць» апошнія некалькі стагоддзяў. З аднаго боку — паланізацыя, з іншага — русіфікацыя, з трэцяга — сталінскія лагеры, выразаюць інтэлігенцыю, забіраюць мову, забіраюць складнікі ідэнтычнасці… Спачатку яны ўводзяць для цябе сваю мову, а потым — уводзяць танкі.

З іншага боку, зараз адбываецца мноства дыскусій, на якіх пытанне ідэнтычнасці разглядаецца як мадэрнісцкі праект, які ўвогуле ў сучасным глабальным кантэксце не мае сэнсу. Маўляў, таму што не адбыўся, разваліўся, таму што ўнутры мадэрнізму была і захоўваецца моцная інтэнцыя да каланізатарства.

Тое, што зараз адбываецца ва Украіне — акурат апагей гэтага. Усіх гэтых імперый, якія пашыраюцца, апрапрыіруюць усё непадобнае, індывідуальнае, і намагаюцца ўсё ўвагнаць ў жорсткія структуры. У гэтым сэнсе таксама ўзнікае пытанне: як і сыходзячы з якой кропкі, магчымы супраціў нябачным структурам? Напрыклад, прапагандзе ці шматлікім фэйсбук-дыскусіям, якія таксама сталі праваднікамі ідэалогіі, як і ТБ-скрыня. І наша выстава — якраз пра тое, што з каланіялізмам трэба змагацца разнастайнымі спосабамі, — і няма аднаго ўніверсальнага ці прынятага за правільны. Але барацьба са структурамі прыгнёту на індывідуальным узроўні, не заўжды заўважная знешне, здольная ўтрымліваць супраціў у доўгай перспектыве. Такая мая думка.

"Адвечны шлях, лодка, у якой мы плывём": Ганна Карпенка пра выставу ў беластоцкім Арсенале і беларускім пражыванні свабоды
Праца мастачкі Алы Савашэвіч. Крыніца фота: архіў каманды.

Але вяртаючыся да вашага пытання…

Так, як гаворыць сёння аб нашай ідэнтычнасці? І ў чым наша галоўная праблема?

— Для мяне з’яўляецца прынцыповым такі момант, каб пра сваю ўласную ідэнтычнасць беларусы казалі самі. Я бы так адказала на ваша пытанне. Таму што ўсё жыццё за нас гаворыць хтосьці іншы. І наш боль і траўма — у тым, што стагоддзямі голас беларусаў немагчыма пачуць. Ён загучаў у 2020 годзе, але яго зноў заглушылі.

Быў сацыяльны парыў — аб’яднацца, адчуць агульную форму жыцця, а зараз — усё рассыпаецца, разрываецца, знікае. Мы зараз выяўляем сябе ў месцы разрыву — сям’я засталася ў Беларусі, я — не. Інстытуты закрыліся, супольнасць распадаецца, але мы, я — ёсць, і кожны сваёй індывідуальнай стратэгіяй стварае гэту «ліючуюся форму».

І я не магу пазбавіцца ад жадання сабраць нашу ідэнтычнасць, якая рассыпаецца, разрываецца, але існуе ў самых розных формах. Хтосьці можа бачыць у нас «нейтральную паласу», жаданне ўсядзець «на двух крэслах», але гэта не так. Паўтаруся, беларуская прастора — гэта пра тое, наколькі ты здольны ўтрымліваць гэты стан вечнага «памежжа», утрымліваць складанасць. І супраціўляцца жорсткім структурам сваёй індывідуальнай формай жыцця.

"Адвечны шлях, лодка, у якой мы плывём": Ганна Карпенка пра выставу ў беластоцкім Арсенале і беларускім пражыванні свабоды
Фрагмент экспазіцыі выставы. На першым плане — творы Жанны Гладко — інсталяцыя і відэа. Крыніца: архіў каманды.

Я праводжу невідавочныя сувязі

Ганна, дзякуй. Цікавыя думкі і высновы. Цяпер я пачынаю разумець чаму, да слова, на выставе ў вас будзе прадстаўлена праца Язэпа Драздовіча — чалавека і мастака, які мысліў катэгорыямі будучыні. Па сутнасці, не маючы ў сваім мастацкім арсенале анічога, акрамя ўласнага ўяўлення і волі, Язэп Драздовіч стварыў унікальны мастацкі свет, які выклікае нашу цікавасць і сёння. Можна сказаць, што яго пасланне з ХІХ-ХХ стагоддзяў мы счытваем на лёце.

— Так, Драздовіч для мяне — гэта пра пражыванне Беларусі ў такім касмічным маштабе. Калі ты звязаны са ўсім жывым. Ён — адзін з маіх улюбёных мастакоў. І адна з галоўных фігур на выставе.

Я вельмі ўдзячная галерэі Arsenal, якая зрабіла проста немагчымае. Каманда галерэі здолела ўзяць у арэнду з Нацыянальнага мастацкага музея Літвы ў Вільнюсе фактычна першую жывапісную працу Драздовіча. Яна называецца «Злыя чары». Гэта якраз яскрава адлюстроўвае сітуацыю нашых дзён зараз.

А які твор будзе за аўтарствам Уладзіслава Стшэміньскага?

— Будзе яго кніга, а не карціна. «Тэорыя бачання» (Teoria widzenia). І гэта не толькі пра тое, як твая оптыка траўмаванага погляду здольная змяняць светапогляд, але і пра тое, як праз мастацкую пластыку мы можам апісаць цэлы свет. Яго тэорыя бачання, у гэтым сэнсе, вельмі блізкая «Логіка-філасофскаму трактату» Л. Вітгенштэйна. Уласна, на гэтай старонцы, дзе Стшэміньскі цытуе нямецкага філосафа кніга і адкрытая.

Нагадаю, што ў Стшэміньскага не было вока, (а гэтаксама рукі і нагі), і ён стаў мастаком, які паўплываў на польскае мастацтва, стаў пачынальнікам польскага авангарда, фактычна адным са стваральнікаў Музея сучаснага мастацтва ў Лодзі (першага музея сучаснага мастацтва ў Еўропе і свеце). І ні калецтва, ні жыццёвая бязладзіца не сталі тут для яго перашкодай.

Мяне адразу зацікавіла тое, што на выставе вы аб’ядноўваеце, здавалася б, такіх розных аўтараў як мадэрніст Язэп Драздовіч, авангардыст Стшэміньскі, і мастакоў — прадстаўнікоў беларускага contemporary art  — Эвеліну Домніч/Дзмітрыя Гельфанда, Сяргея Шабохіна, Жанну Гладко, Bazinato, Машу Мароз, Вольгу Сазыкіну… На якой ідэйнай платформе вам удалося іх аб’яднаць?

— Для мяне Эвеліна Домніч/Дзмітрый Гельфанд — гэта вельмі лагічны працяг касмалогіі Драздовіча. Гэтаксама як і мастак Bazinato. Яны ўсе — пра жывую вітальнасць, пра тое, што глабальна мы ўсе ўзаемазвязаныя адно з адным. Гэта пра ніткі, хады, якія ўзнікаюць паміж «чорнымі» дзіркамі, пра тое, што можна жыць у поўнай галечы, як Драздовіч, і мысліць космас.

"Адвечны шлях, лодка, у якой мы плывём": Ганна Карпенка пра выставу ў беластоцкім Арсенале і беларускім пражыванні свабоды
Твор Эвеліны Домніч і Дзмітрыя Гельфанда. Крыніца: архіў каманды.

А Сяргей Шабохін працягвае лінію авангарда — лінію Стшэміньскага. Масток да польскага і беларускага авангардыста — гэта і Захар Кудзін з яго нейра-артам. Тым больш, што ў Захара была глаўкома — і гэта таксама гісторыя траўмаванага погляду.

Я праводжу невідавочныя сувязі, але мне хацелася б, каб яны асцярожна і цікава чыталіся.

Фактычна ўсе мастакі, якіх мы паказваем — гэта рэпрэзентацыя тых самых форм жыцця ў Беларусі, «ліючыхся форм», што аказваюць супраціў  жорсткім, пабудаваным па законах рацыянальнасці, структурам.

Напрыклад, працы Ганны Сакаловай і Вольгі Сазыкінай могуць быць прыкладамі індывідуальнай моўнай рэальнасці, калі базавай структурай мовы з’яўляецца светлавая лінія або ўласнае дыханне, як у «Міміцы лёгкіх» у Вольгі Сазыкінай.

Маша Мароз і Сяргей Лескець — гэта гісторыя беларускага Палесся, якое захоўвае сваё жывое і архаічнае ядро.

"Адвечны шлях, лодка, у якой мы плывём": Ганна Карпенка пра выставу ў беластоцкім Арсенале і беларускім пражыванні свабоды
Праца Машы Мароз. Крыніца: архіў каманды.

Аляксандр Адамаў, Антон Сарокін, Маша Святагор — гэта гісторыя пра тое, як на індывідуальным узроўні, перажываючы сацыяльна-палітычныя падзеі і рэальнасць, якія траўміруюць, ты здзяйсняеш акт эскапізму, ствараючы гульню. І гэта гульня дазваляе табе перавынайсці правіла знешняй рэальнасці, паглядзець па-іншаму на ўласную ідэнтычнасць.

Напрыклад, Саша Адамаў паказвае працу, якая называецца «Пятнашкі». Класічная цацка, толькі там замест лічбаў — люстэркі. І калі ты трымаеш яе ў руках і перастаўляеш квадрацікі, у цябе ніколі не збіраецца поўная карцінка. Гэта мазаіка складаецца з розных частак, яна рассыпаецца, ты яе перастаўляеш, перазбіраеш, і ўсё ніяк не можаш скласці — гэта для мяне таксама такая метафара беларускай прасторы.

Ці праца Юрыя Шуста, у якой узноўленая вышэй «этыка памежжа» чытаецца ў літаральным сэнсе слова як прастора беларускага лесу — архаічнага партала ў іншы свет, у якім на месяцы «завіслі» тысячы мігрантаў.

"Адвечны шлях, лодка, у якой мы плывём": Ганна Карпенка пра выставу ў беластоцкім Арсенале і беларускім пражыванні свабоды
Твор Юрыя Шуста. Крыніца: архіў каманды.

Пра трансцэндэнтнае ў паўсядзённым

Ганна, мы зараз падышлі да той кропкі, з якой пачыналі. Да нізкага сонца і доўгіх ценяў. Так якой у выніку паўстае беларуская ідэнтычнасць на вашай выставе?

— Мне не хацелася б даваць гатовых адказаў. Так, наша выстава пра беларускую ідэнтычнасць, але калі б быць больш дакладнай, яна — пра мноства ідэнтычнасцяў, на якія распадаецца прастора з імём Беларусь.

Гэта таксама выказванне, паўтаруся, пра вельмі розныя спосабы пражывання свабоды, пражывання свету, у якім намагаешся гэту свабоду знайсці. Гэта выстава пра тое, як можна існаваць у прасторы агрэсіўных і рэпрэсіўных структур і адначасова адстойваць «ліючыюся форму» індывідуальнага жыцця. Падкрэслю, што «Калі сонца нізка…» — гэта не пра лінейнасць і не пра бінарныя апазіцыі, як можа падасца.

Так, мы разважаем пра беларускую ідэнтычнасць. У рэшце рэшт, толькі маючы дакладны адказ на пытанне «хто ты?», ты можаш супраціўляцца знешняй агрэсіі, нават калі гэта агрэсія ўнутрыпалітычная.

У гэтым праекце ёсць сімвалічны і архаічны складнік. Ёсць адсылка да трансцэндэнтнага, да таго, што толькі штосьці моцнае і касмічнае здольнае ўтрымліваць цябе ў гэтым бескарэнным свеце, які не дае табе прарасці.

"Адвечны шлях, лодка, у якой мы плывём": Ганна Карпенка пра выставу ў беластоцкім Арсенале і беларускім пражыванні свабоды
Фрагмент экспазіцыі. На першым плане — працы Жанны Гладко. У глыбіні — твор Сяргея Шабохіна. Крыніца: архіў каманды.

Беларускі код — ён заўжды быў, як у Міхала Анемпадыстава, пра трансцэндэнтнае ў паўсядзённым (усміхаецца).

Я бы дадала, што на прыкладзе выставы я шукаю мову, з дапамогай якой мы можам апісваць гэту прастору. Для мяне цалкам відавочна, што гэта не мова слоганаў, лозунгаў. Гэта форма выказвання, на мой погляд, працуе на кароткі прамежак часу, выконвае кароткатэрміновыя задачы.

А Беларусь як прастора — мне падаецца, што гэта пра «этыку памежжа» і больш пра паэзію. І гэта выстава, хутчэй, пра адвечны шлях, лодку, у якой мы плывём.

***

Выстава «Калі сонца нізка — цені доўгія» будзе працаваць у галерэі Арсенал у Беластоку з 1 красавіка па 13 мая.

У чэрвені праект будзе паказаны ў Galerie für Zeitgenössische Kunst (GFZK) у Лейпцыгу.

Сачыць за суправаджальнай праграмай праекта можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: