На цырымонію ўзнагароджання Яна Шостак прыйшла ў сукенцы, складзенай з партрэтаў 1200 беларускіх палітвязняў і прачытала хвалюючы ліст да сваякоў палітзняволеных.
Paszporty Polityki — польская ўзнагарода ў сферы культуры, якая ўручаецца штотыднёвым часопісам Polityka з 1993 года.
Сёлета ў намінацыі «Выяўленчае мастацтва» ёй былі адзначаны польскі мастак Мікалай Сабчак — «за мастацтва, якое адначасова з’яўляецца і інтэлектуальнай прыгодай, і эмацыйным выклікам» ды гэтаксама беларуская акцыяністка Яна Шостак, вядомая палякам і беларусам сваімі гучнымі перформансамі — сваё мастацкае выказванне Яна Шостак робіць з дапамогай крыку.
«За ідэальнае спалучэнне мастацтва і грамадзянскага актывізму» — так гучыць матывацыя ўзнагароды беларускай аўтарцы. «За самы чутны голас і самае сімвалічнае дэкальтэ ў польскім мастацтве» (маецца на ўвазе акцыя «Дэкальтэ для Беларусі» — Reform.by), а гэтаксама «за праекты, якія выкрываюць праблему педафіліі ў Касцёле ды акцэнтуюць увагу на сітуацыі з мігрантамі«.
На ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання, міжволі пацвярджаючы ўсё сказанае, мастачка родам з Гродна прыйшла ў доўгай сукенцы, на якой былі размешчаны партрэты 1200 беларускіх палітвязняў.
Яна Шостак зачытала хвалюючы ліст да сваякоў тых, хто зараз у Беларусі знаходзіцца за кратамі.
«Дарагія,
Дзякуй, што выхавалі такіх адважных і непахісных людзей.
Я плачу пры самой думцы аб тым, колькіх нерваў і здароўя каштуе вам гэтая ахвяра, колькі вы пакутуеце, несучы вестку аб нечалавечых умовах утрымання і пераследу вашых блізкіх. […] Я не магу ўявіць, што гэта такое, калі катуюць тваіх бацькоў, брата, сястру, дзіцяці ці мужа. І нічога з гэтым не зробіш.
І нейкім цудам вы ўсё ж знаходзіце ў сабе сілы падтрымліваць адзін аднаго і падтрымліваць навакольных. Пры гэтым вы, як партызаны, маўчыце пра свае патрэбы. […]
Я думаю пра вашыя бяссонныя ночы, бясконцыя паездкі ў калоніі. Пра вытрыбушаныя пакункі і цэнзурныя спісы, кантраляваныя размовы і сустрэчы, адмененыя без тлумачэння прычын. Неверагодна, але вы нават не можаце даведацца пра здароўе свайго каханага. […]
Я так хацела бы дапамагчы. Таму я крычу, пакуль магу.
Разам з [іншай супольнасцю неабыякавых беларусак] Partyzanka мы матывуем людзей добрай волі падтрымаць новапрыбыўшых. Мы распрацоўваем сістэму рэабілітацыі і асіміляцыі вашых сваякоў пасля адбыцця пакарання. Збіраем сродкі, друкуем календары.
Прыйдзе дзень, калі мы навярстаем усе пратэрмінаваныя дні нараджэння і святы. Мы аднавім сямейныя фотаздымкі, канфіскаваныя падчас ператрусаў.
Як пісаў адзін з нашых асуджаных герояў: «Святло пераможа, мы невінаватыя!»
Трымайцеся, мы з вамі. Жыве Беларусь!»
Прамову мастачка закончыла акцыяй «Хвіліна крыку для Беларусі», да якой далучылася прысутная ў зале публіка.
Учора Яна Шостак апублікавала прагучаўшы на польскай прэміі зварот на сваёй старонцы ў Facebook, каб з ёй маглі сувязацца ўсе, хто зараз знаходзіцца ў бядзе, ці наадварот хоча дапамагчы палітзняволеным ды іх сем’ям.
Цырымонія ўзнагароджання прэміі Paszporty POLITYKI-2021 адбылася ўчора ўвечары, 18 студзеня.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: