Сёння стала вядома, што з рэжысёрам развіталіся афіцыйна «па дамоўленасці бакоў«. Аднак як паведамілі Reform.by крыніцы ў тэатры, кантракт з мастацкім кіраўніком папярэдне быў заключаны да сакавіка 2022 года.
Паводле сведчанняў крыніцаў, Аляксандр Гарцуеў быў даўно ў «чорным спісе» Міністэрства культуры за актыўную грамадзянскую пазіцыю, ды яго спектаклі лічыліся надта злабадзённымі. Знайсці прычыны «звальнення» было справай часу.
Нагадаем, што акцёр і рэжысёр з’яўляўся мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з 2012 года. За гэты час тэатр вярнуў рэпутацыю адной з найцікавейшых і сучасных тэатральных пляцовак у Беларусі, адкрытых да новай беларускай драматургіі і рэжысёрскага эксперыменту. У РТБД Аляксандр Гарцуеў паставіў «Тры жызелі» поводле п’есы Андрэя Курэйчыка (2013), «Любоў людзей» — паводле Дзмітрыя Багаслаўскага (2015), «Кар’ера доктара Рауса» (2017) — паводле драматургічнага твора Віктара Марціновіча ды іншыя п’есы. Тэатр намагаўся весці шчырую размову з гледачом на надзённыя тэмы.
Трэба дадаць, што «звальненне» Аляксандра Гарцуева ў РТБД пазначае толькі пачатак «чыстак» у тэатры. Са студзеня мусіць быць не працягнуты кантракт з дырэктарам установы Святланай Карукінай, далей чакаюцца «звальненні» пэўных акцёраў.
Як і ў іншых культурных установах, людзей звальняюць па адпрацаванай схеме: работнікаў музеяў, тэатраў «сыходзяць» паступова, каб звальненні не выглядалі масава. Сёння тэатры ў Гродна, Брэсце, Віцебску губляюць артыстаў і рэжысёраў, якія працавалі на тэатральных пляцоўках гадамі, але як бачым на прыкладзе Купалаўскага тэатра, знайсці ім замену будзе справай далёка не аднога дня.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: