Фестываль, прысвечаны кнізе, «што вучыць думаць», стартуе ўжо сёння, 15 кастрычніка. Кніжны кірмаш, дыскусіі, круглыя сталы, паэтычныя чытанні, размовы, паказы фільмаў, выставы, лекцыі, а гэтаксама прэзентацыі больш за 30 кніг, манаграфій і перакладаў твораў — праграма культурнай падзеі, што пройдзе ў Палацы мастацтва, уражвае разнастайнасцю.
У прыватнасці, свае новыя творы прадставяць на Pradmovа Артур Клінаў, Віктар Марціновіч, Дзмітрый Строцаў, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Таццяна Заміроўская, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч.
Сярод замежных гасцей інтэлектуальнай падзеі — польскі пісьменнік Януш Леон Вішнеўскі, які прэзентуе пераклад працягу свайго сусветнавядомага рамана «Адзінота ў сеціве» — кнігу «Канец адзіноты»; ізраільская рускамоўная пісьменніца і перакладчыца Лінор Гаралік; расійскі выдавец Барыс Пастэрнак; украінскі гісторык і філосаф Міхаіл Мінакоў; харвацкі паэт Жарка Ёваноўскі.
Напрацягу фестывалю будуць працаваць чатыры выставы. Адна з іх — акурат выстава коміксаў Лінор Гаралік “Я ўсё выправіў да горшага”: Заяц ПЦ і яго ўяўныя сябры: Ф, Щ, грэлка і свіная адбіўная з гарошкам”.
Сярод цікавостак форума — і паказ фільма «Возера радасці» Аляксея Палуяна па матывах аднайменнага рамана Віктара Марціновіча, лекцыя-дыскусія «Як чытаць і разумець фотакнігі?», прэзентацыя раней невядомага пераклада «Евгения Онегина» ад Алеся Дудара, знойдзеннага Ганнай Севярынец, — «Тры Анегіны».
На Pradmova будуць уручаныя адразу некалькі літаратурных прэмій. Стартуе фэст з абвяшчэння лаўрэатаў найпрэстыжнай прэміі імя Ежы Гедройца за найлепшую празаічную кнігу, а завершыцца ўручэннем прэміі Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі. Асобнымі падзеямі стануць цырымонія ўручэння прэміі імя Карласа Шэрмана за найлепшыя кнігі перакладаў на беларускую мову, вечарына з нагоды 10-годдзя прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча з удзелам пераможцаў і шорт-лістараў.
Як падкрэсліваюць арганізатары, на фестывалі будуць запяспечаны эпідэміялагічныя нормы: каманда Pradmova просіць наведвальнікаў выконваць масачны рэжым. Падчас івэнтаў можна будзе скарыстацца дэзінфектарам, у залах будзе адпаведная дыстанцыйная рассадка. Таксама ў мэтах бяспекі будзе дзейнічаць абавязковая рэгістрацыя на ўсе мерапрыемствы. Але ўваход на ўсе падзеі форума — вольны.
Падрабязная праграма фестывалю са спасылкамі на рэгістрацыю тут.
Pradmova будзе доўжыцца да 18 кастрычніка.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: