Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як «Беларусьфільм» і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства

Re:визия
Кадр з фільма "Пад шэрым небам" Мары Тамковіч.

Reform.news завяршае праект «Культурная Re:візія», у якім праз тэксты беларускіх крытыкаў мы спрабавалі скласці мапу культурнага ландшафту ў Беларусі і замежжы.

Невыпадкова тэма культурнай памяці становіцца галоўным пытаннем артыкула кінакрытыцы Ірэны Кацяловіч, сённяшняй нашай аўтаркі. Што фіксуе дзяржаўнае і незалежнае беларускае кіно апошніх васьмі гадоў, якую гісторыю, наратывы і вобразы? Якое мінулае і сучаснасць? Ці ўдалося «Беларусьфільму» пазбавіцца свайго шматгадовага праклёну — уплыву Масквы?

У сваім праекце мы намагаліся таксама адказаць на гэтыя пытанні праз аналітычныя агляды, рэцэнзіі і эсэ крытыкаў, даследчыкаў і культурніцкіх журналістаў, асэнсоўваючы творы і феномены ў розных сферах. Шчыра дзякуем нашым аўтарам і спадзяемся, што гэта падарожжа ў беларускую культуру вас гэтак жа захапіла, як і нас. Не развітваемся.

Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як "Беларусьфільм" і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства
Калаж — Ірына Арахоўская.

Ірэна Кацяловіч – беларуская кінакрытыца і журналістка, сябра Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI. Намесніца ў справах культуры ў Прадстаўніцтве па нацыянальным адраджэнні АПК Беларусі. Сузаснавальніца і праектная менеджарка Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас», сузанавальніца і сябра борда Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Выступала ў якасці сябра журы на кінафестывалях у Беларусі, Нямеччыне, Харватыі, Польшчы, Украіне, тры гады ўваходзіла ў журы прэміі «Залаты глобус».

***

Мы назіраем бітву за культурную памяць нацыі, і тое, якія візіі перамогуць, будзе вызначаць нашую будучыню. Як перамога бравады Эрнста Юнгера над бессэнсоўнасцю пакутаў у Эрыха Рэмарка свайго часу паўплывала на будучыню не толькі Нямеччыны, але і Еўропы. Бэстселер Юнгера «У стальных навальніцах» прасоўваў сам Ёзэф Гебельс, ён жа адкрыта ненавідзеў «На Заходнім фронце нічога новага» Рэмарка. Рэжым Лукашэнкі з ягонымі службоўцамі таксама свядома працуе над канцэптам нашай памяці, выкарыстоўваючы ў тым ліку кіно, і незалежныя фільммэйкеры, не сістэматычна і не свядома, яму супрацьстаяць.

Беларускую культурную памяць фарміруюць расейцы

Мне хацелася б сказаць, што прадукцыя манапаліста «Беларусьфільма» праз сваю нізкую канкурэнтаздольнасць ды непапулярнасць сённяшняй улады безнадзейная ў навязванні «25-га кадра», аднак сацыялагічных дадзеных, якія б гэта пацвярджалі, не існуе. Хоць і збольшага адміністратыўным рэсурсам, стужкі, знятыя за бюджэтныя грошы, паказваюцца тысячам гледачоў, у тым ліку дзецям і падлеткам. Альтэрнатыўнае незалежнае кіно ў гэты час выключаецца з легальнага поля рэпрэсіўнай машынай, што істотна абмяжоўвае яго доступ да гледача. Для адмены, зрэшты, дастаткова, каб фільм «правініўся» ўдзелам былога актора Купалаўскага тэатра, і барані Божа, калі такая стужка будзе паказаная нават у кінаклубе, дзе бавяць час некалькі жачын на пенсіі. Ужо на ўзроўні кантролю зверху прасочваецца бачанне: беларус лаяльны, беларус пакорлівы, беларус не пратэстоўны.

Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як "Беларусьфільм" і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства
У фільме «Бацька Мінай. Партызанская легенда» Ігара Угольнікава ў галоўнай ролі — Аляксей Краўчанка, вядомы па ўдзеле ў «Ідзі і глядзі».

Кажучы пра тое, якую культурную памяць фарміруюць беларускае дзяржаўнае і беларускае незалежнае кіно, варта пачаць з таго, што ў першым сегменце ёй у істотнай ступені займаюцца расейскія аўтары. Гэтая традыцыя ці, лепш сказаць, праклён нашага кінематографа пасля 2020 года стаў яшчэ больш заўважны. Залучэнне расейскіх партнёраў, рэжысёраў і актораў/акторак часта тлумачыцца інтарэсамі продажу на расейскую аўдыторыю, аднак паказальна, што найбольш нацыянальнаарыентаваныя фільмы, якія працуюць з гісторыяй, нацыянальным міфам, ідэнтычнасцю, у большасці аддаюцца расейцам. Антыпольскую стужку «На іншым беразе» зняў Андрэй Хрулёў; «Чорны замак» паводле рамана Уладзіміра Караткевіча – такі ж ноўнэйм для беларусаў Кірыл Кузін; «Бацька Мінай. Партызанская легенда» ў рэчышчы ключавога для дзяржаўнай ідэалогіі міфа партызаншчыны зняты Ігарам Угольнікавым і чакае свайго рэліза.

Пры гэтым сучасныя, дробнага маштабу драмы, як «Ліст чакання» пра лекараў, «Класная» пра настаўніцу ў глыбінцы, «Пераломны момант» пра пераадольванне сябе ў спорце давяраюцца беларусам.

У незалежным жа сегменце панятак беларускага кіно вызначаецца не паводле месца вытворчасці, а паводле нацыянальнасці ці самаідэнтыфікацыі яго аўтараў. Стужкі пра Беларусь замежных рэжысёраў у катэгорыю беларускага кіно ў гэты момант не трапляюць. Больш за тое, спроба выказацца на беларускую тэму з боку расейца – гаворка пра карціну «Мінск» Барыса Гуца – сустрэла непрыманне і крытыку з боку беларускай кінасупольнасці. Беларускія творцы ўсведамляюць, што расейскі погляд на Беларусь больш не дарэчы.

Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як "Беларусьфільм" і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства
Кадр з фільма “Класная” маладога беларускага рэжысёра Кірыла Халецкага.

Памяць пра ВКЛ і сталінскія рэпрэсіі адсутнічае

Сучаснае дзяржаўнае кіно адкрыта прасоўвае расейскую перспектыву і гераізуе савецкія часы, што выглядае больш выгадным акурат Расеі, якая атаясамлівае Савецкі Саюз з Расейскай імперыяй і бядуе праз яго распад. І праз нацыянальны склад здымачных груп, і праз «Белоруссия» ў анатацыях, і праз стварэнне пазітыўнага ідэалізаванага вобразу савецкіх уладаў і савецкай арміі Нацыянальная кінастудыя паміж радкоў залучае Беларусь у поле Расеі і яе сантыменту. Да месца ўспамінаецца сумна паказальны фільм «Жыццё пасля жыцця» расейскага рэжысёра Дзмітрыя Астрахана прадукцыі кінастудыі «Беларусьфільм», у якім галоўны герой за нашыя з вамі падаткі не змог правільна вымавіць імя Якуба Коласа.

У канцэпцыю культурнай памяці, якую выяўляе дзяржаўнае кіно, уваходзіць Другая сусветная вайна: мы ахвяры, мы героі, мірнае неба; Савецкі Саюз у настальгічным кантэксце: моцная і мудрая ўлада, братнія народы з Расеяй, супрацьстаянне знешнім ворагам; аб’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі ў 1939 годзе: выразная антыпольская пазіцыя, аб’яднанне, ігнараванне польскай меншасці ў Беларусі; катастрофа на Чарнобыльскай АЭС: зноў жа мы ахвяры, мы героі, пазітыўная роля ўлады ва ўпарадкаванні пацярпелых зямель (без крытычнага погляду на дзеянні ўлады).

Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як "Беларусьфільм" і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства
«На іншым беразе» расейца Андрэя Хрулёва.
Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як "Беларусьфільм" і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства
Эск-міністр культуры і актор Руслан Чарнецкі грае ролю спадара Квятоўскага ў «На іншым беразе» Андрэя Хрулёва.

Пры гэтым больш не закранаецца прысутная нават у савецкія часы памяць пра рэпрэсіі і сістэму ГУЛАГ і тым больш ролю беларусаў у іх, амаль адсутнічае гісторыя Беларусі па-за савецкім перыядам, забытыя 1990-я як час свабоды і станаўлення пасля атрымання незалежнасці. І, вядома, у дзяржаўным кіно няма памяці пра 2020 год.

Гэтыя прысутнасці і адсутнасці ў вялікай ступені працягваюць ужо сталы трэнд, але пасля 2020 года ён стаў больш рэзкім. Такога драматычна лубачнага ўзроўню прапаганда, як сёння, пачалася хіба са стужкі «На іншым беразе», што паказвае зацятую барацьбу савецкай выведкі і партызанаў Заходняй Беларусі супраць «польскіх захопнікаў» і стварае карыкатурныя адмоўныя вобразы палякаў і высакародных персанажаў савецкага начальства. Тут і стварэнне знешняга ворага, і знакамітая беларуская партызаншчына, і ідэалізацыя Савецкага Саюза.

«Мірная» Беларусь стала ўкладаецца ў мілітарныя фільмы

Трэба асобна адзначыць мілітарны кірунак у дзяржаўным кіно. Апроч стварэння бяздумных экшнаў на фоне Другой сусветнай вайны, «Беларусьфільм» працуе з сучаснай ваеннай тэмай, робячы сюжэты пра беларускае войска са скразным наратывам аб абароне дзяржаваю народа і мірнага неба. Звыклымі матывамі гэтых фільмаў ёсць гераічны вобраз беларускага вайскоўца і надзвычайная адказнасць, што ляжыць на яго плячах. Сюжэты, на шчасце, звычайна даводзіцца высмоктваць з пальца.

Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як "Беларусьфільм" і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства
«Не гульня» Дзяніса Скварцова.

Як у стужцы «Не гульня» 2018 года, дзе беларускі айцішнік, які гуляе ў камп’ютарныя гульні, ідзе на службу ў войска, трапляе на вучэнні і ў канцы патэтычна кажа, маўляў, гэта не гульня. Вядома, спачатку з’явіўся запыт на ваенны фільм, і ўжо пад яго шукаліся якія-кольвек ідэі, таму слабая грунтоўнасць і актуальнасць падобнага прадукту ставіць рытарычнае пытанне, навошта мірнай дзяржаве любым коштам ствараць і фінансаваць сегмент мілітарнага кіно.

У 2021 годзе падчас вучэбнага палёту лётчыкі Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка коштам свайго жыцця ўвялі падаючы самалёт ад грамадзянскай забудовы. Альбо сам гэты выпадак, альбо ўвага да яго Аляксандра Лукашэнкі, што пасмяротна прысвоіў лётчыкам званне «Герояў Беларусі», даў нагоду «Беларусьфільму» тэрмінова стварыць яшчэ адну мілітарную карціну – «Адно на дваіх» Івана Паўлава выйдзе ў пракат 30 красавіка.

Паводле прамоцыі, фільм паказвае, «што значыць насамрэч быць верным прысязе, народу і прафесіі». Падобная лозунгавая патэтыка – «Мы зробім усё для таго, каб у нас было мірнае неба» – чуецца ў свежым фільме Нацыянальнай кінастудыі «Душа абаронцы» Грыгорыя Азаронка. Паказальна, што гэта гучыць у кантэксце вайсковай службы на беларуска-ўкраінскім памежжы, а паколькі Беларусь з’яўляецца суагрэсарам у поўнамаштабнай вайне Расеі супраць Украіны і мілітарызуецца сямімільнымі крокамі, матыў пра мірнае неба на гэтым фоне выглядае як рудымент альбо вельмі настойлівая галюцынацыя.

Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як "Беларусьфільм" і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства
Кадр з фільма “Душа абаронцы” Грыгорыя Азаронка.

Незалежнае кіно транслюе іншы канцэпт сілавых структур і геройства

Зусім іншы вобраз беларускіх сілавых структур адлюстроўвае незалежнае кіно – тут замест высакародных герояў мы бачым крыніцу тэрору і страху. У дакументальных і ігравых стужках людзі ў форме не выступаюць абаронцамі народа, а змагаюцца супраць яго. Незалежныя аўтары са значна большаю ўвагаю захавалі траўму 2020 года, і гэта становіцца істотнай часткай культурнай памяці ў шырэйшым кантэксце працяглага савецкага тэрору і дыктатуры ў незалежнай Беларусі.

Дакументы пра супраціў і дзяржаўны тэрор 2020 года, як «Смеласць» Аляксея Палуяна, «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы, «Мара» Сашы Кулак, аднолькава перадаюць амаль фізічнае адчуванне ціску, кантролю і гвалту ад людзей у форме. Гэтаму адпавядае і зусім іншы вобраз беларускай дзяржавы, што ў апошнія гады непарыўна звязаны з вобразам сілавых структур. Гэта не моцная, мудрая і клапатлівая ўлада пад чырвона-зялёным сцягам, якой яе намагаецца стварыць бюджэтны кінематограф, а рэпрэсіўны і несправядлівы рэжым.

Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як "Беларусьфільм" і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства
Кадр з фільма «Смеласць» Аляксея Палуяна.
Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як "Беларусьфільм" і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства
«Смеласць» Аляксея Палуяна.

Гэты рэжым не толькі здзяйсняе тэрор, але і ахвотна ў яго залучае, як у навэле «Патрыятычнае практыкаванне» серыялу «Працэсы» Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя. У той жа час ён сам прасякнуты страхам і паранояй, як у навэле «Прыснілася».

Культуру гвалту адначасова ў войску і ў дзяржаве ўважліва прэпаруе дакументальная стужка «Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча, якія заслужана глядзяць на Беларусь менавіта і адзіна з гэтай перспектывы.

Незалежнае кіно транслюе і іншы канцэпт геройства, зрэшты, у яго беспафаснасці лепш паставіць «геройства» ў двукоссі. Героямі тут становяцца не прадстаўнікі ўлады і сілавых структур, а тыя, хто супрацьстаіць іх ціску. Аскетычны фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч паказвае, як палітзняволеная журналістка робіць выбар згодна са сваімі каштоўнасцямі ва ўмовах зняволення і псіхалагічнага прэсінгу.

Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як "Беларусьфільм" і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства
«Мара» Сашы Кулак.

«Беларусьфільм» не мае шанцаў у памяці пра 2020 год

Лакуны, што ў культурнай памяці ўтварае бюджэтны кінематограф, у меру магчымасцяў запаўняюць незалежныя аўтары: у 2024 годзе з’явілася стужка «Лес» Марыі Булавінскай пра сталінскія рэпрэсіі, Дар’я Жук свайго часу апавяла пра 1990-я фільмам «Хрусталь». Праз моцна абмежаваныя фінансавыя магчымасці для незалежнага кіно і дарагавізну касцюмных драм нашая дасавецкая гісторыя размываецца. То-бок у некаторых тэмах мы ўсцяж кажам пра адзінкі прыкладаў і выключэнні.

Да таго ж незалежнае кіно ў яго сённяшнім стане няздольнае адказаць на створаныя сучасным «Беларусьфільмам» міфы – вывесці, скажам, памяць пра Другую сусветную вайну і партызан з плоскай чорна-белай рамкі.

Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як "Беларусьфільм" і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства
Кадр з эпізоду «Патрыятычнае практыкаванне” серыялу “Працэсы” Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя.

У сваю чаргу «Беларусьфільм» не мае шанцаў у барацьбе за адлюстраванне 2020 года, ролі сілавых структур і рэжыму Лукашэнкі ў культурнай памяці народа, і любая ягоная спроба выказацца на гэтую тэму ў актуальнай грамадска-палітычнай сітуацыі сустрэнецца з крытыкай і будзе абвінавачаная ў няслушнасці і маніпуляцыі.

Тое, што наш кінематограф у апошнія гады захаваў памяць пра дзяржаву як рэпрэсіўную, ёсць ужо дастатковым набыткам, бо становіцца часткай неабходнай нам рэфлексіі пра дыктатуру і дэмакратыю ды пераемнасць рэпрэсіўных практык. Наступным чэленджам для беларускага кіно, да якога мы яшчэ не падступіліся, будзе свядомае адлюстраванне падзеяў 2022 года.

Кіно ў бітве за культурную памяць беларусаў: як "Беларусьфільм" і незалежныя аўтары бачаць дзяржаву, сілавыя структуры і геройства
«Смеласць» Аляксея Палуяна.

***

Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам.

Мы у нас еще попляшем: Света Бень и посттравматик-поп Мы у нас еще попляшем: Света Бень и посттравматик-поп

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.