Краснасельскія крэйдавыя кар’еры, знакамітыя «Беларускія Мальдывы», могуць атрымаць прыродаахоўны статус. Пра гэта расказаў БелТА загадчык сектара запаведнай справы Навукова-практычнага цэнтра Акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах Уладзімір Усцін.
Калектыў гэтага сектара займаўся падрыхтоўкай абгрунтавання аб наданні крэйдавым кар’ерам статусу геалагічнага помніка прыроды мясцовага значэння.
Асноўная прычына надання статусу — захаванне комплексу для наступнага навуковага вывучэння. Вучоныя, біёлагі, батанікі, заолагі даследуюць, як адбываецца першасная сукцэсія на гэтых тэрыторыях (змена адной біялагічнай супольнасці другой у выніку ўздзеяння чалавека — заўвага БелТА). Гэта адзін са спосабаў узнаўлення экасістэм.
Другая прычына — турыстычная. Калі кар’еры будуць помнікам прыроды, гэта дасць магчымасць умерана выкарыстоўваць гэтыя тэрыторыі як для экалагічнага, так для іншых відаў турызму. Пры гэтым неабходны рацыянальны падыход: трэба будзе вылучыць участкі, пэўныя зоны, дзе можна арганізаваць дадатковыя назіральныя пляцоўкі, размясціць палаткі для кемпінга, — растлумачыў прадстаўнік НАН Уладзімір Усцін.

Працэдура прыняцця рашэння можа заняць каля паўтара месяца. Яна заключаецца ў прыняцці нарматыўна-прававога акта, які ўжо будзе праходзіць узгадненне з землекарыстальнікамі, выканкамам. Папярэднія ўзгадненні ўжо праведзеныя.
«Беларускімі Мальдывамі» называюць адпрацаваныя крэйдавыя кар’еры ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». На гэтым месцы праходзіў пошук карысных выкапняў, пасля чаго ў адпрацаваныя варонкі паступіла вада. Паколькі на глыбіні кожнага кар’ера маюцца маштабныя слаі крэйды, то вада паступова афарбавалася ў бірузовы колер, нетыповы для тутэйшых месцаў. Глыбіня кар’ераў дасягае дзясяткаў метраў, а даўжыня аднаго з іх можа даходзіць да чатырох кіламетраў. З-за колеру вады і белых берагоў кар‘еры сталі называць «Беларускімі Мальдзівамі». Узрост гэтых крэйдавых пародаў — прыкладна 90 мільёнаў гадоў.
Мел у вадаёмах згубна ўздзейнічае на лёгкія і скуру, таму адпачываць з намётамі на Мальдывах забаронена.
Крэйдавыя кар’еры адносяцца да катэгорыі тэхнічных аб’ектаў, але далейшы лёс штучных азёр раней выклікаў шмат пытанняў. З‘яўляліся радыкальныя прапановы знішчыць азёры, засыпаўшы іх пяском. На дадзены момант гэта рэжымны аб’ект з аховай, назіраць за імі можна толькі з агляднай пляцоўкі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram