Журы паэтычнай прэміі Наталлі Арсенневай назвала тройкі найлепшых паэтычных кніг 2022 і 2023. Гэта апошні крок перад тым, як мы даведаемся пра назвы найлепшых паэтычных кніг за два апошнія сезоны.
Альгерд Бахарэвіч, «Вершы» (выдавецтва «Viasna»)
Наста Кудасава, «Побач» (выдавецкая ініцыятыва «Skarynyčy»)
Вальжына Морт, «Песні для мёртвых і ўваскрэслых» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)
Валянціна Аксак, «Уцёкі з Палесся» (фонд «Kamunikat.org»)
Марыя Бадзей, «Мёд і дым» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)
Ганна Шакель, «Цела мігдалу» (выдавецкая ініцыятыва «Вільма»)
Пераможцаў назавуць на цырымоніі ўзнагароджання, якая адбудзецца 20 верасня, у дзень нараджэння патронкі прэміі Наталлі Арсенневай. Імпрэза пройдзе ў Варшаве, на пляцоўцы партнёра цырымоніі – Моладзевага хаба.
Сёлетні склад журы прэміі:
Дар’я Бялькевіч – паэтка, перакладчыца песень. Яе першы паэтычны зборнік вершаў «Слёзы на вецер» атрымаў прэмію Наталлі Арсенневай за 2021 год.
Міраслава Лукша – журналістка, пісьменніца і перакладчыца, аўтарка кніг паэзіі і прозы.
Аляксандр Распапоў – славіст, літаратуразнаўца, перакладчык, доктар гуманітарных навук, дацэнт Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча. Сябра Славістычнай камісіі Польскай акадэміі навук і Еўрапейскага філалагічнага таварыства.
Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, пераможца прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2019 год.
Паэтычная прэмія была заснаваная ў гонар Наталлі Арсенневай, выдатнай паэткі і зоркі літаратуры Заходняе Беларусі, аўтаркі знакавага верша «Магутны Божа», якая працягвала сваю дзейнасць на эміграцыі, уносячы неацэнны ўклад у захаванне і развіццё беларускай культуры і літаратуры. Арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, якія выступаюць за падтрымку і развіццё беларускай літаратурнай традыцыі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram