Запускаецца анлайн-кінатэатр беларускага кіно VODBLISK

Каманда «Паўночнага ззяння» запускае анлайн-кінатэатр з беларускімі фільмамі VODBLISK. Штомесяц гледачы змогуць адкрываць для сябе сучасныя незалежныя дакументальныя і ігравыя фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі. Гэтыя стужкі паступова стануць часткай медыятэкі ў анлайн-кінатэатры беларускага кіно. Праект першы час будзе працаваць у бэта-рэжыме.

«Мы пастаянна сутыкаемся з праблемай, калі ў свеце не ведаюць не тое каб пра беларускае кіно ў дэталях, але нават пра факт яго існавання. А ахвотныя даведацца элементарна не могуць яго нідзе паглядзець, — заўважае заснавальніца «Паўночнага ззяння» і заснавальніца анлайн-кінатэатра Воля Чайкоўская. — Нам заўжды не хапала нейкага такога беларускага «Нэтфліксу», пра які бы ўсе ведалі ў Беларусі і ў свеце як пра платформу, куды можна прыйсці і знайсці ў адным месцы ўсе беларускія фільмы (ці прынамсі вельмі шмат), а таксама даведацца пра кантэкст беларускага кіно ды нашых аўтараў і аўтарак».

Зварот Волі Чайкоўскай можна паглядзець у Instagram.

VODBLISK створаны з важнай мэтай — зрабіць беларускае кіно даступным, вядомым і папулярным, сабраўшы ў адным месцы крутыя беларускія фільмы, каб любы беларус ці замежнік змог даведацца больш пра беларускі кінематограф усяго ў пару клікаў. Больш не прыйдзецца марнаваць час на пошук рэдкага беларускага фільма ў інтэрнэце або чакаць, калі яго пакажуць аднойчы на фэстах.

Як будзе дзейнічаць платформа?

Стужкі, адмыслова адабраныя куратарамі, будуць з’яўляцца на платформе штомесяц, папаўняючы пакрысе калекцыю кінатэатра.

Каб глядзець фільмы на платформе VODBLISK, трэба зарэгістравацца на сайце, выбраць упадабаны фільм ды купіць да яго доступ за 5$, ён будзе даступны для прагляду на працягу 30 дзён з моманту першага прагляду (вы зможаце паглядзець фільм любую колькасць разоў).

Для гледачоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, VODBLISK у 2023 годзе будзе бясплатным.

Беларусы замежжа, купляючы квіткі для прагляду фільмаў на платформе, не толькі падтрымліваюць беларускіх фільммэйкераў і існаванне самога кінатэатра, але таксама даюць магчымасць адкрыць свабодны доступ для гледачоў у Беларусі.

Апроч таго, VODBLISK — гэта платформа для дыскусій, гутарак з беларускімі рэжысёрамі, прадзюсарамі ды іншымі кінадзеячамі. Суправаджаць кожны фільм будзе размова з яго стваральнікамі і стваральніцамі. Дыскусіі будуць у вольным доступе для ўсіх, незалежна ад геаграфіі.

Пакуль VODBLISK будзе працаваць у бэта-версіі. Воля Чайкоўская адзначае, што першапачаткова на платформе будзе выходзіць адзін фільм у месяц, калі цікавасць да анлайн-кінатэатра будзе такой жа высокай, як была да беларускай праграмы «Паўночнага ззяння», тады каманда будзе думаць аб маштабаванні дзейнасці.

Ужо 1 сакавіка стане даступны першы фільм — «Мая бабуля з Марса», кранальная дакументальная гісторыя, знятая беларусам Аляксандрам Міхалковічам.
Невыпадкова першым фільмам будзе супраца Беларусі і Украіны, такім чынам каманда выказвае салідарнасць і падтрымку ўкраінскім калегам і ўсім жыхарам Украіны.

Стужка «Мая бабуля з Марса» прысвечаная тэмам, якія хвалююць усіх даўно, яшчэ да пачатку поўнамаштабных ваенных дзеянняў ва Украіне ў 2022 годзе.

Дэбютны поўнаметражны фільм Аляксандра Міхалковіча звязаны з геапалітычнай сітуацыяй і яго персанальнай сямейнай гісторыяй. Рэжысёр раскрывае тэму прычын, якія прывялі да тых наступстваў, што здарыліся ў лютым 2022 года. У цэнтры фільма — бабуля Зіна, украінка па пахожданні. Пасля выхаду на пенсію яна пераехала ў Крым, які неўзабаве аказаўся акупаваным Расіяй і ператварыўся ў «далёкую планету», накшталт Марса, а яго «асяроддзе» стала непрыязным датычна да бабулі. Разлучаная са сваёй сям’ёй, яна жыве ў забытым прыморскім мястэчку, спрабуючы вырашыць, ці застацца ёй альбо з’ехаць.

Сусветная прэм’ера гэтага захапляльнага фільма адбылася на міжнародным фестывалі дакументальнага кіно Ji.hlava IDFF у 2018 годзе — гэта свайго роду знак якасці ў свеце кіно.

Тут можна паглядзець трэйлер.

28 лютага каманда «Паўночнага ззяння» правядзе жывы эфір, у якім падзеліцца падрабязнасцямі пра старт анлайн-кінатэатра VODBLISK. Каб не прапусціць, падпішыцеся на сацыяльныя сеткі праекта: Instagram, Facebook. Так вы будзеце ў курсе таго, якое якаснае беларускае кіно можна паглядзець у гэтым месяцы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.