Беларуская сетка фільммейкераў (Belarusian Filmmakers’ Network) абвесціла пра другі сезон Інкубатара мікрабюджэтнага кіно — праекта, які стымулюе развіццё новага беларускага кінематографа. Плёнам першага сезона Інкубатара сталі здымкі двух фільмаў — у прыватнасці, аб заканчэнні здымачнага перыяду сваёй новай ігравой карціны «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» ў траўні паведамляў беларускі рэжысёр Юрый Сямашка.
«У бягучых умовах беларускія кінематаграфісты не могуць разлічваць на вялікія бюджэты і студыйныя вытворчыя працэсы, — канстатуе каманда BFN на чале з прадусарам Леанідам Каліценем. — Але гэта не значыць, што яны мусяць гадамі чакаць магчымасці зняць кіно. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць здымаць кіно за мінімальныя грошы, а задача Інкубатара — дапамагчы рэжысёрам рэалізаваць свае ідэі і данесці іх да гледачоў», — акрэслівае ён канцэпт праекта.
Другі сезон Інкубатара, як і першы, будзе праходзіць у тры этапы.
На першым этапе будуць разглядацца кароткія (да 2000 знакаў з прабеламі) заяўкі будучых фільмаў.
На другім этапе з пададзеных заявак будуць адабраны дзесяць, якія ўвойдуць у доўгі спіс.
Іх аўтарам будзе прапанавана пашырыць свае пражэкты (5000-10 000 знакаў з прабеламі): больш падрабязна выкласці бачанне будучага фільма, яго эстэтыку, а таксама растлумачыць, як гэтая ідэя можа быць рэалізавана ў мікрабюджэтным фармаце.
Падчас трэцяга этапа з доўгага спіса будуць адабраны пяць заявак, якія і складуць кароткі спіс. Іх аўтары будуць працаваць над сцэнарыямі сваіх поўнаметражных дэбютаў у сцэнарнай лабараторыі з дасведчанымі ментарамі. З гатовых сцэнарыяў будуць выбраныя два для вытворчасці ў мікрабюджэтным фармаце ў 2025 годзе.
Каманда BFN ужо чакае кароткія заяўкі ад кінематаграфістаў да 30 чэрвеня.
Фінал Інкубатара, калі будуць названыя два праекта-пераможцы запланаваны на 30 лістапада.
«Мікрабюджэтнае кіно — гэта не толькі абмежаванні, але і магчымасць стварыць з нуля эстэтыку і ідэалогію новага беларускага кіно, — падкрэслівае ідэю праекта сябра каманды BFN, кінакрытык і культуролаг Максім Жбанкоў. — Інкубатар разлічаны перш за ўсё на аўтарскае кіно. Нам цікавыя не спробы капіяваць лякалы галівудскіх блокбастараў або расійскіх серыялаў, а аўтарскія выказванні. І чым больш злымі, радыкальнымі ці нават субверсіўнымі яны будуць, тым лепш!» — дадае беларускі блогер.
Дазнацца больш пра другі сезон Інкубатара можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: