Міністэрства культуры пахвалілася першымі вынікамі кінапраката прапагандысцкай карціны кінастудыі «Беларусьфільм» «Час вярнуцца». За першы ўікенд стужку, якая выйшла ў пракат 2 траўня, паглядзела больш за 40 тысяч гледачоў, рэпартуе ведамства.
«У лідарах — Мінская (звыш 8500 гледачоў) і Магілёўская (звыш 6300 гледачоў) вобласці, — дзеліцца лічбамі міністэрства культуры. — Новая цікавая рыса: прэм’ерныя паказы прайшлі як сапраўднае свята — з выставамі, тэматычнымі фотазонамі і канцэртамі ваенных песень. Добры прыклад сваім калегам і ўсім землякам падалі кіраўнікі абласцей, гарадоў і раёнаў, наведаўшы першыя паказы нацыянальнага фільма».
Толькі нядаўна выданне «Флагшток» публікавала копію падпісанага міністрам культуры Анатолем Маркевічам ліста, у якім той прасіў Гомельскі аблвыканкам максімальна запоўніць залы гледачамі падчас паказаў стужкі пра аперацыю «Баграціён».
«Учитывая большое значения фильма «Время вернуться» в идеологической и воспитательной работе с населением, прошу оказать содействие в прокате фильма во всех районах области и максимальном посещении киносеансов учащейся молодежью, трудовыми коллективами предприятий и организаций», — адзначалася ў дакуменце.
Аналагічныя лісты, можна выказаць здагадку, былі разасланыя ў іншыя абласныя выканкамы, кіраўнікі якіх і забяспечылі праз адміністрацыйны рэсурс прыстойныя лічбы праглядаў фільма «Час вяртацца» Івана Паўлава.
«[Фільм] прысвечаны не вельмі шырока вядомай падзеі пры падрыхтоўцы аперацыі «Баграціён», калі партызаны адшукалі праход праз дрыгву, — распавядае пра новую карціну падчас стрыму ў РВУ «Культура і мастацтва» начальнік аддзела кінематаграфіі міністэрства культуры Ірына Дрыга. — Здавалася, ніхто не можа прайсці: але яго знайшлі. Там была пракладзена драўляная дарога, драўляны шлях, па якім здолелі зайсці ў тыл ворага і нашы сухапотныя сілы, ды нават танкі».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: