З’явілася новае незалежнае выдавецтва RozUM Media. Яго першы праект – кніга экс-палітвязня «Раз два три четыре два»

Культура
Фрагмент вокладкі кнігі Пятра Уманскага, выдадзенай у RozUM Media.

«RozUM — гэта голас розуму і літаратурны супраціў» – так прадстаўляе сябе новае выдавецтва, якое сёння выпускае свой першы праект – кнігу «Раз два три четыре два» ўдзельніка беларускіх пратэстаў і экс-палітвязня Пётра Уманскага.

«Мы выдаем кнігі беларусаў, пра беларусаў і для беларусаў — найперш для тых, хто шукае сваё слова ў родным гучаньні. Але таксама і для ўсіх вольных людзей, што хочуць пачуць сэрца Беларусі і зразумець ейную душу. Мы публікуем тых, хто піша зь любоўю да праўды, годнасьці і волі», – распавядае пра сябе каманда незалежнай ініцыятывы.

Першая кніга выдавецтва – гэта твор «Раз два три четыре два» ўдзельніка беларускіх пратэстаў, бізнесоўца Пётра Уманскага. Арыштаваны ў 2022 годзе, мужчына апынуўся на Валадарцы, а потым атрымаў тры гады «хатняй хіміі».

«Як мяне завуць? — Пётр Уманскі. Але гэта ня мае аніякага значэньня. Я — адзін з шматлікіх. Адзін з тых, хто быў супраць, але застаўся», — распавядае пра сябе аўтар.

Пісаць кнігу Пётр пачаў яшчэ ў турэмнай камеры. Але здолеў завяршыць толькі праз два гады, ужо на «хіміі».

«Усе свае пачуцці, усе ўспаміны, усе думкі я ўклаў у гэты тэкст. Як мы хадзілі на маршы, як уцякалі ад АМАПу… і як я за гэта апынуліся ў турме. «Мы», бо за кратамі я сустрэў шмат такіх жа палітычных вязняў, якіх абвінавачвалі паводле таго ж самага артыкулу — 342. Менавіта гэтак і нарадзілася назва кнігі — «342 — Тры Чатыры Два». «Раз, два — ТРЫ, ЧАТЫРЫ, ДВА» — раман, у які я ўклаў усю душу, каб перадаць праўдзівы позірк на падзеі знутры».

Выдавецтва RozUM Media пазіцыянуе сябе як вольная, некамерцыйная і незалежная ініцыятыва. Яна развіваецца выключна сіламі валанцёраў.

RozUM Media падкрэслівае, што трымаецца права на бяспеку і ананімнасць аўтараў і валанцёраў, бо некаторыя з іх могуць да гэтай пары знаходзіцца ў Беларусі.

«Мы адкрытыя і для маладых аўтараў, што толькі пачынаюць, і для сталых пісьменьнікаў, чыя кніга нараджаецца з глыбокага жыцьцёвага досьведу. Калі вы маеце што сказаць пра сапраўдную Беларусь — мы дапаможам данесьці вашае слова», — звяртаецца да ўсіх выдавецтва.

У планах каманды – выданне тэкстаў па-беларуску і па-расейску, падрыхтоўка перакладаў на еўрапейскія мовы, «каб праўда пра Беларусь гучала шырэй — праз літаратуру, праз жывое слова, праз сэрцы людзей».

«RozUM — гэта голас розуму і літаратурны супраціў. Гэта Беларусь, якая гучыць — нават калі яе хочуць прымусіць маўчаць», — даводзіць выдавецтва сваю пазіцыю.

Зрабіць перадзаказ кнігі Пётра Уманскага і падтрымаць новую ініцыятыву можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости