Да 25-годдзя культавага беларускага поп-рок гурта «Любовь и спорт» у сеціве з’явіўся сайт-архіў калектыву з не выдадзенымі раней афіцыйна альбомамі. «Свайго кшталту «Поўны збор твораў», спарадкаваны па пластах, па меры стварэння (у адрозненне ад разнамаснага і па сутнасці зборнага альбома «Любовь і спорт» 2002 года, які да гэтага часу быў адзіным афіцыйным рэлізам гурта», — прадставіў спадчыну культавай каманды канца 1990-х — пачатку 2000-х музычны менеджар, прадзюсар і культурны дзеяч Дзмітрый Безкаравайны.
На сайце і адпаведна на стрымінгах можна паслухаць рэлізы: Ad Astra (1999), «Героев больше нет» (2000), «Засыпаю рано» (2000), «Лёд и солнце» (2001), «Порнозвезда» (2001), «Серое и алое» (2001), «За тобой и мной» (2002), як, уласна, і слынны «Любовь и спорт» (2002).
«Любовь и спорт» — поп-рок гурт з Мінска, заснаваны ў чэрвені 1999 года Андрэем Вашкевічам (вакал, гітара), Аляксеем Куставым (бас-гітара) і Арцёмам Залескім (барабаны). Калектыў быў прызнаны адным з лідараў новай хвалі беларускага року ў 2000-х, і нягледзячы на тое, што гурт праіснаваў тры гады, ён стаў з’явай на тагачаснай музычнай сцэне, задаўшы новыя арыенціры ў беларускай поп-рок музыцы. Канчатковай кропкай у кар’еры калектыву стала заўчасная смерць яго лідара Андрэя Вашкевіча ў 2008 годзе.
— Для мяне гэта не проста запісы, а частка майго жыцця, паколькі з моманту знаёмства з гуртом у сакавіку 2000-га я быў горача захоплены гэтай музыкай, гэтымі людзьмі. Я вельмі хацеў, каб пра іх даведалася як мага больш людзей, таму спачатку проста дапамагаў, а ў снежні 2000 стаў менеджарам гурта і быў ім да жніўня 2002-га. Гэта была мая першая група ў якасці піяршчыка і менеджара, — падзяліўся Дзмітрый Безкаравайны, які з’яўляецца і менеджарам актуальнага перавыдання. — Я да гэтага здзіўляюся, што за тры гады гурт зрабіў так шмат. Але калі ў вас мала часу, то ў першую чаргу парэкамендую «Ad Astra» (1999) і «Засынаю рана» (2000) як найболей цэльныя рэлізы. Хоць астатнія таксама па-свойму цікавыя.
Адзначаецца, што запісы былі выдадзены па ініцыятыве жонкі Андрэя Вашкевіча — Вольгі Вашкевіч, пры адабрэнні Арцёма Залескага. Нагадаем, што Арцём Залескі пасля «Любовь и спорт» іграў у вядомых калектывах: «Серебряная свадьба», «Петля пристрастия», Pukstband, Gurzuf, «Кассиопея». Музыка пайшоў з жыцця ў 2022 годзе, але ў 2021-м з Дзмітрыем Безкаравайным абмяркоўваў ставарэнне архіву «Любовь и спорт».
Вокладкі і сайт афармляла дызайнерка Ганна Драпеза, якая была аўтарам лога і дызайнерам гурта яшчэ ў 1990-я — 2000-я.
Пазнаёміцца са спадчынай культавага калектыву можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: