Сёння, 4 лістапада, нарвежскім намінантам на «Оскар-2024» — дакументальнай стужкай «Песні зямлі» Маргрэт Олін — распачаўся X фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». Праграма форума, які ладзіцца сёлета пад слоганам «Вярнуцца да каранёў», уключае 16 беларускіх фільмаў і 15 карцін з краін Скандынавіі і Балтыі. Юбілейны кінафэст, як і ў апошнія два гады, праходзіць у гібрыдным фармаце: offline — у Таліне, Вільні і Варшаве, а таксама бясплатна online па ўсім свеце.
Каманда фестывалю на чале з прадзюсаркай і кінематаграфісткай Воляй Чайкоўскай на юбілейную эдыцыю падрыхтавала шэраг разнастайных праграм, акрамя міжнароднай і беларускай. Гэта і падборка ўкраінскіх стужак Ukraine mon amour, конкурсная праграма кароткаметражных фільмаў Shortcut, міжнародны конкурс дэбютаў, адмысловая праграма «Нязломнасць», у якой сабраныя фільмы, якія паказваюць «здольнасць чалавечага духу трываць, адаптавацца і супраціўляцца».
Нагадаем, што ў беларускім конкурсе можна будзе ўбачыць нашумелую карціну Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», натхнёную гісторыяй беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, анімацыю Юрыя Сямашкі «Кроў і караоке», дакументальную карціну Паўла Мажара «Непажаданае сваяцтва», у якой беларускі рэжысёр, які зараз жыве ў Германіі, ставіць пытанне аб уласнай адказнасці за вайну, развязаную Расіяй ва Украіне.
У міжнародным блоку будуць паказаныя: пераможца конкурсу Rebels with a Cause на кінафестывалі «Цёмныя ночы» ў Таліне — стужка «5 1⁄2 гісторый кахання ў адной вільнюскай кватэры» Томаса Венгрыса; намінант на «Залатога леапарда» ў Лакарна, кічавая хэві-метал кунг-фу камедыя «Нябачны бой» Райнера Сарнета (дарэчы, эстонскі рэжысёр з’яўляецца ўладальнікам Гран-пры фестывалю «Лістапад-2017»); нон-фікшн драма пра жыццё аўтсайдара «Мара Герганы» ад рэжысёра Таніслава Хрыстова («Незвычайнае жыццё дзяўчыны па імені Ві»; «Паўночнае ззянне»-2019), іншыя карціны.
Усе фільмы online-праграмы будуць даступныя бясплатна пасля рэгістрацыі згодна з раскладам з 00:00 да 23:59 па Мінскім часе, удакладняе каманда «Паўночнага ззяння».
Глядзець поўны расклад фэсту можна тут.
Падтрымаць фестываль, які сёлета будзе доўжыцца да 21 лістапада, можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram