Выстава фотаздымкаў страчанай вуліцы Нямігі адкрыецца ў Мінску

Культура
Вуліца Няміга да 1978 года. Фота: сацсеткі Музея гісторыі горада Мінска.

«Успамін пра Нямігу» — 6 ліпеня ў дворыку Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрыецца выстава рэдкіх фатаграфій вуліцы Няміга ў 1900-я –1970-я гады. Ад фотаздымкаў нізкапавярховай забудовы «ў стылі барока і класіцызму», драўляных маставых, будаўніцтва насцілу над перасохлай ракой, якая працякала па цэнтры вуліцы — да апошніх дзесяцігоддзяў жыцця старой вуліцы — у 1950-я –1970-я.

Ідэя стварэння гэтай выставы з’явілася дзякуючы дзіўнаму выпадку, адзначаецца на старонцы музея. Супрацоўніца ўстановы Яўгенія Стальмахова выпадкова знайшла каля свайго пад’езду выкінутыя суседзямі фотастужкі.

«Гэта быў цэлы сямейны архіў, і, відаць, аўтар фатаграфій працаваў у інстытуце Белпрампраект, бо сярод здымкаў было нямала кадраў, на якіх зафіксаваны нефармальныя будні інжынераў. Але яшчэ больш нас зацікавілі рэдкія віды старой забудовы вуліцы Нямігі да яе рэканструкцыі, якія таксама захаваліся на стужцы», — раскрывае перадгісторыю выставы каманда Музея гісторыі горада Мінска.

Выстава фотаздымкаў страчанай вуліцы Нямігі адкрыецца ў Мінску
Фота: сацсеткі Музея гісторыі горада Мінска.

Далей інстытуцыя звярнулася да Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі — і ідэя вылілася ў паўнавартасны праект, у межах якога можна ўбачыць як фатаграфіі Нямігі, так і дакументы, якія распавядаюць пра гісторыю забудовы вуліцы.

«Мінск і Няміга неаддзельныя адно ад аднаго пачынаючы з першай летапіснай згадкі ў сувязі з бітвай 3 сакавіка 1067 года. Побач з Нямігай знаходзіўся Мінскі замак, ад якога і пачаў расці Мінск; Ніжні рынак – адзін з гандлёвых цэнтраў старажытнага горада; тут захаваўся самы стары будынак Мінска – Сабор святых апосталаў Пятра і Паўла, — нагадваць музейшчыкі. — Увазе наведвальнікаў выставы прадстаўлены рэдкія фатаграфіі 1900-х –1970-х гадоў».

Выстава фотаздымкаў страчанай вуліцы Нямігі адкрыецца ў Мінску
Фота: сацсеткі Музея гісторыі горада Мінска.
Выстава фотаздымкаў страчанай вуліцы Нямігі адкрыецца ў Мінску
Фота: сацсеткі Музея гісторыі горада Мінска.

Музей асабліва звяртае ўвагу на фотаздымкі культавых будынкаў Нямігі.

«Сабор святых апосталаў Пятра і Паўла і Халодная сінагога. Сабор перажыў некалькі рэканструкцый, змену яго вонкавага аблічча можна прасачыць на выставе. Забудова вуліцы Школьнай, якая звязвала Верхні горад з Нямігай, і адзін з найстарэйшых мураваных будынкаў Мінска – Халодная сінагога – захаваліся толькі на фатаграфіях».

У межах праекта таксама можна будзе ўбачыць пачатак будаўніцтва сучасных будынкаў: інстытута Белпрампраект і шматкватэрнага жылога дома з гандлёвым цэнтрам «На Нямізе» – працэс трансфармацыі прадстаўлены ў выглядзе архітэктурных праектаў і планаў архітэктара С. С. Мусінскага.

Таксама будзе адлюстравана і хроніка будаўніцтва метро і станцыі «Няміга» — у фатаграфіях вядомага аўтара П. В. Кастрамы.

«Апошнія пераўтварэнні вуліцы ў 2000-х, якія праходзілі па праекце «Успамін пра Нямігу» пад кіраўніцтвам С. Г. Багласава, завяршылі забудову няцотнага боку вуліцы», — дае прадстаўленне пра змест праекта інстытуцыя.

Выстава фотаздымкаў страчанай вуліцы Нямігі адкрыецца ў Мінску
Фота: сацсеткі Музея гісторыі горада Мінска.

Музей размясціў у сваіх сацсетках фотаздымкі старачанай забудовы вуліцы Нямігі разам з адмысловай мапай, дзе пазначаны месцы, з якога зроблены фатаграфіі. Нумары фотаадбіткаў пазначаны ў левым куце выявы.

Выстава фотаздымкаў страчанай вуліцы Нямігі адкрыецца ў Мінску
Фота: сацсеткі Музея гісторыі горада Мінска.

Адкрыццё выставы, нагадаем, адбудзецца 6 ліпеня а 17.00. Уваход — вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости

REFORM.news (ранее REFORM.by)

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: