У выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея працуе выстава, прысвечаная 100-годдзю Сямёна Геруса, якога лічаць пачынальнікам сучаснай беларускай тыражнай графікі.
Паводле стваральнікаў выставы, творчасць Геруса стала «сувязным звяном паміж працамі даваенных графікаў і ў тым ліку выхаваным ім самім пакаленнем мастакоў, якія пачалі выстаўляцца ў 1960-х гадах».
Сямён Пятровіч Герус нарадзіўся на Навагрудчыне, вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы, а пасля — у Дзяржаўным мастацкім інстытуце Літоўскай ССР у Вільні.
У 1953 годзе мастак вяртаецца ў Беларусь, каб заняць пасаду выкладчыка на кафедры графікі мастацкага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, дзе прапрацаваў амаль 14 гадоў. Ён стаў першым выкладчыкам кафедры і арганізаваў майстэрню друкаванай графікі, дзе кшталтавала майстэрства цэлае пакаленне вядомых беларускіх творцаў — вучнямі Геруса былі Арлен Кашкурэвіч, Людвіг Асецкі, Рыгор Віткоўскі і іншыя.
Герус — стваральнік гістарычных партрэтаў Кастуся Каліноўскага, Францыска Скарыны, Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча.

У пасляваенныя гады мастак быў першым, хто стварыў партрэт Францыска Скарыны і звярнуўся да гістарычнай тэмы, хоць у тыя часы нават нейкі напамін на рэгіянальнасць тэматыкі лічыўся не вельмі прымальным.
Герус маляваў і сваіх сучаснікаў, напрыклад, з 1953—1956 рабіў партрэты Якуба Коласа, неаднаразова сустракаўся з ім. Замалёўкі, датаваныя 1956 годам, выкананы літаральна ў апошні месяц жыцця паэта.

На выставе паказалі і лірычныя гарадскія краявіды Мінска, якія захавалі для нас воблік пасляваеннай сталіцы.


«У яго лепшых графічных лістах — эфектных відах Мінска, далікатных сельскіх пейзажах, выразных партрэтах сучаснікаў і вядомых людзей мінулага прасочваецца сама сутнасць развіцця беларускай гісторыі – «ад лучыны да атамнага рэактара», — падкрэсліваюць куратары выставы.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за паўсотні работ арыгінальнай і тыражнай графікі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, прыватных калекцый, а таксама асабістыя фатаграфіі і дакументы аўтара з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

