«Выратавальная аперацыя» даўжынёй у 10 гадоў: Віленскі беларускі музей атрымаў калекцыю знакавай постаці паваеннай эміграцыі

У Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча дастаўлены дзясяткі скрынак з асабістай калекцыяй і архівам Юрыя Попкі (1912–1990) — беларускага дзеяча, які пасля Другой сусветнай вайны стварыў у нямецкім Ляймане прыватны музей з мэтай папулярызацыі беларушчыны.

Гэта стала магчымым дзякуючы аб’яднанням высілкаў даследчыка і актывіста Алеся Майсеенкі, які прысвяціў амаль 10 гадоў, каб адшукаць і юрыдычна аформіць збор паваеннага грамадскага дзеяча, і аб’яднанню беларусаў Германіі «РАЗАМ eV».

Хто такі Юрый Попка?

Юрый Попка (1912–1990) — знакавая постаць паваеннай эміграцыі. Пісьменнік, выдавец і грамадскі дзеяч, які пасля эміграцыі прысвяціў сябе папулярызацыі беларускай культуры ў Еўропе. У нямецкім Ляймане ў 1971 годзе ён заснаваў прыватны музей ва ўласнай кватэры на Гётэштрасэ, збіраючы рэдкія кнігі, аддзенне, посуд, перыядычныя выданні. Для яго было прынцыпова важна, каб еўрапейцы бачылі Беларусь як самастойную культуру. Афіцыйнае адкрыццё інстытуцыі адбывалося ў 1982 годзе з удзелам мясцовых беларусаў і мэра горада Герберта Эрбара.

У 1987-м на могілках у раёне Ляйману Санкт-Ільгене намаганнямі рупліўца быў усталяваны помнік загінулым у 1939—1945 гадах беларусам. Юрый Попка заснаваў таксама Інстытут беларусаведы, які меў на мэце заахвочванне даследаванняў па гісторыі Беларусі. У Інстытуце выдаваліся кнігі Попкі і іншых эміграцыйных беларускіх аўтараў, а ад 1986 года і друкаваны орган «Весткі Інстытута беларусаведы».

Першыя экспанаты са збору. Фота: сацсеткі музея.

Што здарылася з калекцыяй?

Пасля смерці Юрыя Попкі яго маёмасць і зборы засталіся гораду Ляйману. Аднак замест захавання калекцыя апынулася на складзе, дзе частка экспанатаў знікла, а частка сур’ёзна пацярпела ад патопу. Яе выратаванне стала сапраўднай місіяй для беларускай дыяспары. Беларускі даследчык і актывіст Алесь Майсеенка прысвяціў амаль 10 гадоў (пачынаючы з 2017-га), каб адшукаць і выратаваць тое, што засталося ад збораў Попкі.

Фінальны рывок па транспарціроўцы выратаванага архіву з Ляйману ў Вільню ажыццявіла аб’яднанне беларусаў Германіі «РАЗАМ eV».

Першыя экспанты збору. Фота: сацсеткі музея.

Што гэта ўсё значыць? 

Супрацоўнікі Віленскага беларускага музея рыхтуюцца да доўгіх месяцаў карпатлівай працы па сістэматызацыі архіва. Збор налічвае дзесяць скрынак.

«Нас чакаюць доўгія месяцы апрацоўкі гэтай калекцыі, і пакрысе будзем вам распавядаць, што ж у гэтых скрынках да нас прыехала», — падзялілася радаснай навіной каманда Віленскага беларускага музея.

Дзякуючы высілкам неабыякавых беларусаў музей атрымаў унікальнае папаўненне.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!