Рэгрэс у сферы правоў жанчын, працяг дыскрымінацыі — у Еўропе сотні тысяч жанчын выйшлі на мітынгі з нагоды Міжнароднага жаночага дня. Рост правых і ультраправых настрояў пагражае абмежаваннем жаночых свабод, перадае меркаванне ўдзельніц шэсця ў Бруселі Euronews.com. А што адбываецца з правамі жанчын у Беларусі?
Жанчыны Еўропы вылучылі падчас шэсцяў розныя аспекты гендэрнай няроўнасці.
У Рыме пратэстоўцы патрабавалі пакласці канец гендэрнаму гвалту. Падчас маршу ўдзельніцы размахвалі вязанкамі ключоў, падкрэсліваючы той факт, што большая частка гвалту супраць жанчын адбываецца ў іх дома.
У Афінах актывісткі звярнулі ўвагу на эканамічную дыскрымінацыю. Нягледзячы на шматлікія законы на нацыянальным і еўрапейскім ўзроўні, няроўнасць у заробку між мужчынамі і жанчынамі захоўваецца.

У інтэрв’ю выданню Dekoder.org гендэрная экспертка і праваабронца, сузаснавальніца Фемгрупы Юлія Міцкевіч акрэсліла сітуацыю з правамі жанчын у Беларусі.
«У Беларусі [зараз адбываецца] гуманітарная катастрофа, а жанчыны — самая вялікая, уразлівая з прыгнятальных груп у краіне. Мноства сем’яў закранута рэпрэсіямі. Менавіта жанчыны, як правіла, бяруць на сябе задачу пісаць лісты, збіраць пасылкі, а гэта займае час, адбірае рэсурсы.
У Беларусі няма закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. У Беларусі няма больш шэлтэра. Ёсць яшчэ такая праблема: жанчыны часта не звяртаюцца ў міліцыю, бо баяцца яе».
Юлія Міцкевіч канстатавала пагаршэнні сітуацыі ў сферы правоў жанчын у параўнанні з мінулымі гадамі. Пасля актыўнага ўдзелу жанчын у пратэстах 2020 года рэжым пачаў помсціць жанчынам.
«Для Лукашэнкі жанчыны — гэта аб’ект, яны павінны быць толькі «упрыгожаннем». І рэжым асобна карае жанчын за іх супраціў. Найперш, вядома, гаворка пра жанчын-палітвязынак. Хоць рэпрэсіі закранулі не толькі тых, хто сядзіць. Ёсць жанчыны, якія вымушаныя былі эміграваць, засталіся без працы. Часта з дзецьмі, часта — гэта сола-маці.

Прапаганда ўвесь час распавядае, як сістэма клапоціцца пра жанчын, будучых маці, заклікае нараджаць. Гэта вельмі цынічна, таму што пры гэтым жанчын-палітвязынак караюць асаблівым чынам, уплываючы на іх рэпрадуктыўнае здароўе, якое яны губляюць. Магчыма, сярод гэтых жанчын ёсць тыя, хто хацеў бы стаць мамамі — зноў ці ўпершыню. А могуць, на жаль, ужо не стаць».
Першая намесніца прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацпалітыцы кажа, што «ўсе жанчыны ў Беларусі цяпер пад падазрэннем у рэжыму», і што гэтым уразлівым палажэннем карыстаюцца мужчыны-аб’юзеры.
«Пасля 2020 года рэжым падзяліў грамадства, і жанчыны цяпер ёсць «правільныя» і «няправільныя», [ёсць тыя,] каму будзем дапамагаць, каму — не, хто няхай у турмах гніе. Напрыклад, у камеры сядзяць дзесяць жанчын, у іх пачынаюцца месячныя, ім не даюць пракладак. Гэта асаблівы від катаванняў, як і многае іншае.
Мы ведаем, як караюць жанчын, адбіраючы дзяцей, ставячы сем’і ў Сацыяльна Небяспечнае Становішча. Ёсць гісторыі, калі мужы здзекуюцца з жонак, якія прыгавораны да абмежавання волі, кажучы: «Я адбяру ў цябе дзіця, суд будзе на маім баку, таму што ты — палітычная, у цябе няма правоў». Партнёры-аб’юзеры кажуць: «Калі падасі на мяне ў міліцыю, я раскажу, што ты ўдзельнічала ў пратэстах. Ці хлушу, і мне павераць».

Пры гэтым Юлія Міцкевіч адзначае, што ў дэмакратычных колах па пытаннях гендэрнай роўнасці мужчыны часта не адрозніваюцца ад тых, хто зараз ва ўладзе.
«Мы чатыры гады дамагаліся, каб пытанні гендэрнай роўнасці, правоў жанчын былі на парадку дня дэмакратычных сіл! — заўважае яна. — Нам як Фемгрупе ўдалося на выбарах у Каардынацыйную раду [у 2024 годзе] дамагчыся прыняцця гендэрных квот. Супраціву было вельмі шмат. Не толькі з боку мужчын, але і з боку жанчын, напрыклад, з прамілітарысцкіх груп».
«Хоць мы па-ранейшаму жывем у свеце, зробленым пад мужчын», Юлія Міцкевіч кажа, што новае пакаленне апазіцыі адрозніваецца ад папярэдняга.
«Змены — вынік доўгай барацьбы, на якую асабіста я паклала 25 гадоў свайго жыцця і працягваю гэта рабіць, таму што я ў гэта вельмі веру.
Цяпер шмат хто знясілены, у іх выгаранне, куча іншай працы. Але без жанчын, якія працягваюць быць у грамадзянскім актывізме, нічога ў палітыцы не здарыцца. Гэта наша «маленькая вялікая справа». Ужо тое, што мужчыны прыходзяць у дэмсілы і не могуць дазволіць сабе сказаць, што яны супраць гендэрнай роўнасці, нават калі яны не тое, каб за, — гэта таксама маленькі крок».

«Тое, што робяць жанчыны ў актывізме і ў палітыцы, найчасцей нябачна, — падсумоўвае Юлія Міцкевіч. — І важна падкрэсліваць гэты нябачны жаночы ўнёсак, які дае велізарны вынік. Ні ў якую Новую Беларусь без гэтага я не веру».
Нагадаем, што Юлія Міцкевіч, а таксама яе калегі — праваабаронцы Дар’я Афанасьева і Ірына Альхоўка — былі сёлета ўзнагароджаны прэміяй Ганны Кляйн за ўнёсак у гендэрную дэмакратыю.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram