Выдавец Раман Цымбераў паведаміў у сацсетках, што ў продаж паступае першы том «Энэіды» Вергілія, у які ўвойдуць кнігі з першай па шостую.
Перакладчык старажытнарымскага эпасу — Лявон Баршчэўскі.
«Энэіда» — эпічны твор на лацінскай мове, напісаны паміж 29 і 19 гадамі да н.э. і прысвечаны гісторыі Энея, легендарнага траянскага героя, які перасяліўся ў Італію з рэшткай свайго народа. Паэма напісана дактылічным гекзаметрам і складаецца з 12 кніг.
За апошні час Лявон Баршчэўскі пераклаў на беларускую мову шэраг старажытных эпасаў. Надрукаваныя старажытнагрэцкая паэма Гамера «Іліяда», месапатамскі «Эпас пра Гільгамеша» і эпас народа мая-кічэ «Попаль Вух».
Неўзабаве выданне можна будзе замовіць праз сайт Kniger.by з перасылкай па ўсім свеце, або купіць у Мінску ў краме ў ГЦ «Купалаўскі» пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41—42 (станцыі метро Купалаўская і Кастрычніцкая). Магчымая кур’ерская дастаўка па горадзе. Плануецца дастаўка ў Вільню і Варшаву.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram