Сем сучасных беларускіх артыстаў пераасэнсавалі вершы яўрэйскiх паэтаў Беларусі, якія пісалі на ідышы ў першай палове XX стагоддзя, і ператварылі іх у арыгінальныя музычныя кампазіцыі ў розных жанрах: ад летуценнага даба і электронікі да арт-рок эксперыментаў і рэпу.
Іх музычны альбом атрымаў назву Yiddish Veršes, ён ініцыяваны Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны ў партнёрстве з музычным лэйблам Radio Plato. Яго мэта — вярнуць у культурную прастору пласт беларускай гісторыі, выцеснены з грамадскай памяці. Yiddish Veršes прапануе новае прачытанне культурнай спадчыны, што дзесяцігоддзямі заставалася ў ценю.
У альбом увайшлі кампазіцыі на вершы Лейба Найдуса, Мойшэ Кульбака, Ізі Харыка, Абрама Рэйзена — вялікіх паэтаў, чые імёны сёння амаль невядомы шырокай аўдыторыі, а ідыш — мова, на якой яны пісалі, знік са штодзённага жыцця.
Удзельнікамі альбома сталі сем беларускіх музыкаў: Palina, Tok Rukoo, KOOB, WTBSK, Syndrom Samazvanca, Лайтовы і Anastasia Rydlevskaya. Артысты вялі відэадзённікі, дакументуючы працэс узаемадзеяння з паэзіяй — іх фрагменты леглі ў грунт спецыяльнай візуальнай Instagram-кампаніі праекта.
Экспертную падтрымку Yiddish Veršes аказваюць літаратуразнаўца, прафесар славістыкі і юдаікі Міхаіл Круцікаў (University of Michigan) і лінгвіст Сяргей Шупа (Прага).
Yiddish Veršes — гэта не спроба ўзнавіць мінулае, а спосаб уключыць яго ў сучаснасць — праз музыку, выявы і асабісты водгук. Гэта мастацкі жэст захавання і пераасэнсавання.
Назва праекта Yiddish Veršes наўмысна ўлучае літару «š» — гэта візуальны і гукавы жэст у бок беларускай лацінкі, што падкрэслівае сувязь яўрэйскіх паэтаў з рэгіёнам, дзе яны нарадзіліся, жылі і стваралі.
Кампазіцыі з альбома Yiddish Veršes:
- KOOB & Thomas Varrall — «Lejb Najdus» — (верш: Лейб Найдус «Я сэрцам сонца п’ю нэктар»)
- Лайтовы — «Немата» — (верш: Мойшэ Кульбак «Немата»)
- Palina — «Маладым» — (верш: Ізі Харык «Не жыві ў паняверцы…»)
- Anastasia Rydlevskaya — «Howl» — (верш: Абрам Рэйзэн «Howl, Howl, Raging Winds»)
- Syndrom Samazvanca — «Viecier» — (верш: Ізі Харык «Мокры, згублены вецер…»)
- Tok Rukoo — «Sérénade Mélancolique» — (верш: Лейб Найдус «Sérénade Mélancolique»)
- WTBSK — «Heler Papir / Сьветлая папера» — (верш: Мойшэ Кульбак «Песьня бедняка (3)»)
Публічная прэзентацыя альбома адбудзецца 13 чэрвеня ў Вільні ў рамках гарадскога фестывалю «Ноч культуры» з удзелам артыстаў-выканаўцаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram