У незалежным выдавецтве «Sviedki» выйшла кніга «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага пераследу ў фактах і дакументах». Над выданнем, якое публікуецца на рускай мове, больш за два гады працавала беларуская паэтка і рэдактарка Сабіна Брыло.
«Было цяжка, але тут лёгка і не можа быць. І, скажу вам, лягчэй не будзе», — анансавала выхад кнігі творца ў сваіх сацсетках.
Кніга Сабіны Брыло прэзентуецца як «хроніка зламыснага пераследу Віктара Бабарыкі, які разгортваецца на фоне сістэмнага знішчэння ў Беларусі свабоды слова».
«Аўтарка па днях аднаўляе драму ад моманту рашэння Бабарыкі ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года аж да наступных выбараў у студзені 2025-га. Змест кнігі — па сутнасці, гістарычная рэканструкцыя — грунтуецца на адкрытых крыніцах, аўтарскіх інтэрв’ю, архівах, матэрыялах праваабарончых арганізацый і ўнікальных дакументах, перададзеных адвакатамі галоўнага героя», — адзначаецца ў анатацыі.
Сярод адкрытых крыніц, што выкарыстоўваюцца ў кнізе — інфармацыя з дзяржаўных і недзяржаўных медыя, сацыяльных сетак, вынікаў маніторынгаў, а таксама апытанняў і інтэрв’ю, праведзеных адмыслова для выдання. Ключавыя дакументы — матэрыялы судовых пасяджэнняў, які прадаставілі аўтарцы адвакаты Віктара Бабарыкі.
«Можна сказаць, што перад вамі — добрасумленна падрыхтаваны гістарычны дакумент. А дакладней — драма, якую напісала сама Гісторыя. Тут няма прыдуманых дыялогаў, маналогаў ці рэплік. Усе дзеючыя асобы гэтай драмы гавораць сваёй мовай. Аўтар толькі вывеў іх на сцэну і папрацаваў над яе асвятленнем», — гаворыцца ў прадмове да «Справы Віктара Бабарыкі».
Прэзентацыя кнігі адбудзецца 31 траўня падчас Міжнароднага кірмаша кнігі ў Варшаве.
Набыць хроніку можна тут. Беларускамоўнае выданне плануецца ў верасні, але зрабіць яго перадзаказ ужо магчыма.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
