У сацсетках выдавецтва «Янушкевіч» з’явіўся пост пра змену стратэгіі існавання. Падвёўшы вынікі за паўгода, выдавецтва ўбачыла, што ў першым паўгоддзі 2026-га заказы ўпалі амаль на трэць і цяпер бачыць перад сабой дзве задачы: жорсткую рацыяналізацыю ў выдатках і захаванне існуючай чытацкай аўдыторыі.
Супрацоўнікі разлічваюць на распаўсюд выдадзеных раней кніг.
«Быў і іншы разлік — у варунках спаду ўласнай актыўнасці абаперціся на продаж навінак нашых калег. Створаная і наладжаная інфраструктура дазваляе нам гэта рабіць. Нагадаем, гэта інтэрнэт-кнігарня Knihauka.com з шырокімі магчымасцямі дастаўкі і аплаты, стацыянарная крама ў Варшаве, актыўныя акаўнты на маркетплэйсах Allegro, Empik i Amazon».
Аднак новая стратэгія дзейнічае з пераменным поспехам, бо ў апошнія паўгода не выстраліла заўважным поспехам у продажах ніводная беларуская навінка, хіба толькі акрамя хіба што 3 і 4 тамоў «Silva Rerum» Крысціны Сабаляўскайце (выдавецтва «Вясна»).
Прычына — змяншэнне чытацкай аўдыторыі, падзенне інтарэсу да кніг. «Тут кніжны рынак цудоўна ўпісваецца ў агульныя тэндэнцыі крызісу ў беларускіх супольнасцях. Мы спрабуем змагацца з гэтым з дапамогай рэкламы ў сацсетках, больш шчыльным кантакце з патэнцыйнай аўдыторыяй. Але без новага цікавага і якаснага асартыменту, выданняў, рэальна запатрабаваных чытачамі, нічога не выйдзе», — адзначаюць у выдавецтве.
Грае ролю і цэнавы фактар.
І яшчэ адна істотная прычына – існаванне ў рэжыме «экстрэмісцкай арганізацыі», што моцна б’е па ахопе аўдыторыі з Беларусі. Людзі баяцца, кнігаабарот падае. Сёння гэта вельмі заўважная тэндэнцыя.
Далей выдавецтва чакае змяншэнне накладаў, пошук датацый і інвестыцый, бо ўласных рэсурсаў будзе папросту бракаваць. «Мы маем у партфелі некалькі прыстойных навінак, але іх лёс, як і іншых будучых праектаў, будзе залежаць ад правільнасці і паспяховасці выбранай намі лініі. Раім падпісацца на нашы абвесткі на knihauka.com, дапамагайце нам, калі ласка, у зваротнай сувязі і чытайце кнігі, тыя кнігі, якім вам хочацца чытаць», — прапануе каманда.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
