Пятага верасня ў варшаўскім клубе NIEBO прайшоў V музычны фестываль «Грай». Поўная зала (sold out) на 200 месцаў, добры гук, сем гуртоў і атмасфера адрыву і яднання. «Грай» прыгожа завяршае сезон беларускіх летніх фэстаў, дэманструючы моцны беларускі запал.
Адкрывалі шматгадзінны музычны марафон маладыя гурты Rodvaloth і RaState. Нагадаем, што магчымасць раздзяліць сцэну з вядомымі музыкамі яны выйгралі ў конкурсе для маладых выканаўцаў, які традыцыйна ладзіць «Грай». Журы спынілася на выбары адразу двух калектываў, бо спаборніцтва было моцным; арганізатыры фэсту атрымалі дзесяткі заявак ад маладых артыстаў на конкурс, і за Rodvaloth і RaState прагаласавалі і слухачы, і журы.
Ад маладых артыстаў эстафету пераняў улюбёнец публікі — гурт «Разбітае Сэрца Пацана». Выдатныя драйвовыя песні для слэму — каронная фішка ад Dzieciuki, які выступалі наступнымі. Далей на сцэну выйшлі яшчэ адны «заслужаныя экстрэмісты» — панкі «Дай Дарогу!» на чале з Юрыем Стыльскім. J:Морс яшчэ больш падняў градус супольнай энергіі. І завяршаў марафон гурт Volski — як гаворыцца, хто дачакаўся да канца, той не пашкадаваў.
Адзначым, што цягам вечара ладзіўся дабрачынны аўкцыён у падтрымку беларускіх творцаў. Вядоўцы імпрэзы Валер Руселік і Марына Савіцкая, якія стваралі атмасферу падзеі, прапаноўвалі розныя лоты для набыцця: ад галоўнага ўбору Алеся Дзянісава з «Дзецюкоў» — да карціны мастака Яраслава Кірвеля, які захаваў на палатне Лявона Вольскага падчас сумеснага выступу з Atesta. Агулам на дабрачынным аўкцыёне ўдалося сабраць каля 8 тысяч злотых.
Фестываль наведала беларуская лідэрка Святлана Ціханоўская, Франак Вячорка, Павел Баркоўскі. За раздачай аўтографаў паспелі заспець і музычнага журналіста, пісьменніка Аляксандра Чарнуху.
На імпрэзе працаваў арт-маркет, дзе можна было набыць вырабы беларускіх майстроў ды таксама сустрэцца з постацямі беларускай палітычнай і культурнай сцэны. «Я вельмі класна правёў сёння час, — падзяліўся сваімі ўражаннямі адзін з наведвальнікаў, — Добры гук, музыка, і шмат прыгожых і адэкватных беларусаў і беларусак».








































Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
