«Возера радасці» — фільм, які прынёс славу Аляксею Палуяну, можна глядзець на Vodblisk

Культура
Бэкстэйдж з фільма «Возера радасці». Фота: Аляксандра Канончанка.

У анлайн-кінатэатры Vodblisk стала даступнай для прагляду стужка Аляксея Палуяна «Возера радасці». Менавіта яна прынесла беларускаму рэжысёру, аўтару ў будучыні карціны «Кураж» («Смеласць»), міжнароднае прызнанне — фільм трапіў на семдзесят кінафестываляў свету, атрымаў трыццаць узнагарод і быў вылучаны на прэмію «Оскар». «Возера радасці» адкрыла беларускаму кінематаграфісту шлях у свет еўрапейскага кіно.

Гэта ігравая стужка, створаная паводле аднайменнага рамана Віктара Марціновіча, распавядае пра дзевяцігадовую беларуску Ясю. Пасля смерці маці дзяўчынка намагаецца весці гаспадарку, але бацька прымае рашэнне аддаць яе ў інтэрнат. Патрапіўшы туды, Яся вырашае самастойна вярнуцца дадому.

«Гэта драма пра моцнага чалавека, які ва ўзросце 9 гадоў абірае свой жыццёвы шлях», — такую кароткую анатацыю дае на кінатвор Аляксей Палуян.

Карціна здымалася ў Беларусі ў 2017 годзе ў чатырох вёсках Ляхавіцкага раёна: Востраў, Альхаўцы, Ліпск і Любейкі.

Галоўныя ролі ў фільме выконваюць: Ігар Сігоў, Святлана Анікей, Дзяніс Тарасенка, Алесь Малчанаў, але сапраўдным адкрыццём стала Наста Пляц — дзяўчынка, якая сыграла Ясю. Актрысу на галоўную ролю рэжысёр знайшоў у школе-інтэрнаце ў Магілёве: Аляксей з камандай аб’ездзілі не адну ўстанову, пакуль не ўбачылі Насту.

«Памятаю, як мы зайшлі з маёй асістэнткай Ірынай у пакой і папрасілі дзетак нам падыграць. Усе адгукнуліся, а адна дзяўчына стаіць у куце і так уважліва нас вывучае. Маўклівая, стрыманая, а вочы — такія дарослыя. Я не мог яе не заўважыць. Потым мы пагутарылі і я сказаў: Яся — гэта яна», — распавёў пра сваю сустрэчу з дзяўчынкай Аляксей Палуян.

"Возера радасці" - фільм, які прынёс славу Аляксею Палуяну, можна глядзець на Vodblisk
Фота: Аляксандра Канончанка.

Наста Пляц за сваю акцёрскую працу ў карціне была адзначана на фестывалі FICBUEU ў Іспаніі, а таксама была прызнана «Найлепшай актрысай» за 2019-2020 гады на Прэміі беларускай кінапрэсы «Чырвоны верас».

«Фільм адбыўся ў першую чаргу дзякуючы Насце Пляц. Тут няма сумневаў, хто самы галоўны ў стужцы», — падкрэслівае беларускі кінематаграфіст.

Рэжысёр лічыць, што карціна невыпадкова мела такі поспех на міжнародных пляцоўках, бо адначасова яна распавядае гісторыю ўніверсальную, але і гісторыю, якая адбываецца ў Беларусі.

«Мне падаецца, што наша краіна, у прыватнасці, вёска ўтрымлівае ў сабе прыкметы самых розных часоў. (Падкрэслю, што буйныя гарады пакідаем тут па-за дужкамі). І такая міжчасавасць — вялікае візуальнае багацце для кінематаграфістаў. Я нават пытаў аўдыторыю ў розных краінах: што гэта за час, на вашу думку? І людзі мне адказвалі: 1960-я, 1930-я, 1980-я, 1990-я… Дзе такое магчыма? — разважае кінематаграфіст і дадае. — Я імкнуся паказаць культуру Беларусі — мне хочацца адкрыць яе свету…».

Варта дадаць, што над стварэннем кіно працавала міжнародная каманда з Беларусі, Германіі і Іспаніі.

"Возера радасці" - фільм, які прынёс славу Аляксею Палуяну, можна глядзець на Vodblisk
Бэкстэйдж з фільма «Возера радасці». Фота: Аляксандра Канончанка.

Аляксей Палуян — беларускі рэжысёр родам з Баранавічаў, аўтар ігравых і дакументальных стужак «Край жанчын», «Парушэнне спакою», «Возера радасці», «Кураж» («Смеласць»). Адзін з заснавальнікаў Беларускай незалежнай кінаакадэміі, сябра Еўрапейскай кінаакадэміі. Сёння жыве ў Германіі.

Фільм можна глядзець на сайце Vodblisk — гледачам з замежжа ён даступны за 5$, а тым, хто ў Беларусі — бясплатна.

За абнаўленнямі на Vodblisk можна сачыць на старонцы ў інстаграме праекта.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: