У адным з найбольш вядомых музеяў Скандынавіі — музеі Луізіяна, што на поўначы ад Капенгагена — учора адкрылася маштабная выстава Хаіма Суціна. У экспазіцыі праекта прадстаўлена каля 70 палотнаў сусветнавядомага мастака Парыжскай школы, ураджэнца Смілавічаў, пазычаных з музеяў і ў прыватных калекцыянераў Эўропы, Ізраіля і ЗША. Гэта першая падобная выстава Хаіма Суціна ў Паўночнай Еўропе.
«Выбухі колеру. Палымяныя мазкі. Галавакружныя перспектывы. Карціны, якія вібруюць паміж бязлітасным скажэннем і шчырай адчувальнасцю. Луізіяна прадстаўляе першую выставу ў Паўночнай Еўропе з Хаімам Суцінам, адным з вядучых і найбольш адметных экспрэсіяністаў Парыжскай школы», — так скандынаўскі музей анансуе выставу аўтара знакавай для беларускіх пратэстаў «Евы».
Варта адзначыць, што ў анатацыі да выставы месца нараджэння славутага габрэйскага мастака пазначаецца як Беларусь.
«Хаім Суцін вырас у крайняй галечы ў габрэйскай артадаксальнай сям’і ў тым месцы, якое сёння вядома як Беларусь. Ужо змалку ён усведамляе, што хоча быць мастаком, і, нягледзячы на вялікі клопат бацькоў, яго пускаюць на ўрокі малявання ў Мінску».
Выставачны праект у Луізіяна апісваецца наступным чынам:
«Тут [прадстаўленыя] яскравыя партрэты звычайных людзей, якія апынуліся на ўскрайку або на дне грамадства, як і сам Суцін большую частку свайго жыцця. Тут дзівосна калышуцца і ўзрываюцца фарбамі пейзажы. І тут жа [можна ўбачыць] загадкавыя нацюрморты, драматычныя і жудасныя з выявай забітых жывёл».
Музей падкрэслівае, што можа падацца дзіўным, што да гэтага часу творам Суціна не надавалася такая ўвага ў Паўночнай Еўропе ў параўнанні з яго калегамі — Амадэа Мадыльяні і Маркам Шагалам.
«Але новы выставачны праект дазваляе, нарэшце, адкрыць яго сусветы і работы», — падсумоўвае музей.
Выстава Хаіма Суціна ў музеі Луізіяна будзе працаваць да 14 ліпеня 2024 года.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: