Вялікая выстава беларускага мастака Сяргея Шабохіна адбудзецца ў Познані

Культура
Фота: marinadashuk.art.

Выстава аднога з найважнейшых мастакоў беларускага contemporary art Сяргея Шабохіна пройдзе ў Познані. Экспазіцыя пад назвай «Атлас Тэктанічных Ландшафтаў» («Atlas Krajobrazów Tektonicznych») адкрыецца 3 лютага ў Гарадской Галерэі «Арсенал» (Galeria Miejska Arsenał).

Куратарам выставы выступае слынны польскі мастацтвазнаўца, крытык і даследчык Марэк Васілеўскі.

На выставе будуць прадстаўленыя розныя серыі беларускага мастака: «Сацыяльны мармур», якая звяртаецца да цэнзурнай практыкі беларускіх уладаў і феномена «сацыяльнай дзяржавы», «Мы жорсткія спажыўцы культурных рэвалюцый» — у фокусе якой спадчына УНОВИСа ў Віцебску, — мастак аналізуе стаўленне да авангарднай культуры, «Бясконцыя вуліцы» — серыя, прысвечаная радзіме мастака — гораду Наваполацку як гораду-ўтопіі; цыкл «Тэктанічныя пліты» асэнсоўвае вялікія геапалітычныя «зрухі» — ваенныя канфлікты, пандэмію, рэвалюцыю…

Вялікая выстава беларускага мастака Сяргея Шабохіна адбудзецца ў Познані
Фота: arsenal.art.pl.

«На выставе Сяргея Шабохіна геамарфалогія сустракаецца з мастацтвам, а геалагічныя тэктанічныя працэсы сустракаюцца са стратэгіямі выявы. Горсты, рыфты, паглыбленні і тэктанічныя хрыбты адносяцца да геапалітыкі тэрыторыі былога Савецкага Саюза,адзначае куратар выставы Марэк Васілеўскі. — З перспектывы чалавечага жыцця [тэктанічныя ландшафты] здаюцца непахіснымі, як здавалася непахіснай магутная савецкая імперыя. У нейкі момант […] сістэма вялікіх пластоў дасягнула крытычнай кропкі, і яе канвульсіі назіраюцца апошнія трыццаць гадоў. Менавіта землятрусы і інтэнсіўныя тэктанічныя працэсы Сяргей Шабохін фіксуе ў палітычным і культурным плане».

Сяргей Шабохін — беларускі мастак, актывіст, рэдактар і куратар. Адзін з найважнейшых беларускіх мастакоў свайго пакалення, аўтар з 2010 года фіксуе ў сваім мастацтве механізмы рэпрэсій і падпарадкавання ўлады ў сучаснай Беларусі. Ён стварае гісторыі пра практыку таталітарнага рэжыму, збіраючы гісторыі, вобразы, лозунгі і знойдзеныя рэчы. «З запалам мастака-навукоўца ён вядзе мастацкія даследаванні жывой і балючай прасторы найноўшай гісторыі і сучаснасці постсавецкіх краін», — піша пра беларускага творцу польскі даследчык.

Выстава «Атлас Тэктанічных Ландшафтаў» у Гарадской Галерэі «Арсенал» у Познані будзе працаваць да 5 сакавіка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: