Вядомаму іранскаму рэжысёру Махамаду Расулафу прысудзілі восем гадоў зняволення і лупцоўку за фільмы «супраць бяспекі краіны»

Культура
Фота: REUTERS/Stephane Mahe.

Уладальніка «Залатога мядзведзя», аўтара тытулаваных стужак «Зла не існуе», «Рукапісы не гараць», «Непадкупны» іранскага рэжысёра, сцэнарыста і прадусара Махамада Расулафа ісламскі рэвалюцыйны суд прыгаварыў да васьмі гадоў зняволення, лупцоўкі, штрафу і канфіскацыі маёмасці. Прычына вынясення такога вердыкту — публічныя заявы рэжысёра, а таксама стварэнне ім мастацкіх і дакументальных фільмаў, якія, на думку суда, з’яўляюцца «прыкладам змовы з намерам учыніць злачынства супраць бяспекі краіны».

Як паведаміў у X адвакат рэжысёра Бабак Пакнія, рашэнне ўжо пацверджана апеляцыйнай камісіяй. Справа накіравана на выкананне прысуду.

Для іранскага рэжысёра — гэта не першае пакаранне за ягоную творчасць на радзіме. Так, у 2020 годзе яго асудзілі да аднаго года пазбаўлення волі за «прапаганду супраць дзяржаўнай сістэмы». А ў лютым мінулага года паведамлялася, што Расулаф выйшаў з тэгеранскай турмы «Эвін» пасля сямі месяцаў арышту.

Лічыцца, што гэтым разам рэакцыю рэжыму Ірана выклікала новая стужка Махамада Расулафа «Семя святога інжыра», якую адабралі ў асноўную праграму Канскага кінафестывалю-2024. Улады ў пачатку запатрабавалі зняць карціну з конкурсу, а потым асудзілі і самога рэжысёра.

Вядомаму іранскаму рэжысёру Махамаду Расулафу прысудзілі восем гадоў зняволення і лупцоўку за фільмы «супраць бяспекі краіны»
Кадр з фільма «Семя святога інжыра» Махамада Расулафа. Фота: сайт Канскага фестываля.

Выданню World of Reel удалося даведацца пра сюжэт фільма, які пакуль трымаецца ў сакрэце. Карціна іранскага кінематаграфіста распавядае пра суддзю Рэвалюцыйнага суда ў Тэгеране, які разбіраецца ў наступствах агульнанацыянальных пратэстаў. «Відавочна, што гэта вельмі палітычны фільм, і той факт, што Расулафу ўдалося нават паставіць яго ў Іране, з’яўляецца цудам», — піша партал. Па меркаванні сайта Meduza, гаворка ў кіно, верагодна, пойдзе пра апошнія буйныя антыўрадавыя пратэсты 2022-2023 гадоў у Іране, якія ўспыхнулі з-за смерці 22-гадовай Махсы Аміні, якую затрымала паліцыя нораваў за «няправільнае» нашэнне хіджабу.

У мінулым месяцы адвакат рэжысёра паведамляў аб тым, што здымачная група карціны падвяргалася затрыманням і допытам. У выніку датычных да стужкі іранцаў абвінавацілі ў правядзенні здымак без ліцэнзіі, а акторкам паставілі «няправільнае» нашэнне хіджабу.

Гэта не першы ўдзел кіно іранскага кінематаграфіста ў Канах — у 2017 годзе фільм Расулафа «Непадкупны» стаў пераможцам у праграме «Асаблівы погляд». Пасля вяртання з кінафестываля ўлады Ірана забралі ў рэжысёра пашпарт і забаранілі весці здымкі. У 2019-м і 2020-м яму двойчы прызначылі па годзе турмы па абвінавачаннях у распаўсюджанні прапаганды супраць дзяржаўнай сістэмы, а таксама на два гады забаранялі пакідаць Іран і весці здымкі.

У ліпені 2022 года рэжысёра адправілі пад арышт, калі ён публічна асудзіў сілавое прыгнечанне пратэстаў у горадзе Абадан, адзначае Meduza. У лютым 2023 года Расулафа вызвалілі па стане здароўя, аднак забаранілі выезд з краіны на Канскі фестываль, дзе ён павінен быў стаць сябрам журы праграмы «Асаблівы погляд».

Сёлетні прысуд стаў самым жорсткім з усіх вынесеных рэжысёру.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: