Год таму з дапамогай неабыякавых людзей Веткаўскі музей змог прыдбаць для калекцыі шыкоўны экспанат, прыклад веткаўскай іканапіснай школы, — паведамляюць на сайце музея. Гэта ікона з выявай Божай Маці, якая з’яўлялася часткай Царскай брамы XIX стагоддзя, а дакладней створкай з наверша брамы.
Царская брама — важны элемент іканастаса ў царкве — вельмі рэдкі і амаль невядомы помнік стараабрадніцкага мастацтва Веткі. Бо, на жаль, стараабрадніцкія храмы ў розныя перыяды разараліся ды знішчаліся.
Вядома, што на другой створцы, побач з выявай Божай Маці, была выява Архангела Гаўрыіла. Шанец знайсці другую створку з той брамы, ці іншы фрагмент — амаль нулявы. Таму, каб у экспазіцыі адрадзіць вобраз Царскай брамы крыху больш поўна — побач з абразом Божай Маці адлюстравалі прыблізны прорыс фрагмента створкі з Архангелам Гаўрыілам.
Прайшоў амаль год. І выпадкова ўдалося знайсці больш ранняе і поўнае наверша з Царскай брамы. Дзве створкі брамы — гэта дзве іконы з выявамі Божай Маці і Архангела Гаўрыіла — унікальны веткаўскі іканапіс канца XVIII стагоддзя.
Іконы знаходзяцца ў прыватнай калекцыі. Калекцыянер згодны іх прадаць.
Неабходная сума — 8500 рублёў.
Сума занадта перавышае бюджэт музея, і каб набыць гэты цудоўны экспанат, музею патрэбна дапамога.
«Элементы Царскай брамы — рэдкі і ўнікальны помнік Веткаўскай школы іканапісу, які вельмі не хацелася б упусціць. Хочацца, каб нашы культурныя і гістарычныя помнікі мы і нашы дзеці маглі бачыць, і бачыць дома, а не ў музеях іншых краін», — пішуць музейшчыкі Веткі.
Пералічыць грошы можна на спонсарскі рахунак.
Рэквізіты. Разліковы рахунак у ААТ «Беларусбанк», у беларускіх рублях:
УНП (УНН): 400560905
Рахунак (IBAN): BY65AKBB36424130002703100000
БІК (код банка): AKBBBY2X
Атрымальнік: Веткаўскі музей
Код прызначэння плацяжу: 44201
Прызначэнне пераводу: на набыццё прадмета музейнага значэння
(гэта неабходна пазначыць абавязкова)
Каб аплаціць праз інтэрнэт-банкінг/мабільнае прыкладанне, выбірайце не АРІП, а Пераводы — Па рэквізітах.
Спасылка на рэквізіты для спампоўкі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram