26 студзеня ў Вільні ў Гасцёўні Беларускай Рады культуры (Šv. Ignoto, 5) пройдзе вернісаж фотапраекта Міхала Анемпадыстава «Простыя рэчы». Падзея прымеркавана да дня памяці знанага беларускага дызайнера, фатографа, культуролага, мастацтвазнаўцы, паэта — 23 студзеня 2018 года Міхала Анемпадыстава не стала.
У Гасцёўні Беларускай Рады культуры ў Вільні захоўваюцца ўнікальныя работы мастака.
«Гэта плакаты з фотаздымкамі, менавіта іх творца прадстаўляў падчас літоўскага тыдня дызайну ў 2011 годзе», — удакладняе каманда Рады.
Арганізатары запрашаюць усіх паглядзець на фота, а падчас вернісажу — прыгадаць спадара Міхала і яго Беларусь. Плануецца, што на імпрэзе выступіць культуролаг Максім Жбанкоў.
Сёння, у дзень памяці дызайнера і аўтара тэкстаў песен да культуравага «Народнага альбома», Беларускі ПЭН абвясціў аб прыёме заявак на прэмію імя Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі.
«Сёлета, распачынаючы новы сезон, мы робім гэта ў дзень памяці Міхала Анемпадыстава, хаця і дагэтуль непамысна гаварыць пра яго ў мінулым часе. Абіраючы сімвалічныя даты для прэміі, мы намагаемся ўшанаваць як асобу і даробак Міхала, так і важную для ягонага жыцця сферу – вокладку беларускай кнігі, што выжывае цяпер насуперак усім абставінам», – распавяла старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.
Падрабязней дазнацца пра ўмовы ўдзелу ў прэміі імя Міхаіла Анемпадыстава можна тут.
Болей інфармацыі пра вернісаж у Гасцёўні Беларускай Рады культуры тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: