У Лодзі адкрылася выстава «Вершаформы», на ёй мастак і кінематаграфіст Антось Сівых паказвае творы візуальнай паэзіі: аўтар увасабляе беларускія і сусветныя вершы ў візуальнай форме.
«Пераствараю пісьмовую мову і размываю мяжу між тэкстам і выявай, распаўсюджваю паэзію беларускіх аўтараў не знаным раней сродкам», — самапрэзентацыя аўтара сведчыць пра адметныя доследы паміж мастацтвам і літаратурай.
На выставе прадстаўлены графічныя творы на вершы Тодара Кляшторнага, Юлія Таўбіна, Анатоля Сыса, Ларысы Геніюш, Крысціны Бандурынай, Ганны Шакель, Бадлера і нават вытрымка з Бібліі.
Абрысы літар перакрыжоўваюцца і судакранаюцца, нарошчваючы форму, адступаюць і робяць паўзы, ствараючы адмысловы, часта чытэльны сілуэт пазнавальных рэчаў. У выніку мы бачым разнастайныя графічныя выявы, што ўтрымліваюць унутры сябе тэкст. Яны дынамічныя, адначасова сбалансаваныя і няпэўныя, нібы імкнуцца раскруціцца і зноў стаць звыклым радком.
Сілуэт графічнай выявы часам адпавядае зместу верша, а часам выніковая форма ствараецца ў выніку чыстай імправізацыі. Выява можа быць звязана з месцам, дзе зроблены твор.
«Гэты кірунак каліграфіі дазваляе адкрываць новыя формы паэзіі і даследаваць патэнцыял літаратуры і культуры ў XXI стагоддзі», — паведамляе анатацыя выставы.
У размове з reform.news аўтар патлумачыў гэтую думку. «Справа ў тым, што я з падлеткавага ўзросту вельмі любіў чытаць і пісаць вершы і даследаваць паэзію як жанр. І даволі рана зразумеў, што людзі сёння асацыююць паэзію з чымсьці нудным, што завучваюць у школе, і ў жыцці — не вельмі патрэбным. Сваімі вершаформамі мне хочацца паказаць іншае вымярэнне таго, чым можа быць паэзія. Многія добрыя вершы застаюцца малавядомымі, а вершаформы дапамагаюць гэтым вершам стаць убачанымі, асэнсаванымі».
Сярод мэтаў сваёй творчасці Антось Сівых бачыць дыялог з гледачамі, таму ён часта піша проста на вуліцах, і жывая камунікацыя дапаўняе творчы працэс. «Звычайна я пішу вершаформы ў людных месцах, напрыклад, на галоўнай плошчы горада, — тлумачыць Антось Сівых. — Людзі падыходзяць, і мы размаўляем пра паэзію, пра культуру, мову, пісанне ад рукі. Апошнія гады я шмат вандраваў па польскіх гарадах, працаваў і гутарыў з мясцовымі людзьмі на розныя тэмы, у тым ліку размаўлялі і пра беларускую літаратуру, напрыклад, я тлумачыў кантэкст, у якім знаходзіцца наша літаратура. Для мяне важна, што мая творчасць становіцца пачаткам дыскусіі пра рэчы, якія падаюцца мне цікавымі».
Выстава, да канца працы якой застаецца два тыдні, пастаянна пераствараецца. Аўтар распісвае сцены радкамі паэзіі, а на маштабнай скульптуры размяшчае вершы розных аўтараў пра горад, у якім жыве апошнія некалькі год.
Фінісаж выставы запланаваны на 13 снежня. У 18 гадзін распачнецца адмысловая праграма з майстар-класамі, хорам і міжмедыйнымі інтэрпрэтацыямі вершаў.
Выстава працуе да 14 снежня. Адрас Музея мастацкай літаратуры: Piotrkowska, 86.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram