Ва Украіне адбудуцца паказы беларускага незалежнага кіно ў межах фестывалю «1084. На мяжы»

Культура
Афіша аднаго з фільмаў беларускіх рэжысёраў - "Радзіма" Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча, які будзе дэманстравацца на фестывалі "1084. На мяжы". Фота: сайт фестывалю.

З 9 лістапада 2023 года ва Украіне пачынаецца фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы», на якім цягам трох месяцаў у пяці гарадах пройдуць афлайн-паказы беларускіх дакументальных стужак, а таксама іншыя культурныя мерапрыемствы.

«1084. На мяжы» – ужо другі фестываль ва Ўкраіне, ініцыяваны беларускім асветніцка-сацыяльным грамадскім аб’яднаннем «Звяно». 1084 кіламетры – працягласць агульнай мяжы суверэнных Беларусі і Украіны. Арганізатары спрабуюць задумацца пра будучыню стасункаў абедзвюх краін і абмеркаваць сучасную сітуацыю, адносіны простых людзей, а таксама падтрымку беларусамі ўкраінскага народа ў барацьбе з акупантамі і тэрорам.

Сёлета фестываль пройдзе ў пяці гарадах Украіны: Адэсе (з 9 па 11 лістапада), Луцку (з 18 па 20 лістапада), Бучы (18, 25-26 лістапада), Тэрнопалі (у снежні) і Кіеве (у студзені 2024 года). Падрабязней расклад па кожным горадзе можна паглядзець на сайце.

У праграме фестывалю прадстаўленыя стужкі такіх незалежных беларускіх кінематаграфістаў як: Андрэй Куціла («Вадохрышча»), Вольга Прусак («Новае неба над новай краінай: прагулкі з Пушкіным»), Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч («Motherland/Радзіма»), Аляксей Палуян («Кураж»), а таксама польскага рэжысёра Анджэя Фідыка («Беларускі вальс»). Пасля некаторых паказаў плануюцца Q&A з рэжысёрамі і абмеркаванне.

Акрамя таго, у межах фестывалю 11 лістапада ў Адэсе адбудзецца канцэрт украінскага гурта «Колір», які стварыў некалькі песняў па беларускіх творах (Р. Барадуліна, А. Аляксандрава) і падтрымаў беларускіх палітвязняў.

А з 18 па 25 лістапада ў Луцку распачнецца выстава антываенных плакатаў беларускага мастака і дызайнера Уладзіміра Цэслера, частка прац пад назвай Hitlerkaputin прысвечана беларускай рэчаіснасці і тэме поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Уваход на ўсе мерапрыемствы па free donation – сабраныя сродкі будут пералічаны на закуп расходных матэрыялаў для VAC-тэрапіі ран ва ўкраінскіх ваенных і грамадзянскіх шпіталях.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: