Увечары 21 красавіка бібліятэкі Беларусі запрашаюць на «Бібліяноч-2023»

Культура

Міжнародная акцыя ў падтрымку чытання «Бібліяноч» прымеркавана да Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права, заснаванага ЮНЕСКА ў 1995 годзе, які адзначаецца штогод 23 красавіка.

Бібліятэкі пашыраюць час (з 19 да 23 гадзін) і фармат сваёй працы і арганізуюць кніжныя выставы, публічныя чытанні, акцыі і іншыя культурныя мерапрыемствы.

Найбольш насычаная праграма чакаецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі. «Тэрыторыя навукі» — гэта адзінаццаць рознага кшталту інтарактыўных выстаў з экскурсаводамі. Шмат музыкі, арт-лабараторыя, музей займальных навук…

Увечары 21 красавіка бібліятэкі Беларусі запрашаюць на «Бібліяноч-2023»

«Можна будзе здзейсніць займальнае падарожжа ў далёкае мінулае і вывучыць экспанаты археолага-антрапалагічнай выставы «Скура ды косткі», — абяцаюць арганізатары мерапрыемства, — адчуць сябе сапраўднымі даследчыкамі мікрасвету і каталізатараў, а таксама дакрануцца да таямніц хімічных з’яў.

Чапаць рукамі не толькі не забараняецца, а вельмі нават дазваляецца… экспанаты інтэрактыўнай выставы музея займальных навук «ЭКСПИРИмЕНтуС»! Незвычайную калекцыю галаваломак з усяго свету высока ацэняць аматары інтэлектуальнага вольнага часу».

Таксама прапануюць блок навукова-папулярных лекцый. Антраполагі распавядуць аб тым, як змяняліся людзі на працягу апошняй 1000 гадоў. Гісторык Алег Дзярновіч раскажа пра фрэскі Крэўскага замка. Аляксандр Доўнар распавядзе пра мастацкае аздабленне старажытных рукапісаў. Таццяна Даўгач — пра эпідэміі ХІХ стагоддзя. Вадзім Урублеўскі пазнаёміць з кнігамі па генеалогіі Беларусі.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўдзельнічае ў акцыі «Бібліяноч–2023» з тэмай “БібліяІмпульс”. У праграме – актыўныя квесты ад кампаніі “Квесторыя”, “Літаратурны салон” з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірынай Карнавухавай, шахматна-шашачныя турніры, “настолкі” ад Hobby World, “этнавечарына” з фолк-гуртом Guda і капэлай традыцыйнай музыкі “Анягож”, чайны рытуал “Тры кубкі тэксту”, лекцыі адваката, астрапсіхолага, астролага, нутрыцыёлага, імідж-стыліста, майстар-класы па фантастычнай ілюстрацыі, сучасных бальных танцах, індыйскаму танцу і многае іншае!

Маленькіх гасцей пацешаць аквагрым, майстар-класы і ўзорны тэатр лялек “Васілёк”, арт-тэатр Vershina, цыркавая студыя Fantasy, творчыя сустрэчы з дзіцячай пісьменніцай Аленай Масла і пазнавальная IT-праграма ад вучэбнага цэнтра “Айціландыя”.

У акцыі прымуць удзел наступныя бібліятэкі:

У Мінску:

  • Нацыянальная бібліятэка Беларусі (пр. Незалежнасці, 116), тэма «БібліяІмпульс»;
  • Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі і Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І. С. Лупіновіча НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15), тэма «Тэрыторыя навукі»;
  • Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка (вул. Фабрыцыуса, 28), тэма «Начны абанемент»;
  • Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага (пр. Газеты «Праўда», 20а), тэма «Бібліяпрыцемкі «Кніга і кампанія».
  • Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы (вул. В. Харужай, 16), тэма «Традыцыі. Тое, што нас аб’ядноўвае»;
  • Бібліятэка № 13 (вул. Народная, 43а), тэма «Кніга. Музыка. Тэатр».

У рэгіёнах:

  • Навуковая бібліятэка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы;
  • Астравецкая раённая бібліятэка.
  • Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва;
  • Сетка бібліятэк Кіраўскага раёна;
  • Бібліятэчная сетка Клічаўскага раёна;
  • Бібліятэчная сетка Крычаўскага раёна;
  • Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна;
  • Бібліятэчная сетка Хоцімскага раёна;
  • Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Шклоўскага раёна.

Уваход на мерапрыемствы вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: