Reform.news

«Усё ціха сыходзіць пад лёд, і мы не чуем таго, што з-пад яго даносіцца» – Андрэй Куціла пра фільм «Лісты» і тое, як сёння здымаць пра Беларусь

Ірэна Кацяловіч · 4 ноября 2026, 10:20

https://reform.news/usyo-cziha-syhodzicz-pad-lyod-i-my-ne-chuem-tago-shto-z-pad-yago-danosiczcza-andrej-kuczila-pra-film-listy-i-toe-yak-syonnya-zdymacz-pra-belarus/

Дакументальны фільм «Лісты» быў адабраны на Венецыянскі кінафестываль, трапіў у кароткі спіс Еўрапейскай кінапрэміі, а на мінулым тыдні атрымаў галоўную ўзнагароду прэстыжнага DOK Leipzig. Усё гэта – толькі за першыя два месяцы новай стужкі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.

Венецыянскі кінафестываль стаў новай міжнароднай пляцоўкай, на якой моваю кіно загаварылі пра актуальную сітуацыю ў Беларусі – у верасні тут адбылася прэм’ера дакументальнага фільма Андрэя Куцілы «Лісты» (Letters From the Silenced Country), часткова заснаванага на лістах беларускіх палітвязняў і цалкам прысвечанага досведу беларусаў пасля 2020 года. Пасля прэм’еры на адным з трох найважнейшых кінафестываляў свету з’явіліся навіны аб адборы фільма на найважнейшы для дакументальнага кіно фестываль IDFA, а таксама аб уключэнні «Лістоў» у шорт-ліст Еўрапейскай кінапрэміі, якую называюць Еўрапейскім «Оскарам». На мінулым тыдні фільм атрымаў узнагароду нямецкай тэлекампаніі MDR, а таксама «Залатога голуба» на DOK Leipzig. Варта чакаць паказаў на іншых фэстах у розных краінах свету, на якія можна будзе купіць квіток. Усё гэта не толькі вартая аддача за пяць гадоў працы, якія беларускі дакументаліст прысвяціў працы над «Лістамі», але і больш шырокая размова пра Беларусь. Для Reform.news кінакрытыца Ірэна Кацяловіч паразмаўляла з Андрэем Куцілам пра таемныя здымкі ўнутры краіны, што яму сказаў дырэктар Венецыянскага кінафестывалю і ад чаго падчас працы над фільмам Андрэй ледзь не плакаў.

Фота: Яўген Атцецкі.

«Частка каманды заставалася няўпэўненая, што фільм будзе добры»

– Прэм’ера «Лістоў» на Венецыянскім кінафестывалі мела выбуховы эфект: беларускі рэжысёр і беларуская рэчаіснасць на адным з трох найважнейшых кінафестываляў свету.  Што ўдзел у Мостры значыць для далейшага поспеху фільма?

– Да прэм’еры ў Венецыі мы атрымлівалі запрашэнні на іншыя фестывалі, таму хутчэй за ўсё пляцоўка ў фільма была б, пытанне толькі, якая. Венецыянскі кінафестываль – найлепшае, што магло здарыцца з «Лістамі» на старце. Калі мы даведаліся пра адбор, ува ўсёй каманды была неверагодная радасць, а ў часткі прадзюсараў – здзіўленне. Для мяне тады ўсё моцна закруцілася, бо адборшчыкі і дырэктар фестывалю бачылі фільм незавершаным, і з паўтара месяца я спаў па 4-5 гадзін у суткі, каб паспець яго дарабіць. Пасля абвяшчэння праграмы нам адразу пасыпаліся прапановы ад сэйлз-агентаў і запрашэнні на наступныя фэсты. Усё гэта значыць, што фільм дойдзе да больш шырокага гледача, і пасля прэм’еры ў Венецыі можна быць больш-менш спакойным за яго далейшы лёс.

– Гэта таксама прадстаўнічая пляцоўка для аповеду пра Беларусь у часе, калі пра Беларусь у Еўропе амаль не чуваць.

– У нас быў час паразмаўляць з дырэктарам Альберта Барбера – ён сказаў, што іх захапіла мастацкая форма фільма, але для іх было таксама важна даць нам голас, бо мала хто ведае пра Беларусь. Мы зрабілі падборку лістоў беларускіх палітзняволеных і ўзялі іх з сабой: усе зместы і падрабязнасці не ўключыш у фільм, тэма палітзняволеных увогуле вельмі шырокая. Ганна Бадзяка зрабіла моцную працу – падабрала лісты, якія расказваюць пра нашую краіну з розных перспектываў. Мы ўручылі 15 штук Альберта Барбера і таксама раздавалі лісты гледачам. Хтосьці першы раз чуў пра Беларусь, хтосьці штосьці ведаў, але для кожнага 75 хвілін фільма адкрылі іншую перспектыву на тое, што гэтая краіна ўяўляе сабой сёння, – гэта было адчувальна ва ўсіх размовах. Падыходзілі, напрыклад, людзі з Лацінскай Амерыкі і казалі, што ім гэта блізка.

Фота: Яўген Атцецкі.

– Ты толькі што паўдзельнічаў у DOK Leipzig – адным з найважнейшых кінафестываляў для дакументалістаў. Можна чакаць, што публіка ў Нямеччыне лепш абазнаная ў тым, што адбываецца ў Беларусі, але ці ёсць штосьці, што замежная публіка ўсё роўна не зразумее так, як беларускі глядач?

– Мы цешымся, што на ўсе тры паказы ў Лейпцыгу быў солдаўт. Публіка тут больш абазнаная, бо краіна бліжэйшая да Беларусі і наш кантэкст тут ведаюць лепш, але ўсё роўна не настолькі глыбока. У пасляпратэстны час мала што пра Беларусь трапляе ў загалоўкі навінаў, і часам нават людзі з краінаў, якія нібыта павінныя добра арыентавацца ў нашым кантэксце, абсалютна не ведаюць, што ў Беларусі адбываецца. У Лейпцыгу нас з героямі проста на вуліцы спыніла беларуская студэнтка, маўляў, пасля паказу была пад такім уражаннем, што не было сілаў падыходзіць, але сказала, што не пашкадавала, што прыйшла, і ўсім раіць паглядзець фільм, каб усё зразумець пра Беларусь.

– «Лісты» трапілі ў кароткі спіс прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі, якую называюць Еўрапейскім Оскарам – гэты кароткі спіс па сутнасці прыцягвае ўвагу тых, хто сочыць за кіно, з усяго свету. Як ты пачуваешся з тым, што пры ўсім мастацкім унёску ў прадукцыі фільма не фігуруе Беларусь? Ці для цябе істотна падкрэсліваць беларускасць фільма?

– Такія правілы ў індустрыі: пазначаюцца менавіта краіны, якія ўдзельнічалі ў прадукцыі, і я з гэтым не маю праблемы. Раней, калі я рабіў фільмы на «Белсаце», я стараўся пазначаць краінай вытворчасці Беларусь, бо канал працаваў на беларускую аўдыторыю, і вырашыць гэтае пытанне можна было проста з кіраўніцтвам «Белсату». У «Лістоў» міжнародная прадукцыя, і дадаць у радок краіну, якая не дала ні капейкі грошай, было б насуперак правілам – гэта чыста тэхнічная справа. Але Беларусь фігуруе ў апісанні, у размовах.

Фота: Яўген Атцецкі.

– Як табе даўся пераход ад назіральнай дакументалістыкі да гібрыднай формы, дзе трэба быць вынаходлівым, каб расказаць пра Беларусь, дзе ты сам не можаш здымаць?

– Гэты пераход адбываўся цягам некалькіх гадоў і адбываўся ён натуральным чынам, бо да яго змусілі абставіны (смяецца). Спачатку былі тэксты і гісторыі, якія рабілі на мяне ўражанне, – і кожную адабраную гісторыю я хацеў расказаць нейкай асобнай мовай, якая б ёй адпавядала. Часам на тое, каб зразумець, якая гэта будзе мова, сыходзіла год-два. Я працаваў над «Лістамі» гэтаксама як працаваў над кожным дакументальным фільмам: сцэна за сцэнай нараджаліся толькі ў працэсе, а фінальна ўсё вырашалася на мантажы.

Каманду, якая займалася анімацыяй, часам нервавала, што мы ад пачатку не ведаем, чым скончыцца гісторыя. Гэта было цікавае падарожжа, інтрыга і таямніца творчага працэсу захоўваліся да канца, але адначасова ніколі не было гарантыі таго, што абраны шлях спрацуе і будзе паспяховым, частка каманды і тэлевізійныя рэдактары заставаліся няўпэўненыя, што фільм будзе добры. Але 80-я ці 100-я спроба выкладкі матэрыялу ўрэшце спрацавала.

– Ці групaвыя вызваленні палітвязняў неяк змянілі акцэнты ці настрой у фільме?

– Увогуле нічога не змянілі, таму што выпускаюць адных і саджаюць наступных – і расклад не змяняецца. Гэта наадварот паказвае, як дрэнная сённяшняя сітуацыя. Мы назіралі, як людзей выпускалі пасля Плошчы-2010, было такое, што ў краіне заставаўся адзін-два палітвязні. Канешне, заўсёды былі людзі на соднях, арышты, вобшукі, але сённяшні маштабны палітычна матываваны пераслед не змяншаецца, і мы яшчэ не ведаем, колькі ў краіне неафіцыйных палітзняволеных. Вызваленні палітвязняў, калі бачыш твары знаёмых людзей на волі, ствараюць прыемныя дні, але сітуацыя не мяняецца, усё проста ціха сыходзіць пад лёд, і мы не чуем таго, што з-пад яго даносіцца.

Фота: Яўген Атцецкі.

«Ледзь не плакаў, калі мусіў развітвацца з матэрыяламі, на якія патраціў месяцы жыцця»

– Ты падбіраў гісторыі для фільма на падставе лістоў палітвязняў? І колькі лістоў ты прачытаў за гэты час?

– Ужо ў 2020–2021 гадах я зразумеў, што гэта ўнікальны матэрыял, на якім можна будаваць мастацкі твор. Складана сказаць, колькі лістоў я прачытаў, але я чытаў усё, што з імі звязана, – сваякі палітзняволеных выкладвалі лісты, іх публікавала прэса, я прасіў лісты ў знаёмых. Калі лісты пачалі блакаваць, прапускаць толькі ад блізкіх сваякоў, а для шматлікіх палітвязняў увялі рэжым «інкамунікада», я зразумеў, што трэба выходзіць шырэй за лісты, але захоўваць іх інтанацыю. Я вырашыў паказаць таксама тых, хто па-за мурамі, і тых, хто з’ехаў з краіны. Я папрасіў знаёмага рабіць нататкі пра сваё жыццё ў Беларусі, шмат з ім размаўляў, і ён стаў ананімным героем фільма, але з рысамі абагульненага, калектыўнага героя. Для мяне была важная і перспектыва чалавека, які сышоў з сістэмы – так з’явілася ідэя паказаць гісторыю былога следчага Андрэя Астаповіча, які таксама ўвасабляе рысы і ўнутраныя перажыванні значнай часткі тых, хто быў вымушаны з’ехаць.

– А як з’явілася гісторыя Касі Буцько (асуджаная ў 2021 годзе да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі па «справе студэнтаў» – Аўт.)?

– Мяне захапіла яе гісторыя яшчэ калі яна была ў турме, пасля я даведаўся, што Кася малюе. Паўтара-два гады я чакаў, калі яна вызваліцца, – мы сустрэліся ў Польшчы, яна перадала мне торбы са сваімі лістамі, стала дасылаць свае малюнкі. Агулам праца з Касяй доўжылася каля трох гадоў. З сотняў лістоў мусіла застацца паўтары старонкі тэксту, які расказвае пра жыццё ў турме. Юля Цімафеева і Ганна Бадзяка зрабілі вялікую літаратурную працу, а калі тэкст быў гатовы, трэба было зразумець, як пабудаваць гэтую гісторыю, выкарыстоўваючы анімацыю. У дакументальным кіно ты пражываеш з героямі пэўны перыяд, а тут часам месяц-два сыходзіла толькі на тое, каб прыдумаць, якой будзе адна хвіліна. Гэты матэрыял з аднаго боку палохаў, а з другога – натхняў як выклік, бо я ніколі не меў справы з такім падыходам. Працэс быў доўгі і часам канфліктны, я сварыўся з мантажорам аб тым, што пакінуць, а што выкінуць, і ледзь не плакаў, калі мусіў развітвацца з матэрыяламі, на якія патраціў месяцы жыцця.

Фота: Яўген Атцецкі.

– Раскрой таямніцу праслухоўвання Андрэя Астаповіча праз польскія спецслужбы, якая стала частка фільма. Гэта было пастаноўкай?

– У Андрэя насамрэч былі праслухоўванні ў Польшчы, але для фільма мы далі паліцэйскім азнаёміцца са справай і папрасілі правесці стандартнае праслухоўванне на камеру, таму гэта не было пастаноўкай у чыстым выглядзе. Давялося толькі знайсці паліцэйскіх, якія маюць дазвол на здымкі. Для Андрэя гэта былі знаёмыя ўмовы, ён нават быў ужо стомлены ад гэтых сустрэч і аповеду сваёй гісторыі.

– Ты кіраваў пытаннямі, якія будуць яму зададзеныя?

– Амаль не, гэта ўсе стандартныя пытанні.

– Пытанне, ці верыць ён у вольную Беларусь, было стандартным?

– Не ведаю, ці задавалі Андрэю такое пытанне раней, але размовы з паліцэйскімі доўжацца шмат гадзінаў, і часам яны могуць спытаць штосьці проста з жыццёвай цікавасці, часам размаўляюць з табой як псіхолагі.

«Мне цікава, якое кіно будзе паўставаць пра Беларусь праз пяць гадоў»

– Якое заданне меў аператар, які здымаў у Беларусі, і як агулам ты хацеў паказаць Беларусь? 

– Я распісваў яму лакацыі, казаў, як хадзіць, якую пластыку выбіраць. Я асноўваўся на тэкстах: вось я чытаю тэкст, і што я сабе ўяўляю, якую Беларусь бачу? Кася, напрыклад, бачыла летні Менск, калі ехала на суд, але Менск, які адпавядае ўнутранаму адчуванню героя ў гэты момант, – бетонны, заснежаны, у імжы, у тумане. Мы мелі здымкі рознага Менску, але ў фільм трапіў той, які адпавядае стану чалавека, што вымушаны ў гэтым горадзе хавацца. Варшава таксама адпавядае ўнутранаму стану героя Андрэя – мы спрабавалі здымаць так, каб перадаць, што ён яшчэ не адчувае сябе ў гэтым горадзе добра.

– А колькі давялося зняць за мяжой і колькі ў фільме менавіта беларускага?

– У Беларусі знята не менш, чым у Польшчы. Я таксама выкарыстоўваў уласны архіў.

Фота: Яўген Атцецкі.

– Мне спадабалася, што калі ў фільме паказваюцца пратэсты, кадр накладаецца на кадр і атрымліваецца своеасаблівы блюр. Як на фільм агулам паўплывала меркаванне бяспекі?

– Шмат паўплывала. Мы, напрыклад, чакалі, калі Кася з’едзе з Беларусі – цэлая частка анімацыі рыхтавалася толькі тады, калі гераіня выйшла з турмы і з’ехала. Герой, які жыве ў Беларусі, цалкам ананімны. Мы шукалі такую мастацкую форму, каб наўпрост не выкарыстоўваць архівы з пратэстаў. І так зроблена больш за палову праекта, акрамя часткі з Андрэем. Пытанне бяспекі стаяла ад самага пачатку, хаця нічога новага ніхто з герояў не кажа і ніякіх таямніц не раскрывае.

– Як табе было працаваць з гэтымі гісторыямі з эмацыйнага пункту гледжання? Бо нелёгка пагружацца ў Беларусь такую, якая яна ёсць, некаторыя пазбягаюць нават прагляду фільмаў пра Беларусь.

– Гэта было цяжка. Ты можаш думаць, што захоўваеш халодную галаву, але кожны прагляд усё роўна на табе адбіваецца. Не буду расказваць усе падрабязнасці, але немагчыма было проста выконваць задачу і на ўсё глядзець з вялікай дыстанцыі. Калі героі апрацоўваюць сваю траўму, а ты ў яе ўваходзіш, і яна карэлюе з тваёй, эмацыйны эфект узмацняецца. Таму я разумею беларусаў, якія не пойдуць на гэтае кіно і не ходзяць на беларускія фільмы, якімі б добрымі ці паспяховымі яны не былі, бо гэта рэтраўматызацыя. Але кіно мае ісці далей – да тых, хто б мог лепш нас зразумець, і для гісторыі таксама.

– У тваім выпадку эксперыментальная гібрыдная форма стала спосабам расказваць пра Беларусь, калі ты не можаш здымаць у краіне. Ці гэта можа стаць кірункам, у якім будзе развівацца беларуская дакументалістыка?

– Канешне, дакументалістыка можа пайсці такім шляхам, у гэтым няма нічога новага, такіх формаў у кіно эміграцыі шмат, але тэндэнцыю мы зможам пабачыць толькі праз гадоў пяць ці дзесяць. Мы тым часам усё больш адрываемся ад Беларусі і расказваем пра тое, што адбываецца ў краіне, знаходзячыся звонку. Мне самому цікава, якое кіно будзе паўставаць пра Беларусь праз пяць гадоў. Джафар Панахі мог здымаць ігравыя фільмы ў Іране, дзе расстрэльваюць дэманстрантаў, і паказваць іх на міжнародных кінафестывалях. А ў Беларусі – паспрабуй, напрыклад, Мара Тамковіч, паедзь здымі. Але раптам праз два гады пры тым жа рэжыме ў Беларусі можна будзе здымаць? Хто ведае, можа, хтосьці зможа вярнуцца альбо тыя, хто там жыве, пакажуць нам рэчаіснасць. Я б з задавальненнем паглядзеў тое кіно.

Фота: Яўген Атцецкі.

***

Пра субяседнікаў:

Андрэй Куціла – адзін з найвядомейшых сучасных беларускіх дакументалістаў, аўтар фільмаў «Цар гары», «Стрыптыз і вайна», Summa. Апошні атрымаў галоўны прыз у катэгорыі сярэднеметражных фільмаў на кінафестывалі IDFA (2018), а таксама быў узнагароджаны як найлепшы дакументальны фільм у нацыянальным конкурсе Кракаўскага кінафестывалю (2019). Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі Андрэй зняў стужку «Калі кветкі не маўчаць», якая апавядала пра жанчын ва ўмовах дзяржаўных рэпрэсій, – гэты фільм атрымаў галоўную ўзнагароду дакументальнага конкурсу Варшаўскага кінафестывалю (2021). Кароткаметражка Андрэя «Святая вада», знятая ва Украіне напярэдадні поўнамаштабнай вайны, была ўзнагароджаная Беларускай прэміяй кінакрытыкаў «Чырвоны верас’26» як найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм. Андрэй таксама з’яўляецца сузаснавальнікам Беларускай незалежнай кінаакадэміі.

Ірэна Кацяловіч – беларуская кінакрытыца і журналістка, сябра Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI. Намесніца ў справах культуры ў Прадстаўніцтве па нацыянальным адраджэнні АПК Беларусі. Сузаснавальніца і праектная менеджарка Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас», сузанавальніца і сябра борда Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Выступала ў якасці сябра журы на кінафестывалях у Беларусі, Нямеччыне, Харватыі, Польшчы, Украіне, тры гады ўваходзіла ў журы прэміі «Залаты глобус».

Фота: В. Ш.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий