«Уроки Донбасса», «Кевларовый век», «Институт президентской власти» і кніга пра космас: што насамрэч прэзентуюць на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы?

Культура
Фота: t_me minsknews

Сёння ў выставачным комплексе «БелЭкспо»адкрылася Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая замест таго, каб прэзентаваць новыя кнігі, ператварылася ў ідэалагічнае прапагандысцкае мерапрыемства.

Форум праходзіць пад дэвізам: «Кніга яднае людзей і краіны».

Асноўная тэма, на якую сёлета зрабілі акцэнт арганізатары, — «80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне».

Аднак калі ўважліва прааналізаваць усе пункты праграмы выставы-кірмашу, становіцца зразумелым, што «80- годдзе Перамогі савецкага народа» сталася шырмай, за якой хаваюцца зусім іншыя мерапрыемствы і ідэалагічныя канструкты.

Першы канструкт тычыцца «агульнай гісторыі», у топку якой трапляюць даволі нечаканыя рэчы, і нашы падзеі і дзеячы насамрэч падаюцца праз рускі наратыў.

На стэндзе Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі  былі прадстаўлены новыя кнігі выдавецкага праекта «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы», прысвечаныя выбітным людзям, нацыянальным асветнікам і значным падзеям, якія пакінулі след у гісторыі Беларусі і Расіі. Гэта новыя выданні пра Сімяона Полацкага, Івана Фёдарава і Францыска Скарыну, Міхаіла Ламаносава. І зусім новая кніга «Дмитрий Менделеев и Казимир Семенович. Опередившие время…»

«Цяпер прадстаўлена восем кніг, сёлета будзе яшчэ пяць. Кнігі ў нашых планах звяртаюцца да гісторыі, слаўных сыноў беларускага і расійскага народа, тых, хто рабіў нашу Айчыну мацнейшай, мужнейшай, смялейшай. Гэты фармат — погляд у гісторыю — будзе дамінаваць і пры падрыхтоўцы будучых выданняў», — адзначыў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў. Праз гэту цытату становіцца асабліва відавочна як лёгка словазлучэнне «Саюзная дзяржава» ператвараецца ў «наше Отечество».

Дарэчы, на кірмашы быў запланаваны «Кніжны цягнік» з Санкт-Пецярбурга з больш чым 50 «топавымі пісьменнікамі».

«Уроки Донбасса», «Кевларовый век», «Институт президентской власти» і кніга пра космас: што насамрэч прэзентуюць на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы?
Мінская кніжная выстава-кірмаш. Фота: t.me/minkultrb

Наступны аспект праграмы кірмашу – максімальная палітызацыя. Акрамя тэмы Першай сусветнай вайны, дэманструюцца «пераканальныя» факты ўсеагульнага адзінства, увасобленыя ў вялікай колькасці мерапрыемстваў і прэзентацыі кніг, якім на выставе надзяляецца асаблівая ўвага: «Наш Президент», «Уроки Донбасса», «Символы суверенной Беларуси», «Государственность Беларуси: даты, факты, события», «Институт Президентской власти — укрепление белорусской государственности», «Исходный код»…

Нават стэнд Нясвіжскага музея напоўнены прапагандысцкай літаратурай, далёкай ад тэмы, што тычыцца палацава-замкавага комплексу.

«Уроки Донбасса», «Кевларовый век», «Институт президентской власти» і кніга пра космас: што насамрэч прэзентуюць на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы?
Фота: Стэнд музея-запаведніка «Нясвіж«. Фота: t.me/niasvizh_museum

Трэці момант ідэйнай скіраванасці праграмы кніжнага кірмаша: імкненне паставіць знак роўнасці паміж героямі Другой сусветнай вайны і «СВО».

У першы ж дзень працы кірмаша на расійскім стэндзе «зорка рускага слова, якая ўзышла ў небе Данецка» (паводле Захара Прылепіна) Ганна Равякіна прадставіла свае кнігі. Апошні на сённяшні дзень зборнік яе вершаў называецца «Кеўларавы век». Кеўлар — сінтэтычны матэрыял, для аўтаркі — сімвал сучаснасці, ён  выкарыстоўваецца для ўмацавання бронекамізэлек і касак. «Усе героі натхнёныя рэальнымі салдатамі і афіцэрамі, якія абараняюць нашы рубяжы. За ілюстрацыі ў кнізе, у тым тымі, якія ўключаюць палявыя замалёўкі герояў прама з акопаў, адказвала ў нядаўнім мінулым снайпер, а цяпер аператар БПЛА ілюстратар Юлія Толстоустова. З 2014 года яна стаіць на абароне Данбаса і была відавочцам многіх падзей, апісаных у зборніку», — паведамляе анатацыя.

Дарэчы, арганізатары не забылі і пра краіну Беларусь: 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, пройдзе Дзень Республікі Беларусь. Менавіта тады і прэзентуюць тыя «знакавыя выданні» пра сімвалы суверэннай Беларусі і яе дзяржаўнасць, якая становіцца такой невідавочнай у прадуманай праграме ХХХІІ Мінскага кніжнага кірмашу.

Сёлетняе мерапрымства ўжо назвалі адным з самых вялікіх за 32 гады: на ім прадстаўлена літаратура з 21 краіны свету. З улікам выклікаў часу змяніўся і фармат імпрэзы: арганізатары падрыхтавалі квізы, квэсты, дыскусійныя пляцоўкі, а ў адукацыйным квартале пройдзе акцыя BookTok для пачаткоўцаў-блогераў, запрошаных для рэкламы кніг і мерапрыемстваў. У лакацыі будзе прафесійнае абсталяванне, а таксама — камін, крэсла-качалка і плед. Там жа абяцаюць майстар-класы па відэаздымцы, мантажы і прасоўванні відэа ў TikTok.

Але новаўвядзенні не адмяняюць галоўнага — ідэалагічнага начынення падзеі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости