«Жоўтая рака» — такую назву мае серыя беларускага фатографа Паўла Восіпава, што ў чэрвені будзе прэзентавана на выставе ў вядомым 798 Art District in Beijing — знакавым мастацкім квартале ў Пекіне.
Паўла Восіпава даўно займае тэма сацыяльнага ландшафту — як асяродак, які нас атачае, уплывае на нашу ідэнтычнасць. Фатограф развіваў гэту тэму ў Беларусі, але трапіўшы ў Кітай — праспрабаваў зафіксаваць адметнасць сацыяльнага ландшафту ў кітайскім грамадстве. Як чалавек змяняе прастору, і як асяродак уплывае на чалавека — так можна акрэсліць даследчы інтарэс беларускага фатографа.



Да выставы праекта ўжо выдадзены каталог серыі «Жоўтая рака».
Павел Восіпаў — беларускі фатограф з Мінска, тэолаг па адукацыі, займаецца камерцыйнай і творчай фатаграфіяй з 2000-х гадоў. Выкладчык фатаграфіі, даследчык, удзельнік шматлікіх выставачных праектаў.
798 Art District in Beijing — мастацкі квартал Дашаньцзы на паўночным захадзе Пекіна, дзе знаходзяцца найлепшыя сучасныя галерэі горада. Комплекс будынкаў, дзе 50 гадоў таму знаходзіўся былы ваенны завод, пераўтвораны ў артыстычную зону, дзе адбываюцца мастацкія біенале, імпрэзы, фестывалі — напрыклад, Пекінскі фестываль квір-фільмаў, Тыдзень Пекінскага дызайну ды іншыя падзеі. Найбольш вядомая пляцоўка ў раёне — Цэнтр сучаснага мастацтва — UCCA Center for Contemporary Art.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram