Скрын відэа
Заслаўю сёлета 1040 гадоў. У юбілейны год горад абвешчаны сталіцай Мінскай вобласці. Тут жа пройдуць рэгіянальныя «Дажынкі».
У сакавіку Інстытут «Белжылпраект» прадставіў архітэктурную канцэпцыю фарміравання новага візуальнага аблічча горада. Меркавалася, што горад захавае сваё ўнікальнае гісторыка-культурнае аблічча, але абновіцца яго інфраструктура.
Так, на гарадзішчы «Вал» у Заслаўі правялі археалагічныя раскопкі і раскрылі падземны тунэль XVI стагоддзя ў браме Заслаўскага замка, аднак адначасова знеслі рэшткі гістарычнай забудовы, незаконна выключанай з Дзяржаўнага спісу.
Дзяржаўны тэлеканал АНТ зрабіў рэпартаж з Заслаўя, каб паказаць, як праходзіць добраўпарадкаванне горада. Цікавай навіной стала інфармацыя пра дзесяць новых муралаў на сценах горада, у прыватнасці – з партрэтам Сымона Буднага, дзе падаецца яго фраза, перакладзеная на сучасную расійскую мову: «Нет таких книг, у которых нельзя было чему-нибудь научиться. С. Будный».
Сюжэт заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына», які адзначыў, што Сымон Будны «нечакана загаварыў на чужой для сябе расейскай мове (пішу менавіта так, каб адрозніць ад мовы рускай, то-бок старабеларускай), якая з’явіцца ў тых мясцінах, дзе ён жыў, толькі праз 200 гадоў пасля яго смерці».
У каментах да допісу разгарэлася дыскусія. «Усе астатнія муралы аформлены на беларускай мове, многа там было зроблена для папулярызацыі беларуская мовы і гісторыі, а вы толькі негатыў выісківаеце», — піша адзін з каментатараў.
Падчас восеньскага свята ў цэнтральным скверы ўсталююць 6 выставачных павільёнаў, прысвечаных знакавым перыядам у гісторыі Заслаўя. У вялізных вітрынах размесцяць 3D-макеты гістарычных артэфактаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram