Reform.news

У выдавецтве Gutenberg Publisher выйшала кніга Вольгі Вялічкі пра жонак беларускіх палітвязняў

Reform.news · 3 ноября 2026, 15:45

https://reform.news/u-vydavectve-gutenberg-publisher-vyjshala-novaja-kniga-volgi-vjalichki-pra-zhonak-belaruskih-palitvjaznja/

У новай кнізе псіхалагіні Вольгі Вялічкі «Нябачныя: Галасы жонак беларускіх палітвязняў» сабраныя галасы жанчын, чые мужы трапілі за краты за свае перакананні. Некаторыя з гераінь выступаюць пад уласным імем, як Святлана Ціханоўская, іншыя схаваныя за псеўданімамі.

Іх гісторыі паказваюць цэлы пласт невідочных цяжкасцяў, выпрабаванняў і душэўнага болю, з якімі сутыкаецца кожная ў падобнай сітуацыі і да якіх проста немагчыма падрыхтавацца.

Але ва ўсіх тэкстах чуваць пратэст: супраць абставін, якія не пакінулі выбару. Гэтыя абставіны выкручваюць жанчынам рукі, і вядома, што яны дадуць рады, але як важна ўшанаваць іх адвагу і стойкасць.

Псіхалагічны аналіз, змешчаны пасля гісторый, дадае выразнай глыбіні і сістэмнасці погляду на тое, што і якой цаной даводзіцца пераадольваць жонкам палітвязняў.

Кніга выклікае шмат пачуццяў і самарэфлексіі, бо ў рэшце рэшт яна не толькі і не столькі пра турму і рэпрэсіі, колькі пра ўсіх нас, нашых жанчын, нашае грамадства, нашыя сем’і, стасункі, дзяцей. Кожны ці кожная знойдзе тут нешта пра сябе ці для сябе.

Прадмову да кнігі напісаў нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, а водгукі — іншыя вядомыя былыя палітвязні.

«Прачытанне гэтай кнігі зрабілася для мяне асабістым досведам, бо я, на жаль, нават не ўяўляў, праз што праходзілі мая жонка і мае дзеці кожны дзень, змагаючыся за мяне, стоячы ў чарзе па перадачу, чакаючы кожнага расчуленага званка, робячы хатняе заданне і будуючы жыццё ў эміграцыі, каб было куды цяпер нам вяртацца разам», — напісаў Уладзь Лабковіч, праваабаронца і былы палітвязень.

Павал Мажэйка, журналіст і былы палітвязень назваў кнігу па-спапраўднаму таленавітай: «Як чалавек, які доўгія гады працуе са словам, я па-добраму зайздрошчу публіцыстычнаму таленту аўтаркі: уменню слухаць, адчуваць гераінь, не заганяць іх у загадзя падрыхтаваныя шаблоны, знаходзіць адпаведную інтанацыю. Чытаючы кнігу, я бачу гэтых жанчын, я нібыта гляджу дакументальную хроніку чалавечага пекла».

Вольга Вялічка, грамадская актывістка, літаратарка і стваральніца сістэмы паліятыўнай дапамогі ў Гродне, тлумачыць канцэпт новага выдання: «Гэтая кніга прысвечана жонкам беларускіх палітвязняў, але, працуючы над ёй, я ўсё часцей лавіла сябе на думцы, што насамрэч яна пра нешта большае. Пра беларускіх жанчын увогуле. Пра тое, як пакаленне за пакаленнем мы атрымліваем ў спадчыну не толькі сямейныя гісторыі, але і спосаб перажываць боль, пераносіць страты, захоўваць маўчанне і працягваць жыць нават тады, калі жыццё здаецца разбураным. За апошнія гады я працавала больш як з шасцідзесяццю жонкамі беларускіх палітвязняў. Я слухала іх гісторыі, назірала, як змяняецца іх жыццё пасля арышту мужоў, як яны вучацца жыць у новай рэальнасці, як перажываюць вызваленне і разумеюць, што яно не становіцца фінальнай кропкай. Бо вяртанне чалавека дадому не азначае вяртання ранейшага жыцця. Разам з чалавекам у сям’ю вяртаюцца перажытая траўма, маўчанне, страхі і неабходнасць зноў вучыцца быць побач. Мне вельмі хочацца, каб гэтая кніга была прачытаная не толькі як кніга пра палітвязняў. Мне хочацца, каб яна стала кнігай пра нас саміх. Пра тое, што адбываецца з грамадствам, калі гвалт становіцца нормай. Пра тое, як маўчанне перадаецца ад пакалення да пакалення разам са страхам і як цяжка разарваць гэты ланцуг».

Набыць кнігу можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий