У Польшчы падчас фестывалю ўкраінскага кіно пакажуць беларускія фільмы
Reform.news · 3 ноября 2026, 14:36
https://reform.news/u-polshchy-padchas-festyvalju-krainskaga-kino-pakazhuc-belaruskija-filmy/У Польшчы праходзіць 11-й фестываль украінскага кіно, у праграме якога запланавана і беларуская секцыя.
Сёння, 3 лістапада, у 18:00 у Kino Atlantic пакажуць «Казку» Якуба Станкевіча, фільм пра падляшскага мастака, які пераносіць на палатно раны беларускай гісторыіі, і правакацыйную сатыру з чорным гумарам «Barbie.ru» Андрэя Кудзіненкі — пра сутыкненне поп-культурных міфаў і ўяўленняў пра ідэальны свет з жорсткай рэчаіснасцю Усходняй Еўропы. Квіткі можна набыць тут.

4 лістапада у 18.00 у Kino Atlantic пройдзе аўтаіранічная і пяшчотная гісторыя пра беларускую дыяспару «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі. Квіткі тут.
Фільмы ідуць у арыгінальнай моўнай версіі (беларуская, руская; у «Казцы» таксама польская) з польскімі субтытрамі.
***
11 кінафестываль Ukraina! Festiwal Filmowy пачаўся ў Варшаве 2 лістапада. Падчас яго плануецца паказаць каля 50 найноўшых мастацкіх, дакументальных, анімацыйных і кароткаметражных фільмаў. Паказы запланаваны ў 12 гарадах.
Нягледзячы на поўнамаштабную вайну, украінская кінавытворчасць працягвае развівацца, у прыватнасці дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву і прыцягненню замежнага фінансавання.
Дырэктарка кінафестывалю Беата Бяронская-Лях расказала журналістам, што яна штогод хвалюецца, ці будзе дастаткова ўкраінскіх стужак, ці будзе што паказваць на чарговым фэсце. «Баюся, што ва ўмовах вайны кінавытворчасць спыніцца… аднак мае асцярогі апынуліся марнымі: украінскія фільмы ствараюць. Калі не непасрэдна ў Украіне, узнікае вельмі шмат міжнародных капрадукцый. Украінскія кінематаграфісты пачалі шукаць грошы за мяжой, і гэта ўдаецца. Ёсць нямала фондаў, якія фінансуюць украінскае кіно», – падкрэсліла Бяронска-Лях.
Паводле яе слоў, у праграме фестывалю, у прыватнасці, будуць польска-ўкраінскія і нямецка-ўкраінскія сумесныя праекты. У конкурсную праграму ўвойдуць восем поўнаметражных мастацкіх, дзевяць дакументальных і 23 кароткаметражныя стужкі. Запланаваны паказы дзіцячага кіно і асобная секцыя беларускіх фільмаў.
Кінапаказы працягнуцца да сярэдзіны снежня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
