Фота: facebook/PrzegladSztukiSURVIVAL
У Вроцлаве ў межах выставы «Клініка агульных уяўленняў» — у самай сапраўднай старой закінутай клініцы — можна ўбачыць праект Анастасіі Рыдлеўскай «Дэзінтэграцыя».
Інсталяцыя Анастасіі Рыдлеўскай складаецца з каскадаў тэкстыльных галоў, пашытых з натуральных матэрыялаў і фрагментаў адзення, прывезеных з Беларусі і набытых ужо пасля эміграцыі мастачкі ў Польшчу. Аб’екты, што звісаюць са столі, нагадваюць постаць, якая страціла цэласнасць і існуе ў фрагментах.
Назва працы адсылае да тэорыі пазітыўнай дэзінтэграцыі, сфармуляванай польскім псіхолагам Казімежам Дамброўскім. Згодна з ёй, крызіс, то-бок распад вобраза сябе ці страта пачуцця стабільнасці не абавязкова азначаюць паразу або паталогію, але могуць быць неабходнымі этапамі развіцця. Чалавек распадаецца дзеля таго, каб наноў скласці сваю існасць у больш шматвымерную і аўтэнтычную форму.
У навушніках гучыць напісаны і рэцытаваны мастачкай верш. Рыдлеўская на працягу некалькіх гадоў жыве ў Польшчы, да таго ж вольна валодае некалькімі мовамі, але яе беларускі акцэнт застаецца лёгка пазнавальным.
Аўтарка звяртае ўвагу на досвед фрагментацыі існасці, які часта суправаджае асоб у эміграцыі. Замест таго каб быць успрынятай як складаная і поўная асоба, Рыдлеўская застаецца «мігранткай» – накшталт таго, як чалавек з псіхіятрычным дыягназам бывае зрэдукаваны да хваробы, на якую пакутуе. Пра першым знаёмстве «карэнныя» жыхары засяроджваюцца не на тым, кім з’яўляецца мастачка, а на разрозненых элементах – на тым, адкуль яна паходзіць, як гучыць яе акцэнт, чаму яна прыбыла ў Польшчу ці які мае афіцыйны статус.
Шаптаны тэкст раскрывае тое, чаго не убачыш з першага погляду – індывідуальную гісторыю, эмоцыі і перажыванні, якія не падпадаюць пад простае асэнсаванне. Дэзінтэграцыя распавядае такім чынам не пра распад як канец, але пра працяглы працэс перамоваў уласнай існасці паміж мовамі, месцамі і сацыяльнымі ўяўленнямі.
Выставу «Клініка агульных уяўленняў» з працамі васьмі мастакоў падрыхтавала куратарская каманда: Магдалена Басак і Міхал Бенек. У працы над выставай яны кіраваліся неабходнасцю будаваць супольнасць праз клопат, спачуванне і паразуменне. Вывучаючы, як культура, мова, сродкі масавай інфармацыі і гісторыі фармуюць нашы ўяўленні пра іншых людзей, яны вырашылі стварыць выставу, якая распавядае пра крыніцы стэрэатыпаў і пра магчымасці іх разбурэння.
Абяцаюць, што выстава будзе працаваць па адрасе Bujwida 44 цэлы год.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram