Ад топавых івентаў да квізаў: BELPOL паказаў, як зачышчаюць івент-рынак Беларусі

Хваля адменаў інтэлектуальных гульняў у Гродне агаліла рэальны механізм цэнзуры, які зараз пануе на беларускім івент-рынку. Апублікаваная ініцыятывай BELPOL справаздачнасць Мінкульта для Адміністрацыі прэзідэнта паказвае, як на справе працуе фільтрацыя арганізатараў мерапрыемстваў і па якіх крытэрах спецслужбы «блытаюць ногі» культурным брэндам і простым прамоўтарам. Перад чытачамі тыя фармуліроўкі, з якімі, верагодна, сутыкнуцца і арганізатары квізаў.

Статыстыка зачысткі

Паводле ўнутраных дакументаў Мінкульта (на пачатак 2023 года), з 1437 заявак ад арганізатараў кожная чацвёртая (269) атрымала адмову. Больш за тое, з рэестра правамоцных арганізатараў адразу выкрэслілі 18 кампаній.

Галоўнай зброяй рэжыму стаў п. 1 арт. 81 Кадэкса аб культуры (са зменамі 2022 года). За афіцыйнымі фармуліроўкамі хаваецца прамая палітычная цэнзура:

  • 36% адмоваў — на падставе сакрэтных лістоў ад КДБ.
  • 17,4% адмоваў — з-за адсутнасці даведкі пра правапарушэнні (праверка на ўдзел у пратэстах).
  • 13,7% адмоваў — прамы «бан» за подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў альбо падпісанне адкрытых лістоў.
  • 14% адмоваў — фармулёўка пра «дэструктыўную грамадскую пазіцыю».
Фрагмент апублікаванага Belpol дакумента. Скрыншот з сайта.

Пад забарону — ад зорных агенцтваў да гродзенскіх фондаў

Злітавая табліца Мінкульта паказвае, што праверкі па базах спецслужбаў выглядаюць наступным чынам.

Напрыклад, за «падпісанне адкрытага ліста дзеячоў культуры супраць дзеючай улады» пад забарону патрапіла ААТ «Юлия Грибалева Продакшн» (адна з найбольш вядомых арганізатарак вяселляў у краіне ) і фестывальныя прамоўтары ААТ «Стерео Уикенд».

Кампаніям ААТ «ФудКонцепт» і ААТ «Концерт-Бюро “КБ”» адмовілі праз тое, што іх кіраўнікі прыцягваліся да адказнасці за «парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў» (удзел у пратэстах) — за «народны» артыкул 24.23 КаАП.

Вельмі часта ў спісе сустракаюцца прамыя наводкі КДБ  — так, увялі бан для ААТ «ТДИ ПРОМОИВЕНТ» з жывой пазнакай у дакуменце — «інфармацыя КДБ».

Адмовы атрымліваюць нават мясцовыя грамадзскія ініцыятывы, такія як «Мясцовы дабрачынны фонд захавання і развіцця Лютэранскай спадчыны ў Гродне».

Што цікава, пакутуюць нават афіцыйныя структуры — «Беларускаму саюзу музыкальных дзеячоў» адмовілі праз адсутнасць выпіскі пра правапарушэнні кіраўніка.

Пасля таго як паб-квізы прыраўнялі да «культурна-выдовішчных мерапрыемстваў», кожны арганізатар, вядучы і заснавальнік інтэлектуальных гульняў трапіў пад гэта ж палітычнае сіта.

Дакументы BELPOL даводзяць: паўза ў правядзенні гульняў — гэта не бюракратычная накладка, а вынік сістэмнай палітычнай фільтрацыі, дзе падпіс 2020 года альбо адміністрацыйны штраф ставяць крыж на любой публічнай дзейнасці.

Фрагмент апублікаванага Belpol дакумента. Скрыншот з сайта.

 

Фрагмент апублікаванага Belpol дакумента. Скрыншот з сайта.

Кантэкст: што і калі адбылося з гродзенскімі квізамі

У пачатку жніўня 2026 года ўлады Гродна прыраўнялі інтэлектуальныя гульні да масавых мерапрыемстваў. Арганізатараў абавязалі за 15 дзён да гульні падаваць у выканкам заявы з пералікам мэт, месцаў і асабістых даных удзельнікаў, а таксама атрымліваць гастрольныя пасведчанні і знаходзіцца ў Рэестры Мінкульта.

Гэта выклікала імгненную рэакцыю: пра скасаванне жнівеньскіх гульняў адна за адной абвясцілі папулярныя франшызы — «VSпомнить VSё», «Смузи», «Мозгобойня», «Туц-Туц», «Угадай мелодию» і «Матрешка».

На гэты момант рынак адаптуецца нераўнамерна: пакуль «Мозгобойня» пачала афармляць дазволы і з сярэдзіны жніўня вяртаецца да гульняў, іншыя праекты дагэтуль застаюцца ў паўзавешаным стане. Тым часам у івент-сферы баяцца, што гродзенскі прэцэдэнт тотальнага кантролю хутка пашыраць і на іншыя гарады Беларусі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!