У Вільні прайшла прэзентацыя кніжкі «Гайд палітзняволення» з турэмнымі малюнкамі і парадамі
Reform.news · 27 ноября 2025, 19:17
https://reform.news/u-vilni-prajshla-prjezentacyja-knizhki-gajd-palitznjavolennja-z-turjemnymi-maljunkami-i-paradami/Прэзэнтацыя кніжкі «Гайд палітзняволення» адбылася 27 лістапада ў амбасадзе Нарвегіі ў Літве, піша «Радыё Свабода».
Кніга — калектыўны твор ініцыятывы «Праект 361.1», які заснавалі беларускія ўцекачы ў Еўразвязе. Выпуск прафінансавала Нарвежская амбасада ў Літве.
Выканаўца абавязкаў амбасадара Ларс Крыстэнсэн на прэзэнтацыі назваў вельмі важнай місію салідарнасці еўрапейцаў з беларусамі, якія змагаюцца за дэмакратыю ў сваёй краіне. Дыпламат прадставіў гасцям беларуску Марыну, якая прыдумала стварыць у такой незвычайнай форме кніжку пра беларускія вязніцы і суправадзіць яе карыснымі парадамі ад былых вязняў.

«Праз шчырыя малюнкі, фрагменты думак і маўклівы пратэст гэтая кніга паказвае рэдкі, неўпрыгожаны погляд на жыццё за кратамі. Яна захоўвае тое, што афіцыйная гісторыя спрабуе сцерці — галасы тых, хто быў пакараны за праўду і мірны супраціў», — паведамляе анатацыя выдання.
Большасьць стваральнікаў «Гайда палітзняволення» пакуль працуе пад выдуманымі нікамі. Аўтар тэксту — Маўклівы Мішка, дызайнэр — Сонная Янотка, псіхолаг — Веснавы Дожджык.
Назва кнігі пазначае артыкул Крымінальнага кодэксу Беларусі, па якім караюць за прыналежнасць да экстрэмісцкай арганізацыі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
