Фестываль кароткаметражных фільмаў «Нефільтраванае кіно», адменены сёлета па «рэкамендацыі» Міністэрства культуры, ладзіць у Вільні паказы сваіх праграм. У прасторы CreateCulture Space па вуліцы Кармеліта, 5 і Ideas Block па вуліцы Гоштаўта, 11 сёння, заўтра і паслязаўтра можна паглядзець тры адмысловыя кінаблокі, створаныя камандай фэсту.
Так, сёння (20 ліпеня), у Ideas Block будзе дэманстравацца праграма відэаарту.
Заўтра, 21 ліпеня, у CreateCulture Space пакажуць праграму «Frontline».
«Ці здольны кінематограф адлюстраваць сучаснасць у цяжкія часы гуманітарных катастроф і войнаў? Што сёння можа выканаць ролю авангарду ў гэтым мастацтве?», — так гучыць анатацыя да гэтага блоку.
22 ліпеня. Ideas Block і сеанс найлепшых кароткаметражак фэсту.
«Сёлета актуальнасць наратываў, у тым ліку кароткаметражных фільмаў, вызначаецца адносінамі паміж людзьмі. Рызыка дэгуманізацыі вышэйшая, чым калі-небудзь, — анансуе праграму «Няфільтр». — У сувязі з гэтым у праграму фестываля 2023 года ўвайшлі творы з вострымі пытаннямі і канфліктамі, якія суправаджаюцца супрацьстаяннем, эксплуатацыяй і адчужэннем. Пры гэтым практычна кожны фільм у праграме ўяўляе сабой асобнае вымярэнне цуду.
Нешта найвышэйшае і непадуладнае рацыянальнаму тлумачэнню акружае герояў і становіцца часткай іх паўсядзённага жыцця. Нешта звышнатуральнае можа паўстаць у выглядзе казачнай жывёлы або таямнічага савецкага афіцэра, прывіда, фантомаў, геннай інжынерыі або апакаліпсісу.
Пошук чалавекам свайго месца і мэты на зямлі ў адносінах да вышэйшага парадку з’яўляецца самым ядром праграмы», — прадстаўляюць канцэпцыю блоку арганізатары.
Час пачатку сеансаў ва ўсе дні — 19.00. Уваход — free donation.
Нагадаем, што фестываль «Нефільтраванае кіно» з’явіўся як адгалінаванне міжнароднага кінафестывалю кароткаметражнага кіно Сinema Perpetuum Mobile дзевяць гадоў таму і праводзіўся ў Мінску на розных пляцоўках. Дзявяты незалежны кінафорум, што спецыялізуецца на неканвенцыйным кіно, павінен быў прайсці 24 – 26 сакавіка ў Мінску, аднак Міністэрства культуры адмяніла яго. Такім жа чынам быў забаронены кіналекторый, які ладзіў фестываль ужо пасля адмены форуму.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: