У Вільні абмяркуюць актуальнасць спадчыны Ханны Арэнт для сучаснай Беларусі

16 красавіка ў Інстытуце міжнародных адносін і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта адбудзецца дыскусія «Словы Ханны Арэнт для сённяшняга свету». Нагодай для сустрэчы стаў выхад новага зборніка эсэ палітычнай філосафкі ў перакладзе на беларускую мову ад выдавецтва«Пфляўмбаўм».

Мерапрыемства, арганізаванае Гётэ-Інстытутам сумесна з «Пфляўмбаўм», засяродзіцца на тым, як інтэлектуальная спадчына Арэнт дапамагае асэнсоўваць сучасныя выклікі, досвед выгнання і захаванне здольнасці да дзеяння ва ўмовах «цёмных часоў».

У дыскусіі прымуць удзел:

Мары Луіз Кнот (Германія) — вядомая літаратурная крытык і выдавец, адна з вядучых экспертак па спадчыне Ханны Арэнт. Яна даследуе, як думкі Арэнт дапамагаюць пераадольваць інтэлектуальныя клішэ і заставацца свабоднымі ў сваіх меркаваннях.

Доктар Вольга Шпарага (Беларусь) — беларуская філосафка, кандыдатка філасофскіх навук, чые працы прысвечаны сучаснай культуры, палітыцы і фемінізму. Вольга з’яўляецца важным голасам беларускай інтэлектуальнай супольнасці ў выгнанні.

Доктар Сімас Чэлутка (Літва) — філосаф, выкладчык Віленскага ўніверсітэта, які спецыялізуецца на палітычнай філасофіі і этыцы.

Мары Луіз Кнот падкрэслівае:

«Сіла пісьма Ханны Арэнт заключаецца менавіта ў яго здольнасці парушаць традыцыйныя мадэлі мыслення, ставіць пад сумнеў пэўнасць і пастаянна заклікаць нас думаць самастойна. Яе голас будзе заставацца актуальным усюды, дзе людзі змагаюцца за свабоду, адказнасць і «адвагу публічнай прасторы»».

Тэксты для новага беларускага выдання падбіраліся выдавецтвам «Пфляўмбаўм» з улікам іх рэлевантнасці сучаснаму кантэксту Беларусі. Падчас размовы спікеры закрануць тэмы асабістай адказнасці, мовы і магчымасці палітычнага дзеяння сёння.

Час і месца падзеі: 16 красавіка, 18:00. Вільня, Vokiečių 10, аўд. 402.

Мовы: англійская і нямецкая (з сінхронным перакладам на беларускую).

Уваход вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!