Больш за віншаванне: як велікодная паштоўка яднае беларусаў праз стагоддзі і краты

Як віншавалі і віншуюць беларусы адзін аднога з Вялікднём? Сабралі для вас асаблівую візуальную падборку — ад рэтра-паштовак паваеннай эміграцыі, што захоўвалі сувязь з домам праз акіян, да сучасных кадраў беларускіх фатографаў і сямейных рэліквій, як рушнік бабулі на здымку Валярыны Куставай.

Повязь часоў

Liusterka Vilnia падзялілася ў сацсетках невялікай падборкай паштовак паваеннай эміграцыі.

Гэтыя выявы паходзіць з архіваў Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БІНІМ) — найстарэйшай навуковай установы беларускай эміграцыі, заснаванай у 1951 годзе ў Нью-Ёрку. Дзесяцігоддзямі БІНІМ збіраў па крупінках тое, што на радзіме магло быць знішчана ці забыта.

Звярніце ўвагу на правапіс: надпіс «Уваскрэсьне Беларусь!» зроблены класічнай «тарашкевіцай» з захаваннем мяккага знака.

Фота: сацсеткі Liusterka Vilnia.
Фота: сацсеткі Liusterka Vilnia.
Фота: сацсеткі Liusterka Vilnia.

Яшчэ адным цікавым рарытэтам падзяліўся Літаратурный Музей Максіма Багдановіча.

Можна зрабіць здагадку, што выява была выпушчана ў перадрэвалюцыйную эпоху — пра гэта сведчаць напісанне праз «ѣ» (яць) і «ъ» на канцы слоў, да рэформы правапісу 1918 года.

Сюжэт з дзіцем, якое вылупляецца з яйка, быў вельмі папулярны ў тагачаснай Еўропе (асабліва ў Германіі і Францыі). Тое, што такая паштоўка апынулася ў беларускім кантэксце, кажа пра інтэграванасць нашай тагачаснай культуры ў агульнаеўрапейскія трэнды.

Магчыма, падобныя віншаванні атрымлівала і сям’я Максіма Багдановіча.

Фота: Музей Максіма Багдановіча.

Сімвалічная светлапіс

А цяпер — да сучасных віншаванняў.

Вядомы фатограф Вадзім Качан падзяліўся ў сацсетках фотаздымкам-віншаваннем з яйкамі-пісанкамі.

«Ім ужо 36 гадоў! Яны не драўляныя, а сапраўдныя, распісаныя сырымі і захаваныя ад часу, што «муміфікаваліся», — падзяліўся знаходкай майстар.

Нагадаем, пісанка — гэта старажытны спосаб роспісу велікодных яек гарачым воскам і фарбамі, дзе кожны арнаментальны знак быў не проста дэкорам, а сапраўдным магічным пасланнем з пажаданнямі здароўя, дабрабыту і адраджэння жыцця.

На левай пісанцы ад Вадзіма Качана знаходзіцца геаметрычны, арнаментальны роспіс, заснаваны на сімволіцы крыжа і сонца.

А вось на правай — фігуратыўны, амаль наіўны жывапіс, дзе мы бачым стылізаваную фігуру каня (або аленя) сярод кветак і галінак.

Фота: Вадзім Качан.

Не абышлі ўвагай у аглядзе і нацюрморт ад фотамастака Валерыя Вядрэнкі.

Калі пісанкі Вадзіма Качана — гэта гісторыя, то праца Валерыя Вядрэнкі — гэта чыстая філасофія. Белы аркуш паперы, нібы нябесны купал, ахінае сімвалы свята. Тут няма мітусні, толькі святло, якое выхоплівае з цемры самае важнае.

 

Фота: Валерыя Вядрэнкі.

Таксама далучым да падборкі вясновае, поўнае паветра і кветак, віншаванне ад фатографаў Юліі Лейдзік і Яўгена Канаплёва.

Фота: Юлія Лейдзік, Яўген Канаплёў.

Жывыя сведчанні

А вось гэты верш і паштоўка — сэрца нашай падборкі. Твор «Прамень-сведка» быў напісаны Аксанай Ючкавіч у велікодныя дні 2024 года, калі яна сама знаходзілася ў зняволенні ў Жодзіна. Гэтым вершам, у якім Любоў і Вера аказваюцца «хутчэй святла і мацней муроў», Аксана павіншавала вернікаў з Вялікднём.

«Прамень-сведка»

— Я першым быў, хто Цуд убачыў,
Я першым быў, хто сведкам стаў,
Сваю зраблю я справаздачу,
Як Езус з мёртвых паустаў!
У тыя першыя хвіліны,
Я ўраз у шчыліну слізнуў,
Трыумф тае пустой магілы
Я ўсім святлом сваім адчуў!
Камень, скала і плашчаніца
Не мелі ад здзіўлення слоў,
Хацеў нясціпла я хваліцца,
Што першым я Хрыста знайшоў,
Ды не паспеў і я заўважыць,
Як Бог устаў і зноў пайшоў,
Хутчэй святла быў, не іначай,
Мацней муроў і кайданоў! –
Дзівіўся, не змаўкаў наш промень,
Далей ірваўся і ляцеў:
— Хрыстос жыве, Любоў на волі,
Каб чалавек надзею меў!

Таксама верніца падзялілася паштоўкай ад сяброўкі Ксюшы С., з якой яны былі разам у Жодзіна. Цяпер, адзначае Аксана, яны ўсё роўна побач, «толькі іншыя абставіны».

Фота: Аксана Ючкавіч.

Завяршаем нашу галерэю віншаваннем і фотаздымкам ад тэлевядучай і літаратаркі Валярыны Куставай. Паэтка ў сваім звароце піша ад імя ўсіх, хто знаходзіцца ў выгнанні. Яна нагадвае: эміграцыя не можа зламаць таго, хто трымаецца за свой Род.

«З усеахопнай цеплынёй і ўдзячным трымценнем бяру сёння ў рукі: кошык бабулі Валі, у які яна збірала вішні ў сваім садзе, напяваючы «Зялёны дубочак». Ручнік, уручную вышыты прабабуляй Усцінняй — мудрай ахоўніцай роду. Яйкі, фарбаваныя так, як і сто гадоў таму ў маёй сям’і — цыбулёвым лушпіннем. І свечка — з Бэтлеема, куды яшчэ шкаляткам вандравала з бацькамі, каб прасіць святла для сваіх любых і для Беларусі.

Гэта не проста рэчы і ўспаміны. Гэта тое, што трымае. Тая памяць, якую хочацца абавязкова перадаць дзецям і нашчадкам — каб трымаць за руку праз гады і стагоддзі, як і мяне трымае і падтрымлівае мой род.

Хрыстос Уваскрос!
І Беларусь уваскрэсне», — упэўнена творца.

Фота: Валярыны Куставай.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!