«Гэта праграма знішчэння ўсяго беларускага»: дзеячы культуры выказваюцца пра закрыццё культавых брэндаў

За апошнія тыдні стала вядома пра скасаванне фестывалю гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд», забарону святкавання Купалля ў беларускай вёсцы Лятохі пад Віцебскам, а таксама закрыццё культавых крамаў этна-тавараў Honar, LSTR Adziennie і Ragna. Беларускія дзеячы культуры мяркуюць, што гэтыя падзеі — не выпадковыя, а сведчаць пра паслядоўную дзяржаўную палітыку знішчэння ўсяго, што звязанае з нацыянальнай культурай і ідэнтычнасцю.

«Закрыццё беларускіх брэндаў і адмена культурных падзей — не выпадковыя эпізоды, а праява доўгатэрміновай палітыкі культурнай каланізацыі, — мяркуе кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін. — Прастора для беларускай культуры мэтанакіравана звужаецца, а нацыянальныя ініцыятывы паступова выцясняюцца расійскім або ідэалагічна кантраляваным кантэнтам…. Культурныя імпрэзы патрэбныя пра любой уладзе. Натуральна, што расейская культура – не тое апірышча, якое гарантуе чыноўнікам утульнае месца. Ідзе змаганне ўнутры ўладных колаў, але перамагае расейскае лобі. Аднак нягледзячы на ціск, попыт на беларускую культуру не знікае. Наадварот, грамадства працягвае шукаць магчымасці захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць нават у самых складаных умовах».

Адказная за напрамак культуры ў Прадстаўніцтве па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Ірэна Кацяловіч упэўненая, што за закрыццём беларускіх брэндаў стаіць не cтолькі эканамічны ціск, колькі паслядоўнае вынішчэнне бачных знакаў беларускай ідэнтычнасці. «Беларусь здае чарговыя пазіцыі перад паўзучай русіфікацыяй: закрыццё брэндаў LSTR, Ragna і Honar пакідае беларусам менш магчымасцяў пазначаць, што яны ўсведамляюць сябе беларусамі, а не часткай расейскамоўнага свету, — адзначае Ірэна Кацяловіч. — Ва ўмовах такой агрэсіўнай і сістэматычнай русіфікацыі з боку Расеі гэта вельмі небяспечна — сярод іншага перакрываць знакі самаідэнтыфікацыі на нізавым узроўні. Аднак у Беларусі, на жаль, гэта стала звыклай справай, і я толькі спадзяюся, што забароны справакуюць яшчэ большую прыхільнасць да нацыянальных матываў і іх інтэграцыі ў штодзённасць».

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі ў эфіры тэлеканала «Белсат» патлумачыў, што «Беларусь рыхтуюць пад нейкі аншлюс, і ўсе дзеянні ўладаў сёння б’юць па падмурку нацыянальнай традыцыі і культуры… Ніхто не будзе тлумачыць прычыну, але мы жывем у краіне, дзе ўсе ўсё разумеюць».

Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі назваў апошнія падзеі «чарговым крокам па русіфікацыі Беларусі, які праводзіцца рукамі беларускіх уладаў. Вядома, гэта праграма знішчэння ўсяго беларускага, якая працягваецца больш за 200 гадоў. Так рэжым паказвае сваю несамастойнасць і поўную залежнасць ад імперскіх наратываў, як у галіне прыкладнога мастацтва, так і ўсяго, што звязана з візуалізацыяй беларускай культуры».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!