Культавы паэт-інтраверт Віталь Рыжкоў адпраўляецца ў вялікі восеньскі тур. 2 кастрычніка флагман беларускага «прагрэсіўнага хіп-хопу» выступіць у Вільні з паэтычным стэндапам «Прэзентацыя».
Пачнецца турнэ літаратара, перакладчыка і рэпера ANGST у адной асобе ў Літве.
Далей на мапе будучых выступаў: Польшча, Германія, Чэхія, Аўстрыя, Нідэрланды, Эстонія, Кіпр, Швецыя, Нарвегія і Данія.
Фармат выступу, які творца сфармаваў як «паэтычны стэндап», — гэта сапраўднае шоу, дзе паэт злучае літаратурную творчасць з элементамі гумару, асабістымі гісторыямі і непасрэдным дыялогам з публікай. Віталь ламае стэрэатып, што размова пра паэзію — гэта пра нешта сумнае і залішне сур’ёзнае.
Паміж тым, у даробку паэта — дастаткова сімвалічнага капіталу, каб прэтэндаваць на культавы статус.
Пераважна Віталь Рыжкоў атрымаў яго пасля выхаду зборніка паэзіі «Дзверы, замкнёныя на ключы» — кнігі, якая пацвердзіла з’яўленне ў беларускай літаратуры новага і неардынарнага аўтара. Невыпадкова гэты зборнік быў узнагароджаны прэміяй «Дэбют» імя М. Багдановіча.
Віталь Рыжкоў таксама з’яўляеца аўтарам перакладу на беларускую мову кніг Віктара Марціновіча — «Сфагнум», «Возера радасці» і «Рэвалюцыя». Песні на вершы Рыжкова і ягоныя пераклады тэкстаў выконваюць такія выканаўцы, як: Nizkiz, Глюкі, BarRokka, Zatoczka, Пані Хіда, спявачка і аўтарка Ганна Хітрык ды іншыя музыкі. Віталь з’яўляецца перакладчыкам на беларускую твораў Сяргея Жадана, Майкла Сэлінджэра, Уістана Х’ю Одэна, Рычарда Бротыгана, Уладзіміра Маякоўскага, Тэйлара Мэлі…
Таксама паэт вядомы як рэп-выканаўца Angst і ўдзельнік гурта Belaroots. Нядаўні сінгл Angst у сеціве — кампазіцыя «Прагноз» спалучае музычную тэму «Прагноз надвор’я» з беларускага тэлебачання з палымяным, жорсткім беларускамоўным рэпам пра экзістэнцыйны бег.
Паэт увесь час узбагачае беларускую моўную прастору нечаканымі праектамі.
Reform.news меў сёлета вялікую размову з аўтарам і прапануе пазнаёміцца з яго думкамі і развагамі.

«Мне было гадоў дванаццаць, і я неяк адразу прыняў хіп-хоп, як толькі яго пачуў. Не «death-metal», які слухаў мой старэйшы брат, не «grunge» — многія тады хадзілі ў байках з выявай пакойнага Курта Кабэйна. А я пачуў рэп і зразумеў: «А вось гэта для мяне».
«Калі ўжо пасля паэзіі я вярнуўся ў рэп-эксперыменты, выявілася, што ў ім не так і шмат каштоўнаснай і мастацкай інфармацыі, як мне падавалася малому. І таму рэп стаў для мяне хутчэй калялітаратурным хобі — практычнай магчымасцю ўвасобіць некаторыя прыёмы, розныя спосабы рыфмоўкі і падбор словаў.
Мяне захапляла ўсё гэта — полірыфмія, сугуччы, перанос націскаў. Гэта сталася для мяне магчымасцю пачаць развіваць сваю паэтыку ў гэты бок. Бо ў рэпе шмат асананснай рыфмоўкі, якая была не дужа ўласцівая для нашай традыцыйнай і традыяналісцкай паэзіі».
«Ганста-рэп» не можа з’явіцца ў інтэлігентаў і інтэлектуалаў, якія дбаюць пра тое, каб беларуская мова не знікла. Начытаўшыся Купалу і Коласа, натхніўшыся беларускай паэзіяй і беларускай музыкай, беларускі рэпер кшталту мяне натуральным чынам трапляе выключна ў «прагрэсіўны хіп-хоп».
«Разважаючы пра сябе, пра людзей, адзначаючы нейкія ментальныя і моўныя асаблівасці беларусаў, я разважаю, адкуль гэта пайшло і чаму мы такія. Сапраўды, з якой прычыны ў беларускай мове сінонімаў да слова «гора» больш, чым у расійскай мове? Адкуль гэта пайшло, калі разважаць не з пункту гледжання гісторыі беларускай мовы, а з боку метафізікі?».
«Прагрэсіўны хіп-хоп — гэта ўжо з’ява інтэлектуальнай часткі афраамерыканскага грамадства. Калялітаратурная цацка для інтэлектуалаў і неабыякавых людзей гэтай культуры, якія рэфлексуюць і пішуць песні аб праблемах грамадства, пра свае пачуцці і месца ў свеце.
Кендрык Ламар акурат і з’яўляецца адным з флагманаў «прагрэсіўнага хіп-хопу», і ён, на секундачку, мае Пулітцэраўскую прэмію. Гэтую прэстыжную атрымлівалі не абы-якія пісьменнікі, імёны якіх мы ведаем — Хэмінгуэй, Харпер Лі, Сільвія Плат, Кормак Маккарці…».

«Часам узнікае ўражанне, што ў беларускай паэзіі я ўспрымаўся як рэпер, а ў рэпе мяне ўспрымаюць як паэта. Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх. Не так даўно атрымаў сумнеўны камплімент ад паэта: «Добра, што ты перастаў пісаць паэзію, перайшоў у рэп, ён у цябе добра атрымліваецца». А рэперы ў мяне запытваюць:«У цябе так добра атрымлівалася паэзія, чаму ты прыйшоў у рэп? Ідзі пісаць паэзію, чытаць і гайдаць публіку ты ўсё роўна не ўмееш». Вось такі парадокс майго жыцця».
Час і месца сустрэчы ў Вільні — 2 кастрычніка, 19:30, Paviljonas, Vilnius. Набыць квіткі тут.
Далейшыя даты выступаў у Літве: 3 кастрычніка — Коўна, 6 кастрычніка — Клайпеда.
Сачыць за турам можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram