У Віцебскім музеі паказалі графічныя творы дызайнера Юрыя Тарэева — фотафакт
Reform.news · 6 апреля 2025, 21:27
https://reform.news/u-vicebskim-muzei-pakazali-grafichnyja-tvory-dyzajnera-juryja-tarjeeva-fotafakt/У Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча адкрылася персанальная выстава графікі Юрыя Тарэева. Аўтар працуе ў галіне графічнага дызайну, графікі, каліграфіі, фотаграфікі.
На выставе прадстаўлены больш за 40 плакатаў у сучаснай інтэрпрэтацыі аўтара, прысвечаных групе УНОВІС, мастакам еўрапейскага і рускага авангарду. А таксама графічныя творы, якія паказваюць шырокі дыяпазон візуальных пошукаў аўтара.

Месца выставы адпавядае характару творчасці Юрыя Тарэеева. У Віцебскім мастацкім вучылішчы з 1919 года выкладаў Казімір Малевіч з групай авангардыстаў, менавіта тут былі распрацаваны асноўныя прынцыпы авангарднага аб’яднання сцвярджальнікаў новага мастацтва — УНОВІС.

У сваёй творчасці Юрый Тарэеў відавочна натхняецца і польскай школай плаката з яе парадаксальнай мовай і свабодным формаўтварэннем вобразаў.

Аўтар эксперыментуе з сэнсамі і формамі, тэхнікамі і матэрыяламі. Яго графічныя аркушы часам нагадваюць хуткае пісьмо, настолькі спантанна і вольна нараджаюцца вобразы.
Выстава будзе працаваць да 15 чэрвеня ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча (вул. Марка Шагала, 5а)
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
